АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Рэпартаж са стаўпецкага суда, дзе пачаўся працэс па двайным забойстве ў школе

Родныя загінулай падчас лютаўскіх падзей настаўніцы патрабуюць больш жорсткага пакараньня для абвінавачанага, чым гэта прадугледжвае Крымінальны кодэкс.


Рэпартаж са стаўпецкага суда, дзе пачаўся працэс па двайным забойстве ў школе
Суд па справе аб двайным забойстве ў стаўпецкай школе пачаўся ў судзе стаўпецкага раёна аб 11 гадзіне. Прыкладна за гадзіну да яго пачатку ля будынку пачалі зьбірацца дзяржаўныя і незалежныя журналісты. Абвінавачанага прывезьлі ў будынак суду загадзя, самым ранкам. Судзьдзя менскага абласнога суду разам з сакратаром прыехаў прыкладна за 40 хвілін да пачатку працэсу.
 «Сёньня пачынаюць яго судзіць? Думаю, гэта ўсё настаўнікі вінаватыя. Такая бяда», — так абмяркоўвалі пачатак працэсу наведнікі стаўпецкага суда ў фае будынка.

Пацярпелымі на працэсе пакуль прызнаныя толькі два чалавекі — муж загінулай настаўніцы Вячаслаў Пархімовіч і бацька забітага 11-клясьніка Аляксандра Раманава Сяргей. Яны прыйшлі на суд амаль адначасова, за 20 хвілін да пачатку працэсу.

«Больш за 10 гадоў яму не дадуць»

«Я нічога ад суда не чакаю, — сказаў муж загінулай настаўніцы Вячаслаў Пархімовіч. — Нічога яму не будзе. Тое што ён нарабіў, і пакараньне — яно неадэкватнае. Артыкулы абвінавачваньня нармальныя, але яму не могуць прысудзіць больш за 10 гадоў. Павінна быць пажыцьцёвае зьняволеньне. Ужо вядома, што 8-10 гадоў, больш яму не дадуць».

Разам з ім на працэс прыйшлі сястра Марыны Пархімовіч Алена і яе сын Антон. Яны падалі хадайніцтва аб прызнаньні пацярпелымі. Калі судзьдзя яго задаволіць, то ім таксама дазволяць прысутнічаць на паседжаньнях.

«Пра сапраўдныя матывы мы не ведаем нічога, — сказаў сын загінулай настаўніцы Антон Пархімовіч. — Спадзяюся, нам пра іх у судзе раскажуць. А магчыма, што і не даведаемся ніколі. Напачатку нам сказалі, што мы не зможам прысутнічаць на судзе, толькі мой бацька. Сёньня мы прыйшлі з хадайніцтвам. Сёньня яго будуць разглядаць. Магчыма, нам дазволяць».

На думку родных загінулай, самыя вялікія пытаньні выклікае закрытасьць працэсу. Афіцыйна яе тлумачаць тым, што абвінавачанаму на момант зьдзяйсьненьня злачынства не было 18 гадоў. А таксама што падчас працэсу будуць разгалошаныя зьвесткі аб стане яго здароўя. Ніхто з пацярпелых зрабіць суд закрытым не прасіў. Наадварот.

«Чаму суд закрыты, — кажа сястра загінулай настаўніцы Алена. — У маёй маці пастаянна пытаньне, чаму нікога не пускаюць. Значыць, хаваюць нешта? Я не магу ёй патлумачыць, чаму суд закрыты».

 «Ходзяць чуткі, што яго травілі ў школе»

Сына загінулай настаўніцы абурае найперш тое, што абвінавачаны ў выпадку прызнаньня яго вінаватым зможа выйсьці на свабоду праз адносна невялікі тэрмін.

«Такое адчуваньне, што ён мэтанакіравана ішоў забіваць людзей, — кажа сын загінулай настаўніцы. — Для яго гэта было як забава. Як кветкі на клюмбе рэзаць. Ён жа не едучы на аўтамабілі забіў, не выпадкова. Пасьля суду, калі нам нешта скажуць пра яго рэальныя матывы, я ўсё раскажу. Факт, што праз восем гадоў гэты чалавек будзе хадзіць па вуліцах. Ходзяць чуткі, што яго травілі ў школе. Праз восем гадоў вы ў чарзе недзе яму на нагу наступіце, а ён за кутом вас дагоніць і вы „ляжаце“. Думаеце, восем гадоў яго выправяць?».

 «Я нічога ад працэсу не чакаю»

Акрамя родных Марыны Пархімовіч на працэс таксама прыйшоў бацька загінулага 11-клясьніка Аляксандра Раманава і бацькі абвінавачанага. Нейкі час яны чакалі пачатку працэсу побач з пацярпелымі, размаўляць з журналістамі не сталі.

«Я нічога ад працэсу не чакаю. І так усё зразумела, — сказаў Свабодзе бацька загінулага 11-клясьніка. — Ці буду задаволены працэсам, пакуль не магу сказаць. Я ж не ведаю, чым ён скончыцца. Зьбіраюся хадзіць на ўсе паседжаньні. Колькі дадуць абвінавачанаму, мне ўсё адно. Пакараньне будзе неадпаведным таму, што ён нарабіў».

Колькі працягнецца разгляд справы, пакуль невядома. На працэс у якасьці сьведак будуць выклікаць настаўнікаў і вучняў школы, дзе здарылася трагедыя. А таксама іншых асобаў, якіх апытвалі супрацоўнікі Сьледчага камітэту падчас сьледзтва.

Забойства ў стаўпецкай школе. Асноўнае

Паводле сьледзтва 11 лютага ў стаўпецкай сярэдняй школе № 2 вучань 10 клясы напаў з нажом на настаўніцу і трох вучняў.
50-гадовая настаўніца гісторыі і грамадазнаўства і вучань 11 клясы загінулі, двух аднаклясьнікаў нападніка шпіталізавалі з раненьнямі.

Сьледчы камітэт завёў крымінальныя справы за забойства двух і больш чалавек і спробу забойства. Паводле ч. 2 арт. 139 Крымінальнага кодэксу Рэспублікі Беларусі нападніку могуць прысудзіць ад 8 да 12 гадоў турмы.

svaboda.org
11:27 19/08/2019


Загрузка...
Загрузка...