АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Намеснік міністра: здымаць педагога ў кампраметуючых абставінах недапушчальна

Здымаць настаўнікаў у кампраметуючых абставінах недапушчальна. Такую пазіцыю займае Міністэрства адукацыі, як заявіў намеснік міністра Аляксандр Кадлубай у інтэрв'ю тэлеканалу СТВ.  

"На сённяшні дзень тыя факты, якія абмяркоўваюцца ў СМІ і мелі месца быць ва ўстановах адукацыі, яны недапушчальныя: у дачыненні да здымак мабільным тэлефонам педагогаў або адзін аднаго дзецьмі ў нейкіх кампраметуючыя абставінах, булінг з дапамогай мабільных тэлефонаў", — паведаміў чыноўнік.

Як вядома, вучні гомельскай школы №15 знялі на тэлефон, як настаўніца лаецца матам на чацвёртакласніка, трымаючы над ім парту. Калі відэа трапіла ў інтэрнэт, пачаўся скандал. Настаўніцу звольнілі. Але ў справу ўмяшаўся Аляксандр Лукашэнка, які загадаў вярнуць на працу настаўніцу, а дырэктара школы і шэраг гомельскіх чыноўнікаў звольніць з пераводам на іншую працу. 

Пасля гэтага ў шэрагу школаў вучням сталі забараняць карыстацца мабільнікамі ў навучальны час. Пры гэтым чыноўнікі і педагогі спасылаліся на загад Мінадукацыі, які выйшаў у сакавіку 2019 года. 

"Кропка была пастаўлена Міністэрствам адукацыі ў прынцыпе. Як мы лічылі, яна была пастаўленая, калі быў падпісаны загад міністра адукацыі ў сакавіку 2019 года, у якім выразна было загадана ўстановамх агульнай сярэдняй адукацыі ўнесці ў правілы ўнутранага працоўнага распарадку для навучэнцаў мерапрыемствы, якія абмяжоўваюць выкарыстанне мабільных сродкаў у адукацыйным працэсе", — пракаментаваў Кадлубай. Па яго словах, гаворка ідзе не пра забарону карыстання мабільным тэлефонам, але пра кантроль. 

Аптымальнай мадэллю намеснік міністра назваў досвед мінскай школы №93 — ячэйкі для мабільных тэлефонаў на стале ў настаўніка. "Дзіця бачыць сваю мабільную прыладу, падчас адукацыйнага працэсу яна на вачах у дзіцяці — на стале ў педагога, у яго ячэйцы, якія пранумараваныя па нумарацыі журнала. Ён сам яе туды паставіць і сам адтуль забярэ. У выніку, калі нанёс нейкую драпіну, то ён сам яе нанёс і сам за яе будзе адказваць", — распавёў чыноўнік.

08:34 03/10/2019


Загрузка...
Загрузка...