АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Замежныя журналісты хацелі напісаць пра Беларусь без згадвання Лукашэнкі – і вось што выйшла

Польскае выдавецтва «Czarne» апублікавала «Айчыну добрай якасці» – зборнік рэпартажаў пра нашую краіну, напісаных журналістамі з Польшчы, Нямеччыны і Беларусі.

Замежныя журналісты хацелі напісаць пра Беларусь без згадвання Лукашэнкі – і вось што выйшла
 Паводле рэдактара тому Малгажаты Ноцунь, кніга адкрывае Беларусь з новага боку: тут на першым плане – не Лукашэнка, а звычайныя людзі. Па просьбе «Белсату» тры рэпартэркі распавядаюць, як знайшлі свае тэмы па-за палітыкай.

Агнешка Вуйціньска – пра беларусаў вачыма беларусак

Гераіні майго рэпартажу – дзве жыхаркі Горадні, якія шукаюць мужчынаў за мяжой, бо спробы знайсці іх у Беларусі скончыліся кепска: партнёры іх кінулі.

Назва ўсёй кнігі ўзялася са словаў адной з іх пра «мужчыну добрай якасці» – добрага партнёра з заходняга пункту гледжання. З аднаго боку, такога, які дбае пра жанчыну і штодня даказвае сваё каханне. З другога, таго, хто не скідвае ўсяго на яе, але бярэ ўдзел у выхаванні дзяцей, хатніх справах, пакупках і гэтак далей.

З размоваў і з маймі гераінямі, і з Вольгай Сасункевіч, якая даследавала гэта навукова ў межах сваёй доктарскай працы ўва ўніверсітэце ў Гётэбаргу, я зразумела, што ў выніку гістарычных падзеяў ува ўзорах мужнасці беларусаў адбыліся сур’ёзныя змены: яны не могуць даць рады штодзённай адказнасці – і ўцякаюць ад яе.

Чаму? Простага адказу няма, але ёсць розныя гіпотэзы. Напрыклад, што падчас Другой сусветнай вайны, калі загінула шмат мужчынаў, жанчыны выхоўвалі дзяцей самі. І калі ў іх нараджаліся сыны, то былі на вагу золата.

З аднаго боку, хлопцы не мелі мужчынскага прыкладу, з другога, жанчыны, якія імі займаліся, – маткі, цёткі, бабулі – трэсліся над імі і выхоўвалі іх зусім інакш, чымся дзяўчынак. Ад дзяўчынак чакалі адказнасці, дапамогі па хаце і працы, а з хлопцамі – няньчыліся. Пасля гэтага хлопцы чакалі гэтага ад сваіх партнёрак.

Мае суразмоўцы казалі мне, што мужчыны, якіх яны сустракаюць, шукаюць сябе «маму».

Скрайні прыклад: жанчыны набываюць сваім дарослым сынам адзенне. Гэта падаецца неверагодным, але, падаецца, здараецца [у Беларусі].

На думку даследчыкаў, інфантылізм таксама ёсць наступствам нестабільнасці. Мужчыны часам працуюць у двух-трох месцах, мала бачаць сям’ю, але ўсё роўна зарабляюць мала. Не могуць рэалізавацца – і пачынаюць піць.

Беларусак ж ратуе мацярынскі інстынкт і савецкая спадчына, калі пасля працы трэба было яшчэ займацца домам.


Тое, што мне распавядалі беларускія жанчыны, у Польшчы – рэдкасць.

У нас больш развіты прыклад эмансіпаванай жанчыны. У сувязі з гэтым наступіла змена ў мужчынах, асабліва заўважная ў гарадах. Мужчыны ўсё часцей бяруць удзел у выхаванні дзяцей, у хатніх абавязках – я бачу гэта ў сваім асяроддзі.

Падчас размоваў з жанчынамі ніхто з іх не ўзгадваў Лукашэнку. Часцей казалі пра «уладу» – якая пра іх не дбае. Прыклад – вельмі нізкія аліменты. Мужчыны, якія кінулі маіх гераінь, плацяць на іхных супольных дзяцей па 50 долараў. У адным выпадку гэтыя грошы мужчына плаціў на дзвюх сястрычак-блізнятак.

Жанчыны казалі, што пойдзеш адзін раз у супермаркет – і гэты грошай няма. Я ўласнымі вачыма бачыла, што цэны ў крамах – такія ж, як у Польшчы.

Мае гераіні ня ўпэўненыя на 100 %, што ім на Захадзе будзе добра, але спадзяюцца на гэта.

Адна з жанчын, Таццяна, часам бывае ў Еўропе: яна збірае грошы, каб прыехаць у Польшчу проста так, на пару дзён. Яна казала, што калі ходзіць па польскіх гарадах, па кавярнях, то бачыць мужчын, якія праводзяць час з сям’ёй. І яна спадзяецца, што сустрэне на Захадзе кагосьці, з кім зможа рэалізоўваць такі стыль жыцця.

Яе муж гэтага ніколі не рабіў, а партнёры яе сябровак вяртаюцца з працы і сядаюць перад камп’ютарнай гульнёй. І ўсё.

І я пра гэта пішу.

Катажына Брэйва – пра наркотыкі

У Беларусі я была раней, бо маю там сваякоў. І я хацела напісаць пра тое, як жыццё ў такой сістэме, як беларуская, уплывае на сямейнае жыццё. І аказалася, што добрая форма расповеду пра гэта – праблема антынаркатычнага заканадаўства.

Я пытала розных людзей у Беларусі пра тое, чаму дзяржава так сурова карае тых, каго злавілі з наркотыкамі, і ніхто не даў мне адназначнага адказу. Казалі пра тое, што гэтак спрабуюць запужаць і дысцыплінаваць моладзь: маўляў, глядзіце, што можам з вамі зрабіць. Казалі таксама пра тое, што гэтых людзей выкарыстоўваюць у папраўчых калоніях як танную рабочую сілу.

Дагэтуль у мяне няма адназначнага адказу на гэтае пытанне. Але няма сумневу, што гэтая праблема паказвае, наколькі брутальнай можа быць сістэма, і наколькі безабароннымі людзі у такой сістэме, асабліва ў недэмакратычнай краіне. А таксама – наколькі лёгка можна знішчыць чалавеку жыццё.

Як, напрыклад, сямнаццацігадоваму хлопцу, які трапляе ў калонію на 10 гадоў за дробную памылку маладосці. Або шаснаццацігадовай дзяўчыне, якая трапляе ў турму і сканчае жыццё самагубствам, бо не вытрымлівае ціску і не ўяўляе сабе, як будзе выглядаць ейнае жыццё пасля.

Важнай нагодай, каб стварыць гэтую кнігу, было перакананне, што мы мала пра Беларусь ведаем, бо ўсе навіны адтуль засяроджваюцца на чыстай палітыцы: як доўга будзе кіраваць Лукашэнка, што будзе пасля яго – то бок, усё круціцца вакол Лукашэнкі. А мы хацелі зазірнуць за палітычныя справы і пабачыць, як жывуць людзі, пра што перажываюць, аб чым хвалююцца і на што спадзяюцца.

Натуральна, цень Лукашэнкі бачная нават у маім тэксце: яна кладзецца на ўсіх маладых людзей цяперашняга пакалення. Ягонае прозвішча гучыць з вуснаў маіх гераінь – жанчын з руху Маці 328 – калі яны кажуць, што законы несправядлівыя.

Яны разумеюць, што іхныя дзеці вінаватыя, што яны зрабілі злачынства з пункту гледжання Крымінальнага кодэксу, аднак лічаць, што выракі – несувымерныя з тым, што гэтыя дзеці зрабілі.

І менавіта тады з’яўляецца Лукашэнка як асоба, якая за гэтым стаіць. Якая з дапамогай гэткіх законаў хоча нешта зрабіць: напрыклад, запужаць маладых людзей, каб яны былі паслухмянымі ды не высоўваліся.


Калі я ўжо працавала над сваёй тэмай у Беларусі, мяне зацікавіла мноства іншых рэчаў. Я размаўляла з актывістамі і заўважыла ў іх стомленасць ад барацьбы з Лукашэнкам. Яны стаміліся ад сваіх радыкальных пазіцыяў і хацелі б жыць нармальна.

Адзін з маіх суразмоўцаў, не звязаны з тэмай наркотыкаў, распавёў мне, што заўсёды размаўляў па-беларуску. Гэта было пэўнай палітычнай пазіцыяй. А цяпер ён лічыць, што гэта было нечым інфантыльным.

У мяне не было часу папрацаваць над гэтым пытаннем, але тэма падаецца мне цікавай.

Алёна Шабуня – пра вайну помнікаў у Віцебску
Я не ведаю іншы беларускі горад, у якім было б столькі такіх бесталковых помнікаў, якія не тычацца гісторыі гораду і на якія патрачаныя такія грошы.

Зараз гарадскія ўлады збіраюцца ўсталяваць на плошчы Свабоды помнік княгіні Вользе. Яны сцвярджаюць, што яна заснавала горад, хаця гісторыкі і археолагі кажуць, што такога факту не было, а легенду ў свой час выдумалі, каб прыцягнуць у горад грошы ў Масквы.


Таксама я хацела паказаць, як не толькі ў Віцебску, але і ўва ўсёй Беларусі можна было б зрабіць за грошы падаткаплатнікаў нешта карыснае для жыхароў, а яны не робяць.

За апошні год [тэксты для кнігі ствараліся напрыканцы 2018-га году. – Заўв. «Белсат»] у Віцебску мноства чаго змянілася, але не заўсёды гэтыя змены ў лепшы бок.

У Віцебску не хапае зелені. Увесну і ўлетку на плошчы Перамогі паставілі вялікія гаршкі і пасадзілі ў іх туі. Яны павысыхалі, бо туі не могуць расці ў гаршках.


Сёлета па ўсім горадзе панаставілі коней, мядзведзеў і іншых фігураў, якія выглядаюць нібыта з зеляніны, але насамрэч пластыкавыя – падчас спёкі яны моцна смярдзяць.

Калі запісваешся на прыём у выканкам або Савет дэпутатаў з нейкай праблемай – не асабістай, а агульнагарадской, – і прыходзіш ды пачынаеш размаўляць, разумееш, што гэтыя людзі зусім далёкія ад Беларусі, ад таго, што гэта іх краіна.

 
Нехта напісаў у каментарах, што ёсць адчуванне, што іх начальнік – Шапакляк, а яны робяць усё, каб нашкодзіць.

Зараз яны хочуць таксама сапсаваць плошчу ў Старым горадзе і пабудаваць там Палац шлюбаў, хаця патрэбы ў ім няма зусім.

Колькі мы збіралі подпісаў у Віцебску, каб яны будавалі паліклінікі, школы, дзіцячыя садкі, каб рамантавалі будынкі! Мы пісалі заявы ў гарвыканкам і аблвыканкам у межах ініцыятывы «Віцебск – горад наш», каб яны не марнавалі грошы на тое, што нам не трэба – і супраць помніку Вользе, і супраць Палацу шлюбаў, і супраць «тапіараў». А яны нам адказвалі: «Гэта не вашая справа – людзям падабаецца».

Запісаў Дзяніс Дзюба


09:47 08/11/2019


Загрузка...
Загрузка...