АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

"Гэта пачатак вайны!" Падрабязнасці скандалу ў беларускім ПЭНе

Дэлегаты агульнага сходу беларускага ПЭНа збіраліся ў Палацы мастацтва. Людзі прыходзілі павольна. Калі пачалося пасяджэнне, удзельнікаў не хапала нават на кворум. Паколькі ў ПЭН-цэнтры 113 членаў, то кворум складае больш за палову, гэта значыць ад 57 чалавек. І іх не было.

"Гэта пачатак вайны!" Падрабязнасці скандалу ў беларускім ПЭНе
"Давайце зацвярджаць рашэнні бягучай колькасцю дэлегатаў, а калі збярэцца кворум, прымем адразу ўсе рашэнні", — прапаноўвае вядучы сходу Лявон Баршчэўскі. Яму ніхто не пярэчыць. Пачынаюцца даклады кіраўніка ПЭН-цэнтра Таццяны Нядбай і членаў Рады.

Пяцьдзясят сёмай прыходзіць нобелеўская лаўрэатка Святлана Алексіевіч. З ёй ёсць кворум. Пасля дакладаў пераходзяць да разгляду выключэння Радай са складу ПЭНа Паўла Севярынца. Ён не згодны з рашэннем і хоча яго абскарджваць.

Вяртанне Севярынца

"Лічу, што рашэнне Рады несправядлівае і мяне выключалі за хрысціянскія погляды. Пацвярджаю, што азнаёмлены са статутам Беларускага ПЭН-цэнтра і Міжнароднай хартыяй", — зачытваюць зварот Паўла Севярынца да агульнага сходу ПЭНа.

"Дзякуючы майму адкрытаму лісту пачалася дыскусія, якая выявіла шматлікія непрыемныя моманты ў дзейнасці ПЭНа, — гэта ўжо выступае перад членамі агульнага сходу сам Павел Севярынец. — Лічу сваё выключэнне несправядлівым. Каб удзельнічаць у гэтым сходзе, я ўсё-ткі заплаціў узносы. Таццяна нават сказала, што ў тым ліку дзякуючы маім узносам была магчымасць арандаваць гэтую залу [агульны сход праходзіць у зале № 2 Палаца мастацтва. — Еўрарадыё]. Я хачу ўдзельнічаць і ў дзейнасці агульнага сходу, і ў дзейнасці ПЭН-цэнтра, каб у нашай арганізацыі нешта мяняць. У першую чаргу мяняць стаўленне да людзей".

Баршчэўскі: "Вось усё ж такі, няўжо вы і сёння лічыце, што ўсё справядліва напісалі ў сваім адкрытым лісце?"

Севярынец: "Гэта магло быць крыху эмацыянальна напісана, але магу растлумачыць, чаму прытрымліваюся такога меркавання. Напрыклад, марксісты..."

[Смех у зале]

Севярынец: "Ідэалогію гей-прапаганды, ідэалогію фемінізму і гендару я лічу шкоднымі".

Баршчэўскі: "Калі б на чале ПЭН-цэнтра стаяў Васіль Быкаў, вы б таксама напісалі ў заяве "патрабую" ці ўсё-ткі "прашу"?"

Севярынец: "Калі б на чале стаяў Васіль Быкаў, то я б напісаў "прашу".

За і супраць

Некалькі чалавек просяць слова, каб выступіць за і супраць вяртання Паўла Севярынца ў склад ПЭН-цэнтра.

Пісьменніца Ганна Янкута: "ПЭН-цэнтр — частка міжнароднага ПЭН-клуба. Акрамя хартыі, у яго ёсць шэраг рэзалюцый і рашэнняў. 29 верасня 2014 года была прынятая рэзалюцыя Міжнароднага ПЭН-клуба на тэму ЛГБТК-супольнасці. І ПЭН-цэнтр выступае супраць ужывання такіх выразаў не толькі ў дакументах арганізацыі, але і ў інфармацыйнай прасторы".

