АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

У міліцыі не прымаюць грамадзян, у гарадах адмяняюць мерапрыемствы. Як каранавірус змяніў жыццё ў рэгіёне

У Беларусі не ўводзяць каранцін, аднак жыццё жыхароў рэгіёна пандэмія каранавіруса ўсё ж змяняе. Адсочваем, якім чынам.

У міліцыі не прымаюць грамадзян, у гарадах адмяняюць мерапрыемствы. Як каранавірус змяніў жыццё ў рэгіёне

Масавыя мерапрыемствы


У Ашмянах, Смаргоні і Астраўцы ўпраўленне спорту і турызму Гродзенскага аблвыканкама адмяніла міжнародныя, рэспубліканскія, абласныя, раённыя, гарадскія і іншыя спартыўна-масавыя мерапрыемствы з удзелам дзяцей і падлеткаў. Забарона на правядзенне дзейнічае ад 16 сакавіка да 6 красавіка.

Таксама ў гэты перыяд адмяняюцца спартыўныя мерапрыемствы і вучэбна-трэніровачныя зборы з удзелам замежных спартсменаў у Гродзенскай вобласці і выезды спартсменаў і камандаў з Гродзенскай вобласці для ўдзелу ў спартыўна-масавых мерапрыемствах за мяжой.

Адмянілі дзіцячыя турніры і ў Маладзечанскім лядовым палацы.

Як паведамілі ў Мядзельскім райвыканкаме, у Мядзеле адмянілі ўрачыстае мерапрыемства да 80-годдзя раёна з удзелам старшыні Мінаблвыканкама Аляксандра Турчына. Свята планавалі на 14 сакавіка. Нагадаем, што падобныя мерапрыемствы на Маладзечаншчыне і Валожыншчыне паспелі адбыцца раней.

У Маладзечне адмянілі ўсе мерапрыемствы Тыдняў Германіі ў Беларусі, якія планавалі ў горадзе ад 23 сакавіка да 22 красавіка.

Медыцына


У Вілейскай ЦРБ прафілактычныя меры ад каранавіруснай інфекцыі таксама прынялі. Згодна з загадам галоўнага доктара Вілейскай ЦРБ ад 3 сакавіка, ад панядзелка, 16 сакавіка, у паліклініцы адмяняюцца камісіі кіроўцы, папярэднія медагляды, планавыя абследаванні – ультрагукавое, фібрагастрадуадэнаскапія, фібракаланаскапія. Час, да якога працягнецца забарона, вызначаць пазней, паведамілі ў Вілейскай ЦРБ.

Ад 16 сакавіка з’явіліся новаўвядзенні і ў Маладзечанскай ЦРБ. Тут працуе гарачая лінія і дыстанцыйны кругласутачны медыцынскі пост. Новаўвядзенні з’явіліся для таго, каб узмацніць мерапрыемствы па папярэджанні заносу і распаўсюджвання каранавіруснай інфекцыі ва ўстановах аховы здароўя.

Гарачая лінія і дыстанцыйны кругласутачны медыцынскі пост інфармуюць і кансультуюць насельніцтва на перыяд неспрыяльнай эпідэміялагічнай сітуацыі. Кантактны тэлефон – (8 176) 55 96 11. І гарачая лінія, і медыцынскі пост будуць працаваць да асобага распараджэння.

У бальніцах рэгіёна ляжаць першыя кантактныя. Чатырох памежнікаў з Каменнага Логу назіраюць у Ашмянскай ЦРБ, двух дальнабойшчыкаў – у Смаргонскай.

На сайтах ЦРБ рэгіёна з’явілася актуальная інфармацыт пра каранавірус.

Міліцыя


Кіраўніцтва Маладзечанскага РАУС часова спыніла асабісты прыём грамадзян, паведаміла афіцыйны прадстаўнік Маладзечанскага РАУС Юлія Крук.

Задаць пытанні можна па тэлефонах ва ўстаноўленыя прыёмныя гадзіны. Нумары тэлефонаў і праёмныя гадзіны глядзіце тут.

Адукацыя


У школах няма ні каранціну, ні свабоднага наведвання. На калідорах маладзечанскіх школ з’явіліся аб’явы пра тое, што трэба часцей мыць рукі з мылам і кашляць у сурвэтку або згіб локця.

Інфармацыя з некаторых інтэрнэт-парталаў пра магчымы перанос вясновых канікулаў у школах на тыдзень раней не пацвердзілася. 17 сакавіка міністр адукацыі Ігар Карпенка афіцыйна заявіў, што для пачатку канікулаў на тыдзень раней няма ніякіх падстаў. Канікулы працягнуцца ад 30 сакавіка да 4 красавіка.

Нагадаем таксама, што ўсе краіны-суседкі Беларусі зачынілі межы, а ў Мінску адмянілі масавыя мерапрыемствы, у тым ліку навучальныя трэнінгі. Таму мы і некаторыя нашы калегі – пакуль без навучання і камандзіровак.

Гандаль


Па інфармацыі Міністэрства антыманапольнага рэгулявання гандлю, значна ўзрос попыт на макарону, крупы, рыбныя, мясныя і малочныя кансервы, алей, гаспадарчае і туалетнае мыла, запалкі, туалетную паперу, чай, каву, санітарна-гігіенічныя сродкі, свежую рыбу, масла, пшанічную муку, соль, курыныя яйкі, сыр, малако, кефір, свежыя яблыкі, дзіцячае харчаванне.


Пакупнікі вымушаныя былі дакранацца да ручкі дзвярэй. Рассоўныя не працавалі. Фота РГ.
У крамах Маладзечна пустых паліц мы пакуль не назіралі.

А вось у адным з буйных гандлёвых цэнтраў Маладзечна 18-19 сакавіка не працавалі рассоўныя дзверы, якія ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі былі б вельмі дарэчы.

На ўваходах у крамах паставілі антысептыкі, якімі можна апрацаваць рукі. У некаторых – прадаўцы працуюць у масках. У некаторых крамах і гандлёвых цэнтрах павесілі аб’явы, дзе тлумачаць, што такое каранавірус і як паводзіць сябе ва ўмовах неспрыяльнай эпідэміялагічнай абстаноўкі.

А для каго каранавірус жыццё амаль не змяніў


І ўсё ж для некаторых нашых чытачоў каранавірус жыццё асабліва не змяніў. Напрыклад, для Аляксандра Дарашэвіча, што жыве на хутары на Астравеччыне.

– Жывучы ў лесе на хутары, мы заўсёды закупляемся прадуктамі на доўгі тэрмін, – кажа Аляксандр. – Купляем шмат мукі, бо хлеб пячом самі. А гарбата ў нас свая – з іван-чаю. Адчуваю пэўны дыскамфорт, нібы і мы ўключаемся ў гэту істэрыю. Увогуле, у плане прадуктаў нам прасцей, бо мы – вегетарыянцы. Тым больш, вясна прыйшла.

 

08:34 22/03/2020


Загрузка...
Загрузка...