АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Жыхары Фаніпалю пісалі зварот Лукашэнку, а да іх прыйшла міліцыя

Жыхары Фаніпалю захацелі жыць добра, а ўлады Фаніпалю даслалі міліцыю з пратаколам. Каб аб бедах у горадзе-спадарожніку сталіцы даведаліся ў Менску, больш за 400 мясцовых жыхароў падпісала калектыўны зварот у абласную пракуратуру, Камітэт дзяржкантролю і Адміністрацыю кіраўніка дзяржавы, перадае "Белсат".

Жыхары Фаніпалю пісалі зварот Лукашэнку, а да іх прыйшла міліцыя
Усё пачалося з праблемнага дому № 5 на вуліцы Берасцейская. Людзі тут жывуць, а камунальныя службы не працуюць, пакуль забудоўнік не аддасць доўгу.

«У сакавіку было халодна, не было ацяплення, а ў нас малое дзіця. У кватэры было халодна».

«Не паўсюль святло ў нас працуе ў пад‘ездзе, і навокал тэрыторыі таксама асвятлення няма».

«Дарогі разрытыя, разбураныя, немагчыма ні пакатацца з дзецьмі, ні прайсці – цяпер школы пачнуцца, садочкі, не дайсці ні да садкоў, ні да школаў», – пералічваюць праблемы жыхары дому.

Перакапаныя і разбітыя дарогі, гнілыя трубы, пакладзеныя з парушэннямі тэхналогіі, пастаянныя адключэнні вады па ўсім горадзе – гэтыя праблемы фаніпальцы патрабуюць расследаваць з адмысловаю камісіяй. Таксама просяць зарганізаваць нарэшце аўтобус ад Фаніпалю да метро «Малінаўка», каб людзі маглі ездзіць на працу.

Подпісы ў ліпені сабраў жыхар таго самага праблемнага дому Дзмітрый Шчаглоў, праз сацыяльную сетку запрасіў людзей сабрацца пад крамай. У выніку каля крамы стаяла машына з людзьмі ў цывільным, а праз пару дзён дадому да Шчаглова прыехала 4 міліцыянты з пратаколам.

«Я на падставе закону №300-3 аб зваротах грамадзянаў збіраў подпісы. Там не ўстаноўлены парадак, час і спосаб збору. А яны гэта спрабуюць падаць, што не проста так… Ім нехта сказаў куды пад’ехаць і што зрабіць», – распавядае Дзмітрый Шчаглоў.

Як патлумачыў фаніпальскі ўчастковы Ягор Навіцкі, Шчаглоў нібыта парушыў закон аб масавых мерапрыемствах, бо запрасіў людзей сабрацца без дазволу гарвыканкаму.

Паводле Закону аб масавых мерапрыемствах, грамадзяне, каб самастойна сабрацца для чаго-кольвек, мусяць зараней атрымаць дазвол ад мясцовых уладаў, дадаткова аплаціць паслугі міліцыі, хуткай дапамогі і камунальных службаў. Змены ўвялі пасля хвалі сацыяльных пратэстаў у розных гарадах Беларусі.

«У нас ёсць ад 2018-га года адказ ад Палаты прадстаўнікоў, я яго зачытаю: збор подпісаў грамадзянаў пад калектыўным зваротам не парушэнне заканадаўства аб масавых мерапрыемствах. То бок гэта азначае, што і міліцыя не ведае заканадаўства, якое яна павінна абараняць», – каментуе сустаршыня руху «Гавары праўду» Андрэй Дзмітрыеў, які 3 гады таму спрабаваў стаць дэпутатам Палаты прадстаўнікоў ад Фаніпаля.

Падобна, гэтаксама пакуль палічыў і суд Дзяржынскага раёну. Але суддзя не прызнаў адміністратыўнага пратаколу аб парушэнні закону нядзейным, а аддаў яго міліцыянтам на дапрацоўванне.



08:59 19/08/2019


Загрузка...
Загрузка...