АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Пятро Васючэнка пасмяротна вылучаны на “дзіцячага” літаратурнага Нобеля

Беларускі пісьменнік Пятро Васючэнка, які пайшоў з жыцця сёлета ў жніўні, вылучаны на прэстыжную міжнародную прэмію ALMA Astrid Lindgren Memorial Award. Яе ўручаюць за дасягненні ў галіне дзіцячай літаратуры.

Пра гэта паведаміла на сваёй старонцы ў “Фэйсбуку” літаратарка і выдавец Надзея Кандрусевіч-Шыдлоўская, перадае "Еўрарадыё".

Прэмію ALMA заснавалі ў Швецыі. Яе абвяшчаюць штогод на кніжным кірмашы ў Франкфурце, а саму прэмію ўручаюць увесну на кніжным кірмашы дзіцячай літаратуры ў Балоні.

У лік намінантаў трапляюць найлепшыя пісьменнікі ды ілюстратары з усяго свету, а таксама арганізацыі, якія займаюцца прасоўваннем чытання сярод дзяцей. ALMA прыраўніваецца да Нобелеўскай прэміі ў галіне дзіцячай літаратуры.

Беларускі літаратар упершыню трапляе ў спіс намінантаў гэтай прэміі.

Пятро Васючэнка памёр ва ўзросце 60 гадоў. Ён быў аўтарам кніг прозы, казак, ствараў п’есы, а таксама выдаў літаратуразнаўчыя манаграфіі. Яго апошняя кніга для дзяцей “Дзівоснае лета паноў Кубліцкага ды Заблоцкага” выйшла ў 2018 годзе.

11:48 20/10/2019


Загрузка...
Загрузка...