АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Падрабязнасьці выкраданьня дзяўчыны

Трактарыст Сяргей Качаноўскі зь вёскі Бусьні выратаваў дзяўчыну, якую хацеў выкрасьці яе былы хлопец.

Падрабязнасьці выкраданьня дзяўчыны
Пра гэта карэспандэнту Свабоды расказаў яшчэ адзін трактарыст Аляксей. Ён расказаў, што ехаў на працу і сустрэў аўтамабіль, на якім той хлопец спрабаваў выкрасьці дзяўчыну.

— Ён пачаў мяне спыняць, я спыніўся, — кажа сьведка. — Ён спытаў, дзе тут найбліжэйшае возера. Я на яго паглядзеў, нібыта апрануты не на рыбалку, і спытаўся: «А навошта?». Ён сказаў, што адпачываць. І пабег назад да аўтамабіля. Ззаду ехаў ужо мой напарнік, які ўбачыў, што з багажніка вылезла дзяўчына. Спыніўся, я ж гэтага ня ўбачыў. Той кіроўца пачаў гэтую дзяўчыну біць, ці што, і ўжо мой напарнік яе забраў і пасадзіў у трактар, — расказаў трактарыст Аляксей.

— Выходзіць, ваш напарнік выратаваў гэтую дзяўчыну?

— Ну так.

30 верасьня ў двары жылога дома на вуліцы Маскоўскай у Берасьці малады чалавек запхнуў дзяўчыну ў багажнік аўтамабіля «Фольксваген Джэта» цёмна-сіняга колеру і зьехаў у невядомым кірунку.

На тэрыторыі Жабінкаўскага, Кобрынскага і Бярозаўскага раёнаў увялі спэцыяльны плян «Перахоп».

Пазьней у міліцыю патэлефанавала дзяўчына і сказала, што яна ў багажніку аўтамабіля, якім кіруе яе былы хлопец. Куды рухаецца аўтамабіль, яна ня ведае, але паведаміла зьвесткі пра кіроўцу.

У вёсцы Бусьні Жабінкаўскага раёну міліцыянты знайшлі аўтамабіль, а пазьней 29-гадовага хлопца, жыхара Кобрынскага раёну, і 21-гадовую дзяўчыну зь Берасьця, работніцу адной з банкаўскіх устаноў.
Дзяўчына расказала, як малады чалавек выцягнуў яе з багажніка за прыпыначны пункт аўтатранспарту і некалькі разоў выцяў бітай па галаве.

Цяпер хлопца затрымалі. Сьледчыя дадуць прававую ацэнку ягоным дзеяньням, паведамляе прэс-служба МУС.


10:53 01/10/2019


Загрузка...
Загрузка...