АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Вярхоўны суд разглядае апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання

Вярхоўны суд распачаў разгляд апеляцыйнай скаргі жыхара Віцебшчыны Віктара Паўлава, якога Віцебскі абласны суд асудзіў да смяротнага пакарання.

Вярхоўны суд разглядае апеляцыйную скаргу асуджанага да смяротнага пакарання
30 ліпеня мужчыну прызналі вінаватым у забойстве дзвюх пенсіянерак, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна».

Віктар Паўлаў просіць суд змякчыць пакаранне. Асуджаны да смяротнага пакарання адзначае, што парушэнне гарантыяў справядлівага судовага разбіральніцтва пацягнула парушэнне яго права на жыццё. Падставаю для такога сцверджання, на думку Паўлава з’яўляецца той факт, што ён змог выбраць адваката толькі пасля прысуду. У апеляцыйнай скарзе таксама адзначаецца, што абвінавачаны раскайваецца і просіць змяніць прысуд з прызначэннем больш мяккага пакарання з улікам прынцыпу гуманнасці.

Апеляцыйную скаргу разглядае намеснік старшыні Вярхоўнага суда Руслан Міцкевіч і судовая калегія па крымінальных справах.

«Я ўсё страціў у сваім жыцці: і сямʼю, і дзяцей…» – сказаў праз слёзы Віктар Паўлаў.

Прадстаўнік Генеральнай пракуратуры не ўбачыў падстаў для змякчэння прысуду. На яго думку суд у Віцебску правільна кваліфікаваў дзеі Паўлава. Пракурор выказаў меркаванне, што пакаранне прызначанае суразмерна здзейсненаму злачынству.

«Ён прадэманстраваў грэбаванне да жыцця», – сказаў напрыканцы пракурор.

Вярхоўны суд вынесе прысуд пасля 13 гадзіны 12 лістапада.




11:47 12/11/2019


Загрузка...
Загрузка...