АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Беларусь атрымала з ЗША медыкаменты на $1,1 млн. Прычым тут Упраўленне справамі прэзідэнта?

Партыя замежнай бязвыплатнай дапамогі ў медыкаментаў агульным коштам $ 1,1 млн прыбыла ў Беларусь з ЗША, паведамілі БелТА ў Дэпартаменце па гуманітарнай дзейнасці Упраўлення справамі прэзідэнта.


Беларусь атрымала з ЗША медыкаменты на $1,1 млн. Прычым тут Упраўленне справамі прэзідэнта?
Вырабы медычнага прызначэння паступілі ў адпаведнасці з дамовай аб супрацы з арганізацыяй Emmanuel Mercy Mission (штат Арэгон, ЗША). Далей яны будуць перададзеныя ў раённыя шпіталі і паліклінікі па ўсіх рэгіёнах краіны ў адпаведнасці са сфармаванымі заяўкамі. Цяпер у Дэпартменце накіравалі Аляксандру Лукашэнку на разгляд матэрыялы па вызваленні гэтай партыі дапамогі ад мытных плацяжоў і падаткаў.

«Гэта яскравы прыклад двухбаковай гуманітарнай супрацы, калі ёсць патрэба, маюцца магчымасці і галоўнае – жаданне», – заявіў дырэктар Дэпартаменту Валеры Скакун.

Хрысціянская дабрачынная арганізацыя Emmanuel Mercy Mission была створаная ў Арэгоне ў 1992 годзе ўкраінскім эмігрантам Валерыем Шкурынскім. Місія – збор сродкаў і рэчаў дзеля адпраўкі гуманітарнай дапамогі, у прыватнасці, у краіны постсавецкай прасторы. Апошнія гады EMM надае шмат увагі Украіне, у тым ліку грамадзянам, пацярпелым у выніку вайны на Данбасе.

На сайце згаданай арганізацыі ёсць справаздача аб пастаўцы кантэйнеру з медыкаментамі ў Беларусь. Праўда, адбылася пастаўка яшчэ 7 чэрвеня.

«Кантэйнер з медычнай дапамогай на суму $ 1,111,265.60 долараў будзе дастаўлены Грамадскаму абʼяднанню «Водгук» у г. Менск.

«Абʼяднаная царква хрысціян веры евангельскай Рэспублікі Беларусь» і «Абʼяднаная царква хрысціян веры евангельскай «Выратаванне», з Грамадскім абʼяднаннем «Водгук», змогуць стаць удзельнікамі ў размеркаванні дапамогі лякарням і медычным установам Рэспублікі Беларусь», – гаворыцца ў справаздачы.

Але чаму ў навіне дзяржаўнага інфармагенцтва БелТА няма ніводнай згадкі пра «Водгук» і пералічаныя цэрквы? Адказ варта шукаць на сайце Дэпартаменту па гуманітарнай дзейнасці.

Справа ў тым, што ГА «Водгук» (які, у сваю чаргу, супрацоўнічае з шэрагам рэлігійных установаў) уваходзіць у Раду грамадскіх дабрачынных арганізацыяў пры Дэпартаменце. У спісе Савету ёсць яшчэ 8 чальцоў, сярод іх – шырокавядомыя «Чырвоны крыж» і «Карітас». Паводле беларускага заканадаўства, уся бязвыплатная гуманітарная дапамога, якую атрымліваюць ад сваіх партнёраў гэтыя арганізацыі, праходзіць праз Дэпартамент.

Яшчэ ў лютым 2019 году Валеры Скакун распавёў, што Беларусь атрымала з ЗША каштоўныя лекі супраць анкалагічных і рэдкіх генетычных захворванняў на суму $2, 2 млн. Тады партнёрам выступіла амерыканская CitiHope International, якая эфектыўна працавала з Беларуссю з 1990 году, але ў 2011 спыніла супрацу праз «дыпламатычныя праблемы». Гэта было звязана з палітыкай беларускіх уладаў.

Летась CitiHope вярнулася: мемарандум аб паразуменні, заключаны з Дэпартаментам у лістападзе 2018 году ў Вашынгтоне прадугледжваў пастаўкі ў Беларусь медыкаментаў на $5 млн. Усяго, паводле Скакуна, гатовасць супрацоўнічаць выказалі 11 дабрачынных амерыканскіх арганізацыяў. Варта адзначыць, што падобныя дамоўленасці асвятляліся ў дзяржаўнай прэсе, аднак пра вынікі – калі б канкрэтны шпіталь атрымаў канкрэтны прэпарат – амаль няма інфармацыі.

***

Упраўленне справамі прэзідэнта, куды ўваходзіць Дэпартамент па гуманітарнай дзейнасці, узначальвае Віктар Шэйман, набліжаная асоба Лукашэнкі, якога падазраюць у датычнасці да забойстваў апазіцыйных палітыкаў і аператара Дзмітрыя Завадскага ў 1999-2000 гадах. Менавіта таму супраць Шэймана (як і Лукашэнкі, і шэрагу чыноўнікаў) ЗША ўпершыню ўвялі санкцыі ў 2006 годзе. Сёлета прэзідэнт Трамп сваім указам працягнуў іх да чэрвеня 2020.

Дзеянні Шэймана і іншых чыноўнікаў прызналі «выключнай пагрозай нацыянальнай бяспецы ЗША». Ім забаронена здзяйсняць якія-кольвек фінансавыя аперацыі на тэрыторыі ЗША.

Гаворка пры гэтым вядзецца толькі пра саміх асобаў пад санкцыямі, але не пра ведамствы, якія тыя ўзначальваюць. Гэтак, Дэпартамент падшэфнай Віктару Шэйману дзяржструктуры, мае кантакты з амерыканскімі арганізацыямі.



08:40 10/08/2019


Загрузка...
Загрузка...