АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Пілот «Белавія» ўратаваў самалёт на перагружанай паласе аэрапорта ў Амстэрдаме

Чытач «Нашай Нівы» паведаміў пра незвычайную сітуацыю з самалётам Белавіі ў Амстэрдаме, якой стаў сведкам. 



Гэтую гісторыю ён ацэньвае як гераічную.

«У чацвер, 22 жніўня, ляцелі з сям'ёй з Мінска ў Амстэрдам. Я так разумею, тамтэйшы аэрапорт быў моцна перагружаны: першы раз такое бачыў проста ў ілюмінатар, каб побач на пасадку заходзілі самалёты, так блізка. Мы ўжо сядалі, крануліся коламі паласы і паехалі, але зноў набралі хуткасць і ўзляцелі, селі з другога разу.
Як патлумачыла каманда, калі я правільна зразумеў, нехта з тых, хто сядаў перад намі, не паспяваў ці то з'ехаць, ці то развярнуцца, і была рызыка ўрэзацца, таму мы пайшлі на другое кола. 

Усе пасля прызямлення хацелі паціснуць руку пілоту, я таксама падзячыў», — расказаў чытач Нашай Нівы Аляксей. 

Звесткі FlightRadar'a пацвярджаюць гэты расказ — бачна, што беларускі самалёт ужо пачаў тармазіць, але пасля кароткага тармажэння зноў пайшоў уверх. 

Мы спыталіся ў «Белавія», а што там такое было. Тыя пацвердзілі, што самалёту давялося ўзляцець праз тое, што на паласе быў іншы. 

«Пасадка рэйса B2 867 Мінск-Амстэрдам праходзіла ў штатным рэжыме пад поўным кантролем дыспетчараў аэрапорта Схiпхол, — гаворыцца ў каментары «Белавія». — Аднак пры пасадцы пілотам была дадзена каманда сысці на другі круг з-за нявызвалення паласы іншым паветраным суднам. Экіпаж дзейнічаў у адпаведнасці з інструкцыяй дыспетчараў, палёт праходзіў у штатным рэжыме і ў адпаведнасці з правіламі бяспекі палёту. Бяспека пасажыраў, экіпажа і паветранага судна была забяспечана цалкам. Інфармацыя пра прычыны сыходу на другі круг была даведзена камандзірам паветранага судна пасажырам па гучнай сувязі». 


19:42 23/08/2019


Загрузка...
Загрузка...