АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Прызыўнікі рыхтуюць пратэст супраць закону аб адтэрмінаванні

Новы закон аб адтэрмінаванні набывае моц сёння. З улікам новаўвядзенняў, калі не сёлета, дык у наступным годзе некаторым маладзёнам прызыўнога ўзросту давядзецца змяніць свае планы на жыццё ды замест навучання пайсці ў войска, перадае "Белсат".

Прызыўнікі рыхтуюць пратэст супраць закону аб адтэрмінаванні
Асноўная змена закону – магчымасць узяць адтэрмінаванне ад войскатолькі аднойчы. Гэта значыць, што перад паступленнем, напрыклад, у магістратуру трэба будзе адслужыць. Гэтак давядзецца і Паўлу. Цяпер 19-гадовы маладзён вывучае міжнародныя зносіны ў Польшчы.

Хлопец прыязджае ў Менск двойчы на месяц. Але праз год, калі ён будзе паступаць у магістратуру, чарговы ягоны прыезд можа скончыцца прызывам.

«Давядзецца адслужыць год, год чакаць і потым толькі на трэці год паступаць, і ў гэтым праблема. Я б зразумеў, калі б за мной заставалася месца. Але я сумняюся, што хтосьці тут зможа дамовіцца, каб мне далі акадэмічны адпачынак на год і каб я потым працягнуў навучанне», – кажа Павел.

Гэтак жа з насцярогаю нядаўна прыняты закон сустрэў і актывіст кампаніі «Пратэст BY» Валянцін Мілешка, які сёлета паступіў у магістратуру. Паводле новых правілаў, маладзён меўся пайсці ў войска ўжо сёлета. Але змірыцца з нечаканымі зменамі ён не захацеў ды вырашыў пратэставаць.

«Мы цяпер з неабыякавымі да новага закону людзьмі падаем заяўкі на адзіночныя пікеты, хочам у жніўні правесці не менш за 50 пікетаў па Менску і ў вобласцях, каб прыцягнуць яшчэ больш увагі грамадскасці», – кажа магістрант.

Сёлета Валянцін усё ж зможа спакойна вучыцца, бо два дні таму Міністэрства адукацыі і Міністэрства абароны дазволілі сёлетнім магістрантам працягнуць навучанне. Арганізатар пратэставага руху супраць новага закону Дзяніс Ціханенка лічыць гэта перамогаю ініцыятывы.

«Калі бы не было «Пратэст Бай», усе бы пайшлі ў войска ўжо гэтай восенню. Усе. Гэта была адназначная пазіцыя і Раўкова, калі ён выступаў у Палаце прадстаўнікоў на прэзентацыі гэтага законапраекту. Гэта былі заявы начальніка галоўнага ўпраўлення Мурашова», – кажа Ціханенка, які з’яўляецца памочнікам дэпутаткі Ганны Канапацкай.

Кампанія «Пратэст BY» стала даволі папулярная сярод моладзі: імкліва павялічваліся яе прыхільнікі ў тэлеграм-чаце, а пад зыніцыяванаю ёй петыцыяй за адмену закону сабралі больш за 10 000 подпісаў – максімальна дасяжная лічба. Што праўда, адказу ўладаў на яе дасюль не атрымалі. Актывісты распачалі ў сацыяльных сетках флэшмоб «навучанне важнейшае».

«Гэтага закону ўжо не змяніць, ён ужо прыняты. У нас застаецца адзіная магчымасць, законная адзіная магчымасць, канстытуцыйнае нашае права выказаць свой пратэст на вуліцы. І мы рыхтуем гэтае масавае адзінае вялікае мерапрыемства на восень», – дадае Ціханенка.

Улады ж усяляк рыхтуюцца да таго, каб патэнцыйных вайсковааабавязаных не мінуў прызыў. Гэтак, галоўны рэдактар дзяржаўнай газеты «Сб. Беларусь сёння» Павал Якубовіч прапанаваў праваахоўным органам заняцца таксама і юрыстамі, якія дапамагаюць маладзёнам пазбегчы прызыву ў войска.


10:36 11/08/2019


Загрузка...
Загрузка...