АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Звольнілася дырэктарка школы ў Стоўбцах

Звольнілася дырэктарка школы ў Стоўбцах
Аксана Лось, дырэктарка школы №2 у Стоўбцах, дзе сёлета былі забітыя настаўніца і вучань, звольнілася з пасады. У заяве пазначана, што яна зрабіла гэта па ўласным жаданні, аднак калегі і бацькі навучэнцаў мяркуюць, што на яе націснулі чыноўнікі.

Як паведамляў TUT.by, 28 жніўня ля школы адбыўся сход бацькоў і настаўнікаў – калі тыя даведаліся, што Аксана Міхайлаўна звальняецца, прыйшлі яе падтрымаць і даведацца рэальную прычыну. Яшчэ 26 ліпеня Лось падпісала працоўны кантракт, рыхтавалася да новага навучальнага году, а 20 жніўня падала заяву на звальненне.

Чыноўнікі са Стаўбцоўскага райвыканкаму, у прыватнасці намесніца старшыні Жанна Лысая, асабіста наведала сход, каб запэўніць прысутных: дырэктарка сапраўды звальняецца па ўласнай ініцыятыве, яе «прасілі застацца, каб захаваць калектыў».

Сама Аксана Лось сёння адмаўляецца гаварыць з журналістамі. Belsat.eu пагутарыў з намесніцай па вучэбнай працы дырэктара школы Ірынай Гарэлік.

«Яна звольненая ўчора. У чым прычына? Напісаная заява ёй па ўласным жаданні… Яна нічога не тлумачыла, нічога…», – кажа яна.

На пытанне, што паўплывала на рашэнне Аксаны Міхайлаўны і ці звязана гэта з трагедыяй, якая адбылася тут у лютым, педагог кажа:

«Я думаю, што гэта прычына… З трагедыяй, канешне, будзе звязана. Іншай прычыны, напэўна, няма».

Паводле словаў Ірыны Гарэлік, дырэктарку выклікалі ў райвыканкам некалькі дзён таму «у сувязі са звальненнем»:

«У выканкаме яна была на ўзгадненні. Цяпер, каб звольніцца, трэба ўзгадніць спачатку».

– Ці можна сказаць, што яна пісала заяву ў прыгнечаным настроі?

– Канешне, у прыгнечаным…, – адказвае намесніца.

Нумар тэлефону Аксаны Лось у школе не даюць, бо тая «ні з кім не хоча размаўляць і прасіла не даваць нумар». Хто зойме пасаду дырэктара стаўбцоўскай школы, пакуль што не паведамляецца.

Нагадаем, 11 лютага 2019 году у СШ №2 у Стоўбцах была забітая настаўніца Марына Пархімовіч і 11-класнік Аляксандр Раманаў. Паводле следства, гэта зрабіў 16-гадовы Вадзім, вучань той жа школы. 19 жніўня распачаўся суд у справе аб падвойным забойстве, працэс праходзіць у закрытым рэжыме, бо абвінавачаны – няпоўнагадовы.

Паводле belsat.eu


12:16 29/08/2019


Загрузка...
Загрузка...