Пісьменнік Уладзімір Арлоў: "Мы выдатна ведаем Паўла Севярынца як таленавітага літаратара і як палітыка, які пакутаваў за свае перакананні. Ён каля шасці гадоў правёў за кратамі. І калі мы прымалі яго ў ПЭН-цэнтр, мы аднагалосна прынялі яго. Не было ніякіх спрэчак. Дэлегацыя пісьменнікаў паехала да яго ўручаць прэмію Адамовіча за выдатную кнігу. Я проста прапаную паставіць на галасаванне пытанне аднаўлення Паўла Севярынца. Тым больш што ён прызнаў, што ліст яго было залішне эмацыянальным. Можа быць, спынім абмеркаванне?"

Філосаф Ірына Дубянецкая: "Хачу нагадаць Паўлу, што першая хрысціянская запаведзь — гэта любоў. Дух барацьбы патрэбен не ў кожнай сітуацыі. Але выключэнне з ПЭН-цэнтра павінна быць у абсалютна крайніх выпадках. Калі хтосьці гаворыць насуперак і за гэта яго выключаць, то гэта пярэчыць нашым каштоўнасцям. Мы не можам раскідвацца людзьмі. Мы, наадварот, павінны аб'ядноўваць нашу супольнасць".

Літаратуразнаўца Аляксандр Фядута: "Наколькі я памятаю, нідзе ў рашэнні Рады не было сказана, што яго выключаюць за яго погляды. Нідзе не сказана, што яго выключаюць за тое, што хрысціянін. З майго пункту гледжання, сёння гаварыць аб выпраўленні гэтага рашэння як палітычнай памылкі нельга. У выпадку з Шапранам і Букчыным мы прыйшлі да высновы, што Рада не да канца выканала свае абавязкі. Але ў выпадку з Паўлам Севярынцам Рада выканала свае абавязацельствы. І Севярынец сам у сваіх лістах пісаў, што ён не выплачваў узносы таму, што не згодны з палітыкай, якую праводзіць ПЭН. Таму я буду галасаваць супраць адмены рашэння Рады. Калі Павел Севярынец хоча быць зноў у ПЭН-цэнтры, то яму зноў трэба прайсці праз працэдуру ўступлення".

"Гэта пачатак вайны!"

Дваццаць сем чалавек галасуюць супраць вяртання Севярынца ў члены ПЭН-цэнтра. Аднак на сходзе зарэгістравана 59 удзельнікаў — значыць, прагаласавала менш за палову. Рашэнне Рады аб выключэнні Паўла Севярынца адмяняецца. Ён зноў у ПЭНе.

Адразу пасля пачынаюцца крыкі. Амаль трыццаць чалавек незадаволеныя тым, што адбылося. Яны патрабуюць перагаласавання. Баршчэўскі адмаўляе: не прадугледжана статутам. Пратэстоўцы патрабуюць пералічыць прысутных, каб абазначыць, што такое большасць. Адмоўлена.

Перакладчык Ігар Крэбс крычыць Паўлу Севярынцу праз усю залу: "Гэта пачатак вайны!"

Людзі выходзяць з залы і здымаюць сваю рэгістрацыю. Баршчэўскі са сцэны кажа, што гэта немагчыма, іх ужо палічылі. Людзі працягваюць выходзіць. Кворуму больш няма.

Разборкі на вуліцы: паэтка vs паэтка і паэт vs празаік

Ва ўнутраным двары Палаца мастацтва сабраліся тыя, хто галасаваў супраць аднаўлення Паўла Севярынца. Размовы на павышаных танах, у руках дрыжаць цыгарэты.

"Не было зразумела, за што і супраць чаго трэба было галасаваць, фармулёўкі галасавання некалькі разоў мяняліся і былі даволі складанымі. Калі вядучы некалькі разоў за пару хвілін мяняе фармулёўку пытання, то ў выніку ўсе заблытваюцца, і ніхто ўжо не разумее, за што галасуе. Гэта тыповая маніпуляцыя", — кажа нехта з прысутных.

Паэтка Юля Цімафеева падыходзіць да паэткі Тані Скарынкінай і пытаецца: "А ты, Таня, ты за іх галасавала, так?" Таня адмоўчваецца і курыць. "Я бачыла, што ты за іх галасавала", — працягвае настойваць Цімафеева. Раптам усе перамяшчаюцца крыху глыбей у двор, там паэт Уладзь Лянкевіч крычыць на пісьменніка Шэіна.

"Што вы сабе дазваляеце, спадар? Вам пашанцавала, што я не выкарыстоўваю гвалт", — ірвецца з рук сяброў Лянкевіч.

Абодва ледзь не счапіліся. Лянкевіча стрымліваюць. Шэін відавочна не чакаў такой рэакцыі. Лапоча нейкія прабачэнні, становіцца зразумела, што ён нешта сказаў Алёне Пятровіч і гэта ўзвар'явала Лянкевіча.

"Ідзіце, спадар. Ідзіце. Да пабачэння", — настойліва паўтарае Лянкевіч, спрабуючы запхнуць Шэіна назад у будынак.

Марыя Мартысевіч прапануе вярнуцца ў залу: "Калі мы не вернемся, яны могуць кіраўніком Севярынца зараз прызначыць". Частка з тых, хто незадаволены аднаўленнем Севярынца, вяртаецца ў залу. Астатнія сыходзяць.

"Стабілізаваць ПЭН старымі праверанымі кадрамі"

Вядучы Баршчэўскі налічыў больш за трыццаць удзельнікаў і вырашае працягнуць з'езд і вырашаць надзённыя справы. Хоць кворуму больш няма.

Пасля таго як у зале сабраліся тыя, хто застаўся, Алесь Бяляцкі вырашае ўзяць слова і заяўляе: "Трэба стабілізаваць ПЭН старымі праверанымі кадрамі".

Уладзімір Арлоў выступае з прапановай выбраць старшынёй беларускага ПЭНа Святлану Алексіевіч.

"Калі гэта трэба, каб была карысць арганізацыі, я згодная", — кажа Алексіевіч.

Таццяна Нядбай бярэ самаадвод і адмаўляецца абірацца на пасаду кіраўніка ПЭНа. У безальтэрнатыўным галасаванні перамагае Святлана Алексіевіч.

Кампрамісны варыянт прызначэння кіраўніка з рэгаліямі і аўтарытэтам. Напэўна, гэта павінна дапамагчы падсаладзіць пілюлю вяртання Паўла Севярынца для часткі ПЭНа, якая пратэстуе, і пазбегнуць будучага расколу.

Хто вінаваты ў крызісе ў ПЭНе — моладзь, старая гвардыя або аморфная маса?

У ПЭНе наспявае крызіс. І крызіс гэты выкліканы як моладдзю, што прытрымліваецца ліберальных поглядаў, так і кансерватыўнай старой гвардыяй, не гатовай да свету, які імкліва змяняецца.

Адны хочуць, каб іх каштоўнасці падзялялі ўсе. Іншыя хочуць "займацца літаратурай” і каб літаратурныя арганізацыі ім дагаджалі і падтрымлівалі іх, пакуль яны твораць. Адны прытрымліваюцца ідэй фемінізму, талерантнасці і гендарнай тэорыі. Іншыя выраслі пры савецкім патрыярхальным грамадстве і не гатовыя нешта мяняць у сваіх поглядах.

Але ёсць яшчэ і трэція. Аморфная маса, якая аказалася няздольнай прыняць якое-небудзь рашэнне і ўстрымалася ад галасавання. З іх маўклівай згоды ўсё і вырашаецца.

Апошні агульны сход ПЭНа паказаў: ты можаш пісаць неабгрунтаваныя абвінавачанні ў адкрытым лісце, навешваць публічна ярлыкі і ўсяляк выказвацца ў адносінах да членаў ПЭНа — і цябе ўсё роўна прымуць назад, бо ты заплаціў узносы.

Ты можаш адкрыта заяўляць, што не плануеш плаціць узносы ў арганізацыю, у якой знаходзішся, таму што яна не адпавядае тваім поглядам, — і цябе ўсё роўна прымуць назад.

Ты можаш спакойна гаварыць, што "фемінізм, гендар і гей-прапаганда — гэта шкодныя ідэалогіі", у твар людзям — і цябе ўсё адно возьмуць назад.

Нават не так. Рашэнне пра тваё выключэнне не падтрымае больш за палову прысутных. Праўда, за вяртанне прагаласуе ледзь не ў два разы менш


08:28 27/10/2019


Загрузка...
Загрузка...