АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«У Жыткавічах за тыдзень нават здымак не зрабілі!» — сваячка хворай на каранавірус

У 58-гадовай жыхаркі Жыткавічаў дыягнаставалі каранавірус. «Дагэтуль яна тыдзень была на бальнічным. За гэты час нават здымак лёгкіх не зрабілі. У суботу яна страціла прытомнасьць, калі выйшла ад тэрапэўта. Трапіла ў рэанімацыю», — расказала пляменьніца жыхаркі райцэнтру.

«У Жыткавічах за тыдзень нават здымак не зрабілі!» — сваячка хворай на каранавірус
Пляменьніца вучыцца ў Менску. У нядзелю 22 сакавіка яна ехала з Жыткавічаў на аўтамабілі на вучобу ў сталіцу, паведамляе "Радыё Свабода".

«Патэлефанавала маці і паведаміла, што ў цёткі выявілі каранавірус. Мы яе адведвалі ў суботу ў шпіталі.

Цётка тыдзень хварэла, быў сухі кашаль, цяжкасьці з дыханьнем, ёй ставілі дыягназ „вострая рэсьпіраторная вірусная інфэкцыя“. Лепш ён не рабілася. У суботу яна пайшла на чарговы прыём да тэрапэўта ў паліклініку, скардзілася на слабасьць. Доктар сказаў: „Ну што вы хочаце, вы ж хварэеце“.

Пасьля прыёму ў тэрапэўта яна страціла прытомнасьць.

Яе паклалі ў рэанімацыю, там паставілі дыягназ „запаленьне лёгкіх“», — расказала пляменьніца.

Дзяўчына, як прыехала ў Менск, сама выклікала «хуткую». Яе завезьлі ў 6-ы сталічны шпіталь. «Узялі ўсе неабходныя аналізы, чакаю вынікаў», — дадала пляменьніца.

Яе маці і іншыя сваякі, якія кантактавалі з жанчынай, цяпер знаходзяцца ў інфэкцыйным аддзяленьні Жыткавіцкага раённага шпіталя. Іншых «кантактных» накіравалі ў Гомельскі інфэкцыйны шпіталь.

Пляменьніца дадала, што дзецям захварэлай жанчыны толькі сёньня патэлефанавалі з паліклінікі Жыткавічаў і прапанавалі зрабіць мазок. «Яны (мясцовыя мэдыкі. — РС) нават ня ведалі, што тых яшчэ учора шпіталізавалі ў Гомель!», — абурылася дзяўчына.

Як стала вядома Свабодзе, захварэлай жанчыне 58 гадоў, яна жыве ў Жыткавічах, працуе на адным з прадпрыемстваў начальніцай аддзелу кадраў.

На прадпрыемстве Свабодзе паведамілі, што на вытворчасьці ўжо тры дні праводзяць санітарную апрацоўка, з панядзелка лекары мераюць тэмпэратуру супрацоўнікам.

З словаў працадаўцы, жанчына не выяжджала за мяжу апошнім часам.

Цяпер мэдыкі высьвятляюць, як у жанчыны мог зьявіцца новы вірус.

«Жанчына не на апараце штучнай вэнтыляцыі лёгкіх, яна ў сьвядомасьці», — паведаміў БелаПАН начальнік галоўнага ўпраўленьня аховы здароўя Гомельскага аблвыканкаму Мікалай Кудзянчук.

Паводле яго, сваякоў жанчыны, а таксама ўсіх, хто кантактаваў з ёй — а гэта 42 чалавекі, у тым ліку супрацоўнікі Жыткавіцкага шпіталю, ізалявалі на карантын у шпіталях Гомля і Жыткавічаў.

Гэта другі выпадак захворваньня на COVID-19 у Гомельскай вобласьці.

Паводле апошніх зьвестак Міністэрства аховы здароўя Беларусі, у краіне зафіксаваны 81 выпадак захворваньня на каранавірус. 59 чалавек застаюцца хворымі, яшчэ 22 выпісаныя або «рыхтуюцца да выпіскі».

20:40 23/03/2020


Загрузка...
Загрузка...