АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Чэрап з Эфіопіі змяняе ўяўленне пра продкаў чалавека

Знойдзенаму ў Эфіопіі чэрапу мужчынскай асобіны аўстралапітэка больш за 3,8 млн гадоў. Ён можа перавярнуць уяўленне навукоўцаў пра тое, як менавіта адбылася эвалюцыя першых людзей з чалавекападобных прыматаў, піша bbc.com.

Да гэтай знаходкі лічылася, што знойдзены ў 1974 годзе шкілет аўстралапітэка Люсі ўзростам 3,2 млн гадоў належыць да самай ранняй галіны вышэйшых прыматаў — непасрэдных продкаў Homo sapiens. Аднак цяпер гэтая версія будзе перагледжана.

Чэрап знайшоў прафесар Ёханэс Хайле-Селасіе ў мястэчку Міро-Дора ў эфіопскім рэгіёне Афар.

Як распавёў прафесар Хайле-Селасіе, які працуе ў групе навукоўцаў з Музея натуральнай гісторыі ў Кліўлендзе (Агаё), ён адразу зразумеў важнасць гэтай знаходкі.

«Я падумаў: Госпадзе, няўжо гэта праўда і мае вочы мяне не падманваюць? Я пачаў скакаць ад радасці, зразумеўшы, што гэта менавіта тое, пра што я заўсёды марыў», — сказаў ён у інтэрв'ю Бі-бі-сі.

Паводле яго слоў, знойдзены чэрап — найлепшы на сёння ўзор гамінід, які адносіцца да анамскіх аўстралапітэкаў — найстаражытнаму віду аўстралапітэкаў, верагодна, што жыў на Зямлі 4,2 млн гадоў таму.

Раней лічылася, што анамскі аўстралапітэк быў прамым продкам больш позняга віду — афарскага аўстралапітэка, які лічыўся непасрэдным продкам самых ранніх прадстаўнікоў сямейства гамінідаў атрада прыматаў — Homo, ад якіх пайшоў сучасны чалавек.

Як мяркуюць навукоўцы сёння, абодва віды аўстралапітэкаў існавалі поруч на працягу па меншай меры 100 тысяч гадоў, і першы не эвалюцыянаваў наўпрост з другога, як думалі раней.

Каманда, што выявіла чэрап, назвала яго MRD і апісала сваю знаходку ў часопісе Nature.

Калі ў 1974 годзе быў знойдзены першы шкілет афарскага аўстралапітэка, гэта выклікала сапраўдную сенсацыю. Шкілет назвалі Люсі, па песні «Бітлз» Lucy in the Sky With Diamonds, якая ў той момант гучала на раскопках.

Аднак зараз Люсі, магчыма, прыйдзецца саступіць пальму першынства.

«Гэты чэрап, падобна, стане яшчэ адной вядомай «візітоўкай» чалавечай эвалюцыі», — пракаментаваў знаходку ў часопісе Nature прафесар Фрэд Спур з лонданскага Музея натуральнай гісторыі.

Паколькі чэрап MRD так выдатна захаваўся, навукоўцы змаглі вызначыць рысы, якія раней не заўважалі ў парэшткаў гамінідаў. Некаторыя з іх па-ранейшаму «прымітыўныя», гэта значыць, вельмі падобныя да тых, якія можна назіраць у самых ранніх малпападобных відаў: маленькі галаўны мозг і доўгая вузкая чарапная каробка.

Іншыя рысы набыты ў ходзе эвалюцыі і сустракаюцца ў пазнейшых відаў гамінідаў, напрыклад, відавочна высунутыя наперад рысы твару і высокія скулы.

Па меркаваннях вучоных, хутчэй за ўсё, невялікая група анамскіх аўстралапітэкаў апынулася ізаляванай ад асноўнай папуляцыі і на працягу нейкага прамежку часу эвалюцыянавала ў афарскіх гамінідаў, адаптуючыся да мясцовых асаблівасцяў. Абедзве разнавіднасці існавалі поруч, пакуль не вымерлі апошнія прадстаўнікі анамскай галіны.

У працэсе эвалюцыі чалавека шмат звёнаў, якія пакуль яшчэ не выяўленыя, і знойдзены чэрап анамскага аўстралапітэка гэта пацвярджае.

Суіснаванне розных відаў гамінідаў больш за 3 млн гадоў таму ва ўсходняй частцы афрыканскага кантынента, верагодна, мае падобныя рысы з працэсамі, якія адбываліся на тэрыторыі Азіі і Еўропы ў значна больш позні перыяд.

На тэрыторыі Еўразіі 50 тысяч гадоў назад жылі прадстаўнікі трох галін: сучаснага чалавека, неандэртальцы і дзянісаўцы, — і ўсе яны перыядычна ўступалі ў кантакт і спарваліся.

«Чэрап MRD — гэта цудоўнае папаўненне палеанталагічнага летапісу эвалюцыі чалавека», — кажа прафесар Спур.

пераклад NN.by


20:09 03/09/2019


Загрузка...
Загрузка...