АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Упершыню ў Менску – трыенале маладых мастакоў

Два паверхі Палацу мастацтва аддалі творцам, маладзейшым за 31 год. Побач з жывапісам, скульптураю, графікай і сучасны жанр – генератыўнае мастацтва, то бок карціны, створаныя з дапамогаю камп’ютарнага алгарытму.

«Па сутнасці я пішу праграмны код, які пачынае ствараць гэтыя працы. Вынік выходзіць не зусім прадказальны, і гэта, магчыма, галоўнае, што мне падабаецца ўва ўсім гэтым», – распавядае мастак Кірыл Дзямура.

Ад тэхналогіяў да традыцыі – біблейны сюжэт Дабравешчання ў інтэрпрэтацыі мастачкі Хрысціны Мельнік. Аўтарка працуе ў старажытнай тэхніцы ляўкас і стварае своеасаблівую стылізацыю абразоў:

«Я натхнялася храмавымі фрэскамі Свята-Праабражэнскай царквы ў Полацку – гэта адзіны помнік ХІІ стагоддзя, дзе захаваліся фрэскі. Ёсць пэўныя каноны, пэўная стылізацыя ў гэтых вобразах і стрыманая гама».

Для выпускніцы Універсітэту культуры Кацярыны Давыдавай гэта дэбютная выстава. Керамістка аздабляе сучасныя формы дагістарычнымі ўзорамі:

«Мне было цікава пачаць паказваць свае працы. Можа, штосьці з гэтага выйдзе. Таксама было цікава паглядзець, што робяць студэнты з іншых універсітэтаў».

Трыенале, якое адначасова і конкурс, заснавала сёлета Міністэрства культуры, каб паказаць найлепшае ў маладым мастацтве. Адбор прайшлі 140 прац, якія трапілі і ў каталог выставы. Журы вызначыць пераможцаў у 8 намінацыях, сярод якіх манументальнае мастацтва, інсталяцыя і куратарскі праект. Прычым асобна ацэньваюцца творы студэнтаў і ўжо вядомых мастакоў, такіх як Алеся Скарабагатая або Алесь Багданаў.

Аддаць голас за свайго фаварыта могуць і гледачы. Мне, напрыклад, даспадобы казачная графіка Марыны Жвірблі. Пераможцы атрымаюць грашовыя прэміі. Узнагароджанне адбудзецца 23 жніўня, за дзень да закрыцця выставы.

Аляксандра Дорская, belsat.eu


09:32 17/08/2019


Загрузка...
Загрузка...