АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Рэпартаж з Дня рэвалюцыі: ГУЛАГі патрэбныя ўсюды, КНДР на піку барацьбы з фашызмам


Праўладная Камуністычная партыя Беларусі, апазіцыйная Беларуская партыя левых «Справядлівы свет» і прарасейская каардынацыйная рада «Адзінства» адзначылі 102-гадавіну Кастрычніцкай рэвалюцыі ўрачыстымі прамовамі і ўскладаннем кветак да помніка Уладзіміру Леніну на плошчы Незалежнасці.

Рэпартаж з Дня рэвалюцыі: ГУЛАГі патрэбныя ўсюды, КНДР на піку барацьбы з фашызмам
 «Адзінства» гэтым не абмежавалася і яшчэ прайшла шэсцем да помніка Феліксу Дзяржынскаму. Як выглядала камуністычнае свята ў Менску – у рэпартажы belsat.eu.

Дзень Кастрычніцкай рэвалюцыі розныя групы беларускіх камуністаў традыцыйна адзначаюць паасобку: іх рытуальныя выхады да помніка Леніну прызначаныя ў розны час, каб не перасякацца паміж сабой. Чакалася, што праўладная КПБ прыйдзе ўскладаць кветкі а 10:00, але ў апошні момант графік скарэктавалі, акцыя адбылася раней. Калі журналісты толькі пачалі сцягвацца на плошчу, каля помніку правадыра ўжо было пуста.

У фотарэпартажы на сайце КПБ, праўладнай партыі, экс-старшыня якой Ігар Карпенка цяпер узначальвае Міністэрства адукацыі, бачна, што на плошчу Незалежнасці выйшла некалькі сотняў чалавек. На здымках бачныя сцягі Федэрацыі прафсаюзаў і некаторых ВНУ.

Ужо а 9:30, акрамя кветак ля помніку лідару сацыялістычнай рэвалюцыі, нішто не нагадвала пра дзяржаўнае свята. Час ад часу да Леніна падыходзілі сталыя, паасобку або парамі: хтосьці прыходзіў з кветкамі, хтосьці проста моўчкі стаяў, зняўшы шапку.

На гэтым фоне кідалася ў вочы пара дужых маладых мужчын, якія спачатку пра штосьці перамаўляліся з патрулём АМАПу, а потым хутка падышлі да помніку, усклалі кветкі і хутка сышлі, адварочваючыся ад журналістаў.

Праз пэўны час сталыя сталі падыходзіць да Леніна ўжо групамі па 3-4 чалавекі – агулам сабралася чалавек дзесяць. Імаверна, для некаторых ідэйных камуністаў выхад да помніка правадыру рэвалюцыі гэта не толькі рытуал, але і магчымасць паразмаўляць з аднадумцамі ды прыгадаць мінулае. То з аднаго, то з іншага боку можна было пачуць: «а я ў 64-ым…», «а пры Андропаве…» і г.д. Часам размовы пераходзілі ў сапраўдныя спрэчкі.

– А хто разваліў СССР? Хто, я вас пытаю? – вельмі энергічна звяртаецца да свайго суразмоўцы адзін са сталых.

– А вось тыя поскудзі, што ў гэтым доме сядзелі, – ківае нехта на Дом ураду. – Дземянцей разваліў!

– Самі бальшавікі і развалілі! – падхоплівае трэці. – Мы ж тады лічылі: Захад нам дапаможа, жыць добра будзем!..

– Хлусня! Сапраўдныя бальшавікі ўсе на фронце загінулі!

– Мазураў і Машэраў – во! – кажа іншы сталы, паказваючы вялікі палец.

Асабліва актыўнічае маленькі мужчына з моцным каўказскім акцэнтам. Кажа, што ён грузін, але грамадзянін Беларусі. Хваліць Лаўрэнція Бэрыю і Іосіфа Сталіна, абураецца, што беларускія камуністы раздробленыя. «Да тут грошы патрэбныя», – адказваюць яму.

«Калі баіцца апазіцыя – значыць мужык, – працягвае ён. – Дай бог, каб быў як Бэрыя лідар. Калі Цанава быў такі як Бэрыя – дай бог яму здароўя».

Сталініст падыходзіць да прысутных – і да старых, і да журналістаў – і распавядае сваю формулу. Нібыта, ёсць вялікія людзі, а ёсць даўгія. Саакашвілі, Парашэнка і Буш – гэта даўгія. А Ленін, Сталін, Маркс і Энгельс – вялікія. Нарэшце ён раз ад разу гучна ўключае на тэлефоне песню: «Вярніце Сталіна, ён наш генералісімус, яму над Севастопалем стаяць!»

А 11:00 на плошчы Незалежнасці з’явіліся апазіцыйныя камуністы – прадстаўнікі партыі «Справядлівы свет». Каля двух дзясяткаў чалавек арганізавана прайшлі ад будынку БДПУ да помніка Леніну, усклалі кветкі. Лідар партыі Сяргей Калякін звярнуўся да прысутных: адзначыў, што сітуацыя ў краіне і ў свеце будзе мяняцца.

«У рэвалюцыі не было прамога шляху. Было ўсё: былі памылкі, былі і злачынства. Але не маюць рацыі тыя, хто кажа, што ўсё гэта прыходзіць у забыццё. Сёння пятая частка чалавецтва будуе сацыялізм, усё больш і больш сацыялістычныя ідэі прывабліваюць людзей. У цэлым свет лявее, бо інакш не можа быць», – лічыць ён.

Апазіцыйныя камуністы хутка сышлі, а каля БДПУ пачалі збірацца прадстаўнікі каардынацыйнай рады левапатрыятычных сілаў «Адзінства». У раду ўваходзяць тры арганізацыі – аб’яднанні «За Саюз і камуністычную партыю Саюзу», «За дэмакратыю, сацыяльны прагрэс і справядлівасць» і «Айчына». Гэтыя арганізацыя вядомыя правядзеннем акцыі «Бессмертный полк» і маргінальным зваротамі – напрыклад, у верасні 2018 года яны заклікалі Аляксандра Лукашэнку далучыць «ДНР» і «ЛНР» да Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.

Камуністаў з «Адзінства» было трохі больш чым калякінцаў, сярод іх нават сустракаліся юнакі.

Камуністы дасталі партрэты Леніна і Сталіна, разгарнулі чырвоныя сцягі і транспаранты. Лозунгі на ніх былі адзін яскравей іншага: «Только диктатура пролетариата приведет к победе социализма», «Союз России и Белоруссии вечен и несокрушим», «Возродим Союз Советских Социалистических Республик», «Долой капитализм».



Настроі сярод актывістаў «Адзінства» – адкрыта антыбеларускія. Сталы з чырвоным транспарантам гучна абураецца, што рэстарацыя побач з Домам ураду называецца «Менск», а не «Минск». Ён лічыць гэта здрадай. «А яны [міністры. – belsat.eu] – побач, бачаць усё гэта і нібыта ўсё ў парадку! Вось да чаго дайшло», – паўтарае ён.

Старшыня аб’яднання «Айчына» Васіль Зелікаў у сваёй прамове каля помніка Леніну спачатку хваліць рэвалюцыю, якая «спыніла эру эксплуатацыі чалавека чалавекам і падаравала беларускаму народу дзяржаўнасць». А потым дадае: Леніна трэба чытаць да канца. Ён хоць і стварыў савецкія рэспублікі, але лічыў, што мэтай сацыялізму з’яўляецца ліквідацыя ўсякай адасобленасці нацыяў і іх зліццё.

«А што ў нас у цяперашні час? У нас з кожнага чайніка кажуць «незалежнасць, незалежнасць, незалежнасць…» Але каму патрэбна такая незалежнасць? Працоўным? Не! Працоўным патрэбен СССР».


Зелікаў са шкадаваннем канстатуе, што Саюзная дзяржава дагэтуль не пабудаваная, а Беларусі вельмі патрэбен цэнтр, якому «трэба дэлегаваць паўнамоцтвы».

«Але паўстае пытанне: як нам аднаўляць СССР?» – адзначыў ён.

Хтосьці з дэманстрантаў закрычаў: «Другую Кастрычніцкую рэвалюцыю трэба рабіць!»

Але Зелікаў сфармуляваў інакш: «Нам патрэбная класавая барацьба аж да ўстанаўлення дыктатуры пралетарыяту».

Пасля кароткіх выступаў каля помніка Леніну лідары «Адзінства» заклікалі ісці да помніка Дзяржынскаму, што насупраць будынку КДБ. Але папярэдне згарнулі сцягі, каб не правакаваць міліцыю.

Партрэты Леніна і Сталіна камуністы пры гэтым неслі ў галаве калоны. Сталін на вуліцах Менску відавочна здзіўляў і палохаў мінакоў. «Ой, Сталін», «Гэта ж Сталін», – перашэптваліся людзі. Хтосьці пачынаў здымаць шэсце на камеру.

Каля помніку Дзяржынскаму лідар аб’яднання «За Саюз і камуністычную партыю Саюзу» Леанід Школьнікаў спачатку адзначыў важную ролю ў стварэнні СССР «жалезнага Фелікса», а потым нагадаў, што барацьба за камунізм не спыненая.

«Сацыялізм прарастае ва ўсіх дзяржавах капіталістычнага свету! Сацыялізм прарастае і ў дзяржаўным маштабе. Сёння на вастрыі барацьбы з імперыялізмам і фашызмам, як у свой час СССР, знаходзіцца КНДР. Ім вельмі цяжка, бо краіна невялікая. Але яна працягвае марксізм-ленінізм-сталінізм у тэорыі і адкрывае новыя шляхі для практыкі», – адзначыў ён.

Акцыя завершылася фатаграфаннем ля Дзяржынскага і ўскладаннем кветак.

Усю камуністычную імпрэзу суправаджалі людзі ў цывільным. Ніякіх перашкодаў сталіністам праваахоўнікі не стваралі. Хтосьці здымаў акцыю на камеру, хтосьці проста назіраў і каментаваў тое, што адбываецца. Адну з такіх размоваў пачуў карэспандэнт belsat.eu. Калі камуністы зноў загаварылі пра вяртанне СССР, адзін з «ціхароў» заўважыў:

– Не, аднавіць СССР ужо не атрымаецца.

– Вядома, не атрымаецца, – падтрымаў яго калега.

З інтанацыі міліцыянтаў было незразумела, сказана гэта са шкадаваннем або з радасцю.

Ігар Ільяш, фота Ірына Арахоўская belsat.eu

08:32 08/11/2019


Загрузка...
Загрузка...