АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

МЗС: на сёння ў Беларусь вярнулі больш за 3400 суайчыннікаў з усяго свету

Больш за 3400 грамадзян Беларусі ўдалося вярнуць на радзіму за апошнія дні. Такую лічбу называе прэс-служба МЗС. 


"У іх ліку група дзяцей з суправаджальнікамі з санаторыя "Беларусь" у г.Юрмала, спартыўная дэлегацыя з Малдовы, чацвёра беларусаў з круізнага лайнера "Коста Пасіфіка" і многія іншыя выпадкі", — адзначаецца ў паведамленні ведамства.

Дыпламатычная служба адзначаец, што бліжэйшым часам дапамога ў вяртанні на радзіму можа спатрэбіцца яшчэ некалькі тысячам нашых суграмадзян. 

Пры гэтым большасць вострых пытанняў ужо ўдалося вырашыць. "Наладжаная сістэмная адпраўка нашых грамадзян з Егіпта, сумесна з расійскім бокам дастаўляюцца грамадзяне з Таіланда, прапрацоўваецца эвакуацыя з Марока, вяртаюцца грамадзяне з Чарнагорыі, у транзітную схему вяртання праз Расію ўключаны аэрапорт "Пулкава". Канструктыўна вырашаюцца сітуацыі па Літве, Польшчы і Украіне", — адзначаюць у МЗС.

Працягваецца праца з Расіяй, праз якую беларускія грамадзяне могуць ляцець дадому транзітам. Як адзначаюць у дыпламатычным ведамстве, 22 сакавіка ў МУС Расіі прайшла сумесная працоўная нарада наконт транзіту беларусаў, якія прыбываюць у аэрапорт "Унукава". Як паведамлялася раней, з гэтага аэрапорта цяпер няма рэйсаў у Беларусь, а замежнікі могуць транзітам падарожнічаць праз Расію толькі ў рамках аднаго аэрапорта. На нарадзе абмяркоўвалася магчымасць перавозіць беларусаў з "Унукава" ў аэрапорты "Дамадзедава" і "Шарамеццева" (у тым ліку на дыпламатычным транспарце), альбо вывозіць іх на радзіму наземным транспартам. 

Праблемнай застаецца сітуацыя з беларусамі на Гоа. Як распавядала Еўрарадыё, беларускія турысты не могуць адтуль вылецець, бо расійскія авіяперавозчыкі адмаўляюцца браць іх на борт. 

"Ідзе актыўнае ўзаемадзеянне з расейскім бокам у сувязі з тым, што грамадзяне былі дастаўлены туды расійскімі авіяперавозчыкамі. У мэтах пошуку шляхоў вырашэння пытання сёння праведзены шэраг рабочых мерапрыемстваў на ўзроўні вышэйшага кіраўніцтва Міністэрства транспарту, а таксама па лініі Федэральнага агенцтва паветранага транспарту Расіі", — паведамляе прэс-служба МЗС. Разглядаюцца розныя варыянты, у тым ліку накіраванне дадатковых самалётаў на Гоа.

euroradio.fm
09:27 23/03/2020


Загрузка...
Загрузка...