АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Мсціслаўскі хэпі-энд: як збітыя ў РАУС рабацягі ўпяклі міліцыянера на 3 гады

Усяго праз два дні пасля таго, як Аляксандр Лукашэнка зладзіў паказальны разнос працы сілавікоў, у Горацкім судзе вынеслі прысуд малодшаму лейтэнанту міліцыі Мікалаю Раеву. За перавышэнне службовых паўнамоцтваў ён атрымаў тры гады калоніі. Міліцыянер абскардзіў прысуд.


Мсціслаўскі хэпі-энд: як збітыя ў РАУС рабацягі ўпяклі міліцыянера на 3 гады
Што прывяло міліцыянера на лаву падсудных? Беларускія сілавыя ведамствы рэдка расказваюць СМІ пра здарэнні, звязаныя з іх супрацоўнікамі. Іншая рэч — калі пацярпелыя ад дзеянняў міліцыі прыходзяць да журналістаў самі. Так мы даведаліся, што малодшага лейтэнанта Раева судзілі за падзеі амаль гадавой даўнасці. У лістападзе 2018 года ў будынку Мсціслаўскага РАУС ён збіў двух затрыманых: Аляксея Швядкова і Мікалая Купчына. Апошняму ён так пашкодзіў нагу, што прыйшлося накласці гіпс.

Проста так пашпарт не выдаюць

16 лістапада 2018 года, Мсціслаў. Двое сяброў — Аляксей Швядкоў і Мікалай Купчын — прыйшлі ў пашпартны стол. Абодва былі нападпітку, але ісці прыйшлося, таму што Мікалаю патрэбны быў новы пашпарт:

"Я стары страціў. Наш касяк быў толькі ў тым, што мы былі нападпітку, — расказвае Купчын. — Нам пачалі тлумачыць, што так проста пашпарт не выдаюць, патрэбныя дакументы".

На мужчын звярнулі ўвагу міліцыянеры, якія знаходзіліся ў пашпартным стале. Яны выклікалі нарад. Так Швядкоў і Купчын трапілі ў аддзяленне. А там усё і пачалося:

"Мы пачалі даказваць свае правы, пытацца, на якой падставе нас затрымалі. Ну і нас пачалі проста біць. Спярша паставілі да сцяны, потым паклалі на падлогу і пачалі збіваць. Лёшка [Швядкоў. — Еўрарадыё] тады закрычаў, што калі яны не перастануць, то ён выкліча пракуратуру. Яму прыгразілі: што, і ты хочаш?" — працягвае Купчын.

Пасля збіцця ў Купчына быў зламаны левы каленны сустаў, прыйшлося звяртацца да дактароў.

Правіннасць малодшага лейтэнанта

Як пазней установіць следства, у гэтым эпізодзе вызначыўся малодшы лейтэнант міліцыі Мікалай Раеў. Амаль праз тры месяцы пасля інцыдэнту — 6 лютага 2019 года — ён быў звольнены з органаў унутраных спраў з фармулёўкай "за здзяйсненне правіннасці, перавышэнне службовых паўнамоцтваў і прымяненне гвалту ў дачыненні да затрыманых". А ўжо 18 лютага стала вядома, што па матэрыялах галоўнага ўпраўлення ўласнай бяспекі МУС па Магілёўскай вобласці распачата крымінальная справа.

Паводле інфармацыі з сайта УУС Магаблвыканкама, Мікалай Раеў усяго за два гады ад старшыны міліцыі і міліцыянера-кіроўцы аператыўна-дзяжурнай службы Мсціслаўскага РАУС даслужыўся да малодшага лейтэнанта і стаў участковым інспектарам міліцыі. Афіцэрскае званне ён атрымаў толькі за тыдзень да інцыдэнту, на ўрачыстасцях з нагоды Дня ўшанавання ветэранаў органаў унутраных спраў і ўнутраных войскаў.

У Горацкі суд справа былога міліцыянера Раева паступіла з абвінавачаннем па частцы 3 артыкула 426 Крымінальнага кодэкса "Перавышэнне ўлады або службовых паўнамоцтваў". 22 жніўня яго прысудзілі да трох гадоў калоніі. Хлопца пазбавілі звання малодшага лейтэнанта і забаранілі яму на пяць гадоў працаваць у органах унутраных спраў. 

Касцяная нага

Швядкоў і Купчын расказваюць, што ніякай упэўненасці, што міліцыянера атрымаецца прыцягнуць да адказнасці, у іх не было.

Мікалай Раеў, на фота ён яшчэ прапаршчык / Сайт Мсціслаўскага раённага выканкама
"Калі з паліклінікі зніклі здымкі маёй нагі і амбулаторная карта, то я падумаў, што хочуць замяць справу. У судзе адвакат Раева запатрабавала паўторны здымак. Я, вядома, зрабіў. І яна такая: "На паўторным здымку пашкоджанняў няма". Вядома, няма, колькі ж ужо часу прайшло, больш за паўгода", — расказвае Купчын.

Пасля таго як Мікалаю Раеву далі тры гады калоніі, пацярпелыя супакоіліся.

"Я баяўся, што яму дадуць умоўнае ці хатні арышт які. Ці якая іншая замена. Але тут — крымінальны тэрмін. Прысуд абскарджваць не буду, задаволены і гэтым", — заяўляе Аляксей Швядкоў.

Адзін біў, сямёра трымалі?

Па словах пацярпелых, у збіцці ўдзельнічаў не толькі Раеў. Напрыклад, некалькі супрацоўнікаў РАУС трымалі іх. Але астатнія сем міліцыянераў праходзілі па справе толькі як сведкі:

"Нас трымалі па двое, хоць любы з работнікаў мог спыніць гэта ўсё. Мог не даць наносіць удары. Неяк спыніць Раева. Але ніхто гэтага не зрабіў. І ніхто не панёс пакарання за гэта, — кажа Швядкоў. — Я вельмі рады і спадзяюся, што ў Мсціслаўскім РАУС будзе праверка".

Пацярпелыя прысудам задаволеныя. Яны баяліся, што паколькі судзяць міліцыянера, то яму могуць даць умоўнае або і зусім замяць справу. Праўда, тры гады — найменшы тэрмін, якім можна пакараць за перавышэнне паўнамоцтваў, спалучанае з гвалтам.


19:24 03/10/2019


Загрузка...
Загрузка...