АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнка падарыў Брэсту ўнікальны асобнік Радзівілаўскай Бібліі

6 верасня Аляксандр Лукашэнка наведвае Брэст, дзе адзначаюць 1000-годдзе горада. На ўрачыстым святкаванні кіраўнік дзяржавы падарыў жыхарам горада ўнікальны асобнік Брэсцкай, або так званай Радзівілаўскай, Бібліі, інфармуе БЕЛТА.



"Нашы продкі лічылі, што горад, у якім выдавалася Біблія, знаходзіцца пад асаблівай абаронай нябёсаў. Яго ніколі не змогуць сцерці ні час, ні людзі. Падносячы вам гэты дар, я памятаю, што гэта стала магчымым дзякуючы вашым прадпрымальнікам, якія за ўласныя грошы набылі і прывезлі на радзіму гэты вялікі падарунак", — падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Падарунак ад імя гараджан прынялі дырэктарка музея гісторыі Брэста Святлана Тамчук і ганаровы грамадзянін горада Мікалай Кузьміч.

Гэтая Біблія была надрукаваная ў Брэсце ў 1563 годзе на сродкі Мікалая Радзівіла Чорнага, старасты брэсцкага. Гэта самае вялікае па аб'ёме друкаванае выданне ХVI-ХVIII стагоддзяў Вялікага Княства Літоўскага. Спецыялісты мяркуюць, што наклад гэтага выдання не перавышаў 500 асобнікаў. 

Пасля смерці Мікалая Радзівіла Чорнага яго сын Юрый (Ежы), які быў зацятым каталіком, загадаў сабраць пратэстанцкія выданнія бацькі і спаліць іх. Так загінула большая частка накладу Брэсцкай Бібліі. У тых асобніках, што пазбеглі спальвання, часта нестае старонак.

У тым асобніку, які Лукашэнка прывёз у Брэст, захаваліся два гравіраваныя тытульныя аркушы — для Старога і Новага Запаветаў, што з'яўляецца вельмі рэдкай з'явай. 

Ад імя брастаўчан Лукашэнку таксама ўручылі памятны падарунак — крышталёвую вазу з васількамі. Ваза выкананая ў ручной тэхніцы з гравіроўкай.
12:28 06/09/2019


Загрузка...
Загрузка...