АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Хірурга няма, неўролаг у дэкрэце, каб запісацца — займайце чаргу а 6-й раніцы

Каб трапіць да хірурга, у наваполацкую паліклініку № 4 трэба прыйсці за дзве гадзіны да адкрыцця. На гадзінніку 6:15, а на ганку ўжо чарга з дзесяці чалавек. 

Хірурга няма, неўролаг у дэкрэце, каб запісацца — займайце чаргу а 6-й раніцы
Людзям трэба на прыём да вузкіх спецыялістаў: хірурга, неўролага, афтальмолага — але забраніраваць талончык анлайн амаль немагчыма, бо талоны разабраныя на тыдзень наперад.

У 7:30, калі пачынае працаваць паліклініка, у чарзе стаіць амаль 40 чалавек. Кажуць, гэта яшчэ не шмат.

Ці толькі ў Наваполацку, каб аператыўна трапіць да доктара, трэба падымацца а 5-й раніцы і гадзіну стаяць у жывой чарзе? І ў чым прычына такой сітуацыі?

Афтальмолаг з заробкам у 325 рублёў

На сайце наваполацкай паліклінікі № 4 размешчана больш за 10 вакансій. Патрабуюцца хірургі, кардыёлагі, афтальмолагі, стаматолагі. Да гэтых спецыялістаў утвараюцца вялізныя чэргі.

“Дзень у дзень талон можна ўзяць ці на 2-3 тыдні наперад, — распавядаюць Еўрарадыё ў рэгістратуры паліклінікі. — У які час прыходзіць, вырашайце самі. Мы працуем з 7.30”.

Узяць талон да афтальмолага ў пінскую паліклініку № 1 таксама можна толькі раніцай. І да эндакрынолага трапіць іншым чынам даволі складана. Такі спецыяліст, дарэчы, тут толькі адзін.

— Па талоны прыходзяць раніцай, стаяць чаргу людзі. Адзін эндакрынолаг на палову стаўкі… і тая з 5 жніўня ідзе ў адпачынак. Кажуць, што тыдзень ці два можа ўвогуле не быць урача, — распавядаюць у рэгістратуры.

— А ў які час прыйсці, каб дакладна талон узяць?

— Ой… не ведаю. Мы прыходзім а 7-й раніцы і ўжо чарга стаіць. Талонаў няшмат, бо доктар на палову стаўкі. Каля 10 талонаў на дзень даецца, з якіх 3-4 дакладна раён забірае.

На сайце Пінскай цэнтральнай паліклінікі таксама ёсць свабодныя вакансіі. Афтальмолага запрашаюць на заробак… у 325 рублёў! Магчыма, адбылