АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Рыхтаванне Смаргоні да Дажынак: пыл слупам толькі на Савецкай

Імпрэзу чакаюць 17 лістапада і рыхтуюцца ўва ўсю. Асноўныя працы маюць закрануць частку цэнтральнай вуліцы. Мы шчыра шукалі станоўчыя бакі рэканструкцыі сталіцы Дажынак-2019 на Гарадзеншчыне, што, як высветлілася, зусім няпроста.

Рыхтаванне Смаргоні да Дажынак: пыл слупам толькі на Савецкай
Першым чынам рамантаваць узяліся райвыканкам на плошчы Леніна. І гэта выклікала натуральны выбух нараканняў смаргонцаў: у кепскім стане шпіталь, у дамах цякуць падвалы, у амфітэатры крышацца прыступкі, але аб’ектам № 1 стаў будынак адміністрацыі і дошка гонару побач з ім, пишет Белсат.

Трохі раней з плошчы Леніна прыбралі на рэстаўрацыю Леніна. Кажуць, што цяпер на яго няма грошай і хутчэй за ўсё Уладзімір Ільіч на сваё месца не вернецца. Замест яго паставілі клумбы.

Прадстаўнікі райвыканкаму не раз казалі, што галоўнымі аб’ектамі перабудовы стануць Дом побыту, Дом культуры і басейн. Вось так ідзе праца над першым з іх.

Дажынкавы рамонт часам робяць толькі на фасадзе з боку галоўнай вуліцы. Тут праца кіпіць каля галоўнага ўваходу, а са двара пакуль нават рыштаванняў не паставілі.

Вуліцу Савецкую зрабілі накшталт бульвару з вялікаю пешаходнаю часткай і клумбамі пад дрэвы і кветкі. Тут пройдуць асноўныя падзеі Дажынак.
Адрэмантаваны тратуар падабаецца жыхарам горада. Смаргонь рыхтуецца да Дажынак. Ірына Арахоўская / Belsat.eu

Напэўна, у Смаргоні будзе самая кантрастная вуліца пасля дажынкавага рамонту. Вышэй вы бачыце Савецкую з боку праезду, а так выглядае яна ж у двары. Жыхарка дому 12 на Савецкай дзеліцца ўражаннямі: «Нашы суседзі з 10 дому нават подпісы збіралі, каб дарогу паклалі ў двары. І нічога. А ў нас, калі ідзе дождж, вада цячэ ў падвал. Дом на цэнтральнай вуліцы, а цвіль уся ўнізе». З ёй пагаджаецца і спадар Уладзімір, якога мы сустракаем у тым жа двары: «Трэба не толькі асфальт пакласці, але і ўсталяваць лаўкі, альтанкі, пляцоўку для дзяцей».
Двор дому 10 па вуліцы Савецкай, дзе праходзіць падрыхтоўка да Дажынак. Смаргонь рыхтуецца да Дажынак. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Дарога ля дома па Вуліца Вікторыі Сінкевіч,3. Тарэц выходзіць на цэнтральную вуліцу. Смаргонь рыхтуецца да Дажынак. Ірына Арахоўская / Belsat.eu
Пытанне дарог для гораду, пэўна, адно з самых балючых. Паводле плану рэканструкцыі да свята добраўпарадкуюць ад цэнтру гораду, перасячэння з вуліцаю Гагарына, да колавага раз’езду ў кірунку Ашмянаў.

А вось дарогі ў прыватным сектары ў рамонт амаль не далучылі. Пашанцавала толькі лічаным шчасліўцам у цэнтры.

Мясцовыя ўлады заклікаюць людзей самім займацца добраўпарадкаваннем, але і гэта не заўжды магчыма. Сябры гаражнага таварыства № 5, да якога ідзе жвір распавялі belsat.eu, што вырашылі сваймі сіламі пакласці асфальт, знайшлі грошы, замовілі тэхніку, прыехалі машыны… І тут высветлілася, што няма асфальту – увесь пойдзе на Савецкую. Гэтак, тэхніка пастаяла і раз’ехалася, а людзі працягваюць біць машыны па такіх ямінах.

Да Дажынак з’явілася і бясспрэчная новая славутасць гораду – мурал з Крэўскім замкам. Дзякуючы смаргонскім мастакам тут з’явіўся папулярны фотапункт і для мясцовых, і для турыстаў.

Мясцовыя да дажынкавых рамонтаў ставяцца спакойна і рытарычна заўважаюць: «Ну хоць нешта робяць. Яно трымаецца пэўны час. Нядоўга, але ж трымаецца». Апошні раз у Смаргоні нешта рэстаўравалі да Дня пісьменнасці, які тут святкавалі 10 гадоў таму.

Марыя Грыц, фота Ірына Арахоўская


18:59 19/08/2019


Загрузка...
Загрузка...