АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Чаму ў Беларусі не хочуць прымаць закон для людзей з інваліднасцю?

Урад Беларусі разам з грамадскімі арганізацыямі ўжо два гады працуе над законам аб людзях з інваліднасцю. Першапачаткова антыдыскрымінацыйны і праваабарончы закон цяпер можа пераўтварыцца ў стандартную «сацыялку».

Чаму ў Беларусі не хочуць прымаць закон для людзей з інваліднасцю?

Навошта патрэбны такі закон?

Беларусь у 2016 годзе ратыфікавала Канвенцыю ААН аб правах людзей з інваліднасцю. Адзін з крокаў па ўкараненні Канвенцыі ў беларускую рэчаіснасць – прыняцце адпаведнага заканадаўства. Якое б адстойвала правы людзей з інваліднасцю і не дазваляла дыскрымінацыю ў іх бок. Праца над такім законам пачалася ўлетку 2017 года – праз год пасля ратыфікацыі Канвенцыі.

Апроч Міністэрства працы і сацыяльнай абароны над законам працавалі і шэраг беларускіх грамадскіх арганізацыяў, якія займаюцца інваліднасцю: Беларускае таварыства інвалідаў па зроку, Беларускае таварыства глухіх, Офіс па правах людзей з інваліднасцю і іншыя. Пры абмеркаванні закону былі ўлічаныя ўжо існуючыя беларускія нормы і міжнародны досвед.

– Гэты закон мусіў замацаваць недапушчальнасць дыскрымінацыі і прававы падыход да разглядання інваліднасці, – кажа Сяргей Драздоўскі, дырэктар Офісу па правах людзей з інваліднасцю і адзін з аўтараў закону.

Што атрымалася не так?

Было паламана шмат копіяў датычна тэрміналогіі, якая мусіць выкарыстоўвацца ў законе. Аспрэчвалася нават назва: ці будзе «закон аб людзях з інваліднасцю» ці «закон аб інвалідах». Дзяржаўныя органы настаялі на тэрміне «інвалід». Іх галоўны аргумент: Беларусь падпісала «Конвенцию о правах инвалидов» Гэта быў пераклад на расейскую мову, адну з афіцыйных моваў ААН.

Яшчэ ледзь не цалкам згубленая антыдыскрымінацыйная частка закону – хоць яна мусіла стаць адной з асноўных. Прадугледжвалася падрабязнае апісанне, што такое дыскрымінацыя людзей з інваліднасцю і як з ёй можна змагацца. У выніку на дадзены момант у законе ёсць толькі вызначэнне тэрміну дыскрымінацыя. Прычым прапісалі яго даволі цікавым чынам. У законе адзначана, што не з’яўляецца дыскрымінацыяй, але не дадзена азначэнне тэрміну. На думку Сяргея Драздоўскага, гэта зроблена таму, што чыноўнікі баяцца абвінавачванняў у дыскрымінацыі.

У гэтым законе чалавек з інваліднасцю па-ранейшаму не мае самастойнасці. Не ён мае пэўныя сілы і магчымасці для вырашэння сваіх праблемаў.

У законе амаль аніяк не згадваюцца патрэбы і асаблівасці людзей з ментальнымі ці інтэлектуальнымі інваліднасцямі – напрыклад, ДЦП, разладамі аўтычнага спектру.

– Агулам гэты закон надзвычай слаба адпавядае структуры Канвенцыі. А калі ўжо і закон не адчувальны да праблемаў доступу людзей з інваліднасцю да прававой дапамогі, наяўнасці псіханеўралагічных інтэрнатаў і іншага, то як мы можам патрабаваць гэтага ад грамадства, – кажа Драздоўскі.

Але ёсць і добры бок

У закон патрапіла даволі значная рэч: у бягучай версіі прадугледжваецца стварэнне адмысловай рады, якая будзе рэгуляваць пытанні інваліднасці на мясцовым узроўні. Упершыню з’явілася вызначэнне «грамадскае аб’яднанне інвалідаў» – зараз гэта будуць тыя арганізацыі, у якіх не меней за 50 % чальцоў маюць інваліднасць. Праз новы закон паўсюль у Беларусі мусяць з’явіцца абсталяваныя паркоўкі для людзей з інваліднасцю.

Таксама закон прадугледжвае стварэнне цэнтраў сацыяльнай рэабілітацыі ў кожным раёне. У іх чалавек з інваліднасцю атрымае дапамогу і падтрыманне ў складанай сітуацыі і нават здолее засвоіць новую прафесію.

– Але выгляд гэтых цэнтраў ня вызначаны. Мы, як прадстаўнікі грамадскіх арганізацыяў, настойваем, што такія цэнтры павінны быць створаныя пры падтрымцы трэцяга сектару. Але пакуль што ўстановы робяцца як цалкам дзяржаўныя, – зазначае эксперт.

На якой стадыі закон і калі будзе прыняты

Зараз закон знаходзіцца на стадыі грамадскіх абмеркаванняў (да 2 лістапада). Ён апублікаваны на сайце pravo.by разам з суправаджальнай інфармацыяй аб знаходжанні на разгледжванні ў Палаце Прадстаўнікоў. Дэпутаты разглядаюць апошнюю версію, якая прайшла Раду Міністраў, Адміністрацыю прэзідэнта. Грамадскія арганізацыі накіравалі ў Палату Прадстаўнікоў усе прапановы, у тым ліку і спрэчныя, якія не знайшлі згоды.

Сказаць, калі дакладна закон будзе прыняты, эксперту складана. Паводле Драздоўскага, той факт, што закон абмяркоўваецца менавіта зараз, калі ў дэпутатаў амаль сканчаецца тэрмін паўнамоцтва, можа значыць паскарэнне прыняцця.
Прагноз Сяргея Драздоўскага даволі песімістычны.
– Часцяком дэпутаты прымаюць законы за адзін дзень у два чытання. Пераставяць фразы ці дададуць нешта пазітыўнае. Але сумняюся, што закон будзе антыдыскрымінацыйным і праваабарончым. Імаверна, ён застанецца ў сваім бягучым выглядзе, аб тым, як дзяржаве трэба кіраваць сістэмай дапамогі людзям з інваліднасцю. А не праваабарончым.

Ксенія Тарасевіч Belsat.eu

20:11 01/11/2019


Загрузка...
Загрузка...