АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Як расстрэльвалі беларускую эліту

У ноч з 29 па 30 кастрычніка 1937 году па загадзе Сталіна і Молатава супрацоўнікі НКУС расстралялі больш за 100 прадстаўнікоў беларускай інтэлігенцыі - пісьменьнікаў, навукоўцаў, грамадскіх дзеячаў.

Як расстрэльвалі беларускую эліту
Як бы выглядала «чорная ноч» расстрэлаў беларускай інтэлігенцыі, калі б гэта адбывалася ў нашы дні і мы маглі б сачыць за гэтым праз сацыяльныя сеткі.

Літаратуразнаўца Ганна Севярынец узнавіла храналёгію падзей, якія прывялі да ночы 29 кастрычніка.

Сакавік — чэрвень 1929 году. Праца камісіі Затонскага ў вывучэньні нацыянальнай палітыкі ў БССР, каб спыніць рух да нацыянальнага самаасэнсаваньня і перавесьці нацыятворчыя працэсы ў «дэкаратыўную» плоскасьць. Ліпень 1930 — красавік 1931-га. Сфабрыкавана справа «Саюза вызваленьня Беларусі» і сьледзтва ў ёй. У выніку: спроба самагубства Купалы, самагубства У. Ігнатоўскага, высылка 108 культурнікаў (сярод іх Дубоўка, Бабарэка, Жылка, Пушча, Лёсік, Азбукін, Смоліч ды іншыя).

1934-ы. Уніфікацыя культурнага жыцьця, зьнішчэньне мастацкіх аб’яднаньняў і згуртаваньняў, утварэньне Саюзу пісьменьнікаў БССР.
Кастрычнік — лістапад 1936-га. Пачатак масавых арыштаў сярод літаратараў. Доўжыліся ажно да жніўня 1937-га. Сьледзтва ў сфабрыкаванай справе нацыянал-фашысцкай арганізацыі. Кіраўнікамі праходзяць Гартны, Чарот, Зарэцкі, Дудар.
15 верасьня 1937-га. Сталін падпісвае сьпісы на расстрэлы інтэлігенцыі ў нацыянальных рэспубліках. 28 кастрычніка 1937-га — суды. 132 чалавекі асуджаны да расстрэлу, сярод іх 22 літаратары.
29 кастрычніка 1937-га. Прысуд прыведзены ў выкананьне.

У Беларусі масавыя рэпрэсіі пачаліся яшчэ з прыходам да ўлады бальшавікоў — у 1917 годзе. А скончыліся, калі памёр Сталін — у 1953-м. Дасьледчыкі мяркуюць, што пад іх падпалі як мінімум 600 тысяч чалавек. Паводле іншых ацэнак гэтая лічба дасягае 1,4 мільёна. Але дакладныя лічбы не вядомыя — КДБ дагэтуль не раскрыла архівы.

svaboda.org
17:21 29/10/2019


Загрузка...
Загрузка...