АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

23 гады на траіх. У Менску асудзілі падлеткаў за распаўсюд наркотыкаў

Cуд Менскага раёну прыгаварыў трох непаўналетніх, абвінавачаных у распаўсюдзе псыхаактыўных рэчываў у складзе арганізаванай групы (частка 3 артыкулу 328), да 9 і 10 гадоў пазбаўленьня волі. Да іх прымененая амністыя — тэрмін скарацілі на 2 гады.

23 гады на траіх. У Менску асудзілі падлеткаў за распаўсюд наркотыкаў
На момант арышту малодшаму, Ягору С., было 15 гадоў. Ён вучыўся ў Менскім каледжы прадпрымальніцтва, куды паступіў пасьля вучобы ў СШ № 101. Асуджаны на 10 гадоў, да яго прыменена амністыя. Рэальны тэрмін — 8 гадоў, перадае Свабода.

Вячаславу Л. і Андрэю С. — 16 і 17 гадоў. Яны вучыліся ў СШ № 67.

Вячаславу Л. прысудзілі таксама 10 гадоў пазбаўленьня волі, рэальны тэрмін з улікам амністыі — 8 гадоў.

Андрэю С. залічылі чыстасардэчнае прызнаньне і далі на 1 год менш — 9, рэальны тэрмін — 7 гадоў.

Усіх трох затрымалі 1 лістапада 2018 году, і з таго часу яны знаходзяцца ў Жодзінскай турме.

У крымінальнай справе фігуравалі 44 эпізоды закладак. 38 зь іх — марыхуана. Паводле матэрыялаў сьледзтва, максымальная закладка ў 54 грамы была зробленая ў лесе пад населеным пунктам Новая Вёска пад Менскам. Мінімальная, на 0,09 грама марыхуаны, — у жылым доме на праспэкце Газэты «Зьвязда». Марыхуаны ўсяго было закладзена больш за 400 грамаў. Яшчэ ў 6 закладках нібыта знаходзіўся псыхатроп «Альфа ПВП».

Бацькі падлеткаў будуць абскарджваць прысуд.

Разам з там, сьледзтва ня высьветліла, у каго, дзе і пры якіх абставінах хлопцы атрымлівалі рэчывы: «у нявызначанай асобы, у нявызначаным месцы, у нявызначаны час».

15:04 13/08/2019


Загрузка...
Загрузка...