АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Член-карэспандэнт Каваленя: Калі б Сувораў не разбіў Касцюшку, не было б ніякай Беларусі

Напярэдадні ў інтэрнэце з'явіўся адказ Акадэміі навук на зварот аб наданні адной з вуліц Мінска імя Тадэвуша Касцюшкі.

Член-карэспандэнт Каваленя: Калі б Сувораў не разбіў Касцюшку, не было б ніякай Беларусі
Першы намеснік старшыні прэзідыума Акадэміі навук Сяргей Чыжык падпісаўся пад адказам, у якім гаворыцца, што Тадэвуш Касцюшка не вёў барацьбу за інтарэсы беларускага народа, а адстойваў інтарэсы Польшчы і ЗША.

Карэспандэнт «НН» запісаўся на прыём да Сяргея Чыжыка, але на сустрэчу прыйшоў таксама член-карэспандэнт Аляксандр Каваленя. Цяпер ён сакратар аддзялення гуманітарных навук і мастацтва Акадэміі навук, а раней узначальваў Інстытут гісторыі.

Менавіта Аляксандр Каваленя быў аўтарам таго ліста, які падпісаў Чыжык. І менавіта Каваленя лічыць, што Касцюшка не з’яўляецца нацыянальным героем Беларусі.

Зміцер Панкавец: Вы лічыце, што Касцюшка не герой Беларусі. Але ў Мінску, напрыклад, ёсць вуліца Баляслава Берута, прэзідэнта Польшчы, ён быў героем Беларусі?

Аляксандр Каваленя: У нас размова ідзе пра Касцюшку, давайце ставіць кропкі над «і» па Касцюшку. Што ў гэтым адказе вас не задавальняе? І што б хацелі, каб мы напісалі ад імя акадэмічнага асяроддзя? Вы ставіце пытанне аб наданні Касцюшку звання героя Беларусі.

- Не, я стаўлю перад вамі пытанне аб наданні адной з вуліц Мінска імя Тадэвуша Касцюшкі.

- Зміцер, глядзі. Вы ж пішаце ў сваім артыкуле: «нацыянальны герой Беларусі». Вы дазволілі зняважыць сабе ўсю Нацыянальную акадэмію навук Беларусі. Толькі мажаце чорнай фарбай. Нічога не сказалі затое пра 37-томны гістарычны атлас. Што значыць нацыяльны герой, адкажыце? Вы слоўнік Ожэгава [тлумачальны слоўнік рускай мовы — «НН»] чыталі?

- Не чытаў. Для мяне герой — гэта чалавек, які зрабіў гераічны ўчынак і памяць пра якога жыве сярод людзей.

- Дык што вы ад нас хочаце? Вуліца Берута? У свой час была ідэя, таму і зрабілі вуліцы Троцкага, Леніна. Вы хочаце, каб мы зноў нарабілі тых самых памылак?

- Нават у Санкт-Пецярбургу ёсць вуліца Касцюшкі, а ў нас няма.

- Што вы мяне пытаеце, каб я адказваў за Санкт-Пецярбург? Я буду адказваць за Мінск. Зміцер, дарагі ты мой, я ўжо больш забыўся, чым ты ведаеш. Я абараніў дзве дысертацыі па Другой сусветнай вайне. А ты мне называеш Каліноўскага, Касцюшку — усё гэта я забыўся яшчэ ў першым класе.

- Хочаце пра Другую сусветную? Іосіф Сталін надаў імя Касцюшкі пяхотнай дывізіі.

- Нашто вам той Сталін?

- Бо нават Сталін не баяўся імя Касцюшкі, а вы баіцеся.

-Прычым мы баімся?! Па табе стралялі?

- Не стралялі.

- А па мне стралялі. А ён мне кажа, што мы баімся.

- Я вас прашу адказаць па вуліцы, калі ласка.

- Гэта не наша прэрагатыва, мы гэтым не займаемся. Мы ж нават пішам: можаце прымаць, а можаце не прымаць.

- Чаму ў краіне столькі вуліц і калгасаў імя Суворава?

- Зміцер, дарагі! Каб вашу «Нашу Ніву» пачыталі тыя, хто стаяў ля яе вытокаў, яны б перавярнуліся. Вы разбураеце сёння беларускую мову і культуру. Вы ўносіце ў мову паланізмы. У «Родным слове» кажуць, што палову словаў не разумеюць, калі вас чытаюць.

Мы ўпершыню ў гісторыі навучылі машыну размаўляць па-беларуску, чаму пра гэта не пішаце? У нас у акадэміі — востраў па адраджэнні нацыянальнай мовы, гісторыі і культуры. Мы выдалі ўсіх класікаў нацыянальных. І працягваем, цяпер выдаём Янку Брыля. Вы ведаеце такога Мушынскага [Міхась Мушынскі — член-карэспандэнт Акадэміі навук, кіраваў выданнем 13 збораў твораў беларускіх пісьменнікаў. Памёр у 2018 годзе — «НН»]?

- Натуральна, гэта дзед нашага галоўнага рэдактара [Ягора Марціновіча].

АК: Каб ён пачытаў сёння тое, што вы напісалі, то ён бы перавярнуўся. Мы з ім сябравалі. Ён расказваў пра сваіх унукаў. Памяць дзеда абняславілі ўнукі. Раздзьмулі праблему.

- Хто раздзьмуў? Гэта ваш адказ, якім абураюцца людзі.

- Вы адказваеце за газету, за «Нашу Ніву». Мы будзем гаварыць з Плашчынскім [аўтар зварота ў Акадэмію навук — «НН»]. Вы нас прымушаеце рабіць няпраўду.

- Якую няпраўду?

- Каб мы напісалі, што Касцюшка — нацыянальны герой.

- Касцюшка часта называў сябе «ліцвінам», а не палякам.

- Для таго, каб атрымаць выгаду, каб займець хаўруснікаў, ён бы чым заўгодна займаўся. Гэта была прапаганда. Тое, чым вы цяпер займаецеся. Такі ён герой, чаму не разбіў Суворава тады?

- Вы не памятаеце, як МЗС Беларусі бараніў Касцюшку, калі яму помнік у Швейцарыі адкрывалі?

- Мы памятаем.

- У МЗС непісьменныя людзі, што яны заступаліся за Касцюшку?

- Гэта не наша справа. Мы нават не напісалі ў сваім адказе словы Напалеона, які назваў Касцюшку дурнем, нарцысам.

- Вы спасылаецеся на Канстытуцыю 3 мая, але нават яна пакідала федэратыўны характар Рэчы Паспалітай.

- Калі б не Сувораў, то не было б «Нашай Нівы», не было б Беларусі.

- Ну што вы такое кажаце?!

- Так, а ты што не ведаеш, што па стане на 1939 год у Польшчы не было ніводнай беларускай школы. Было вымыта ўсё нацыянальнае, палову людзей пасадзілі ў турму. І калі б Сувораў не разбіў Касцюшку, то не было б ніякай Беларусі.

- Не было ніводнай славацкай школы таксама, але гэта не значыць, што нацыя б знікла.

- Колькі сёння беларусаў пішацца ў Польшчы? Калі ты назавешся беларусам у Польшчы, але не пішаш кепскага пра Расію, то табе няма дарогі нікуды.

- Вернемся да вуліцы імя Касцюшкі. Чалавек нарадзіўся ў Беларусі, называў сябе ліцвінам.

- Але выступаў за польскую мову.

- У вас тут у акадэміі вісіць партрэт Ігната Дамейкі, ён таксама гаварыў па-польску. І што?

- І Дамейка! У нас размова не пра Дамейку, не пра Берута, а пра Касцюшку. У нас у другім томе «Гісторыі» ёсць партрэт Касцюшкі, і Каліноўскага ёсць. Дзе тут у нашым адказе ёсць памылкі? Газета нанесла вялізны ўрон Акадэміі навук. Ягор, светлай памяці яго дзеда, [мусіў] сказаць бы: «Не чапайце Акадэмію навук!» А вы палошчаце Акадэмію навук, якая займаецца нацыянальным адраджэннем.

- Ну няўжо вы не ведаеце, што вялізная колькасць людзей у нас у краіне лічыць Касцюшку героем.

- Мяне гэта не цікавіць.

- Нават дзяржава выпускала маркі з яго выявай.

- І правільна рабіла. Быў свой час — і выпускалі маркі. Мы Нацыянальная акадэмія, мы павінны выпраўляць тыя памылкі, якія былі зробленыя.

- Ёсць сувораўскія вучылішчы. Не лічыце, што гэтую памылку трэба выправіць?

- Сувораў разбіў Касцюшку — і гэта дазволіла спыніць паланізацыю беларускага народа. Ясна табе?

- Колькі беларускіх школаў было ў Расійскай імперыі?

- Пачытайце старую «Нашу Ніву»! А хто рабіў выдавецтва «Загляне сонца ў наша ваконца».

- Так, напрыканцы існавання Расійскай імперыі друк на беларускай мове быў дазволены, але не адукацыя.

- Пачытайце, колькі школ было ў «Нашай Ніве»!

- Што наконт вуліцы Касцюшкі?

- Паўтараю, гэта не наша прэрагатыва. Мы не займаемся гэтым.

- Нават рэкамендацый не даяце?

- Не.

- Ніколі не давалі?

- (цішыня).

**
Нарадзіўся ў 1946 годзе ў Капылі. Скончыў Мінскае прафесійна-тэхнічнае вучылішча №23, гісторыка-геаграфічны факультэт Мінскага дзяржаўнага педагагічнага інстытута імя А. М. Горкага.

Працаваў на кафедры гісторыі КПСС Мінскага педінстытута, загадчыкам кафедры айчыннай і сусветнай гісторыі.

З 2004 — в.а. дырэктара, у 2005—2010 — дырэктар Інстытута гісторыі. З 2009 — акадэмік-сакратар Аддзялення гуманітарных навук і мастацтваў Нацыянальнай акадэміі навук.

Член-карэспандэнт Акадэміі навук (2014). У 2017 годзе не быў абраны акадэмікам.

Гутарыў Зміцер Панкавец


16:50 14/08/2019


Загрузка...
Загрузка...