АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

У Мінску кантралёры будуць спыняць транспарт дзе заўгодна, каб праверыць квіткі

Ужо заўтра кантралёры ў Мінску пачнуць спыняць грамадскі транспарт у любым месцы для праверкі аплаты праезду.

Падрабязнасці распавялі ў «Агенцтве Мінсктранс», піша Tut.by.

Дырэктар філіяла «Агенцтва Мінсктранс» Сяргей Ласіцкі распавёў, што з 8 кастрычніка кантралёры змогуць спыніць грамадскі транспарт у любы момант на дарозе — падняўшы жазло — такое, як у транспартнай інспекцыі. Кіроўца адкрывае пярэднія дзверы, кантралёры заходзяць, блакуюць кампосцеры і валідатары. Транспарт не стаіць на месцы — служба правярае аплату ў дарозе.

У рамках бестэрміновага эксперыменту такім чынам правяраць пачнуць толькі пасажыраў у аўтобусах.

— Паглядзім, як гэта прыжывецца і які дасць вынік. Мы мелі права спыняць так транспарт і раней. Проста мы так не працавалі, а зараз паспрабуем. Вы ж самі ведаеце, як толькі транспарт спыняецца на прыпынку і пасажыры бачаць кантралёраў, усе безбілетнікі адразу выбягаюць. А так не будзе куды, — распавядае кіраўнік філіяла.

Ласіцкі кажа, што кантралёры будуць выбіраць такія ўчасткі для прыпынку аўтобусаў, каб гэта было бяспечна для ўсіх удзельнікаў дарожнага руху, пасажыраў.

— Мэта не выяўляць безбілетнікаў. Гэта робіцца для таго, каб людзі аплачвалі праезд, — кажа Ласіцкі.

пераклад НН
13:14 07/10/2019


Загрузка...
Загрузка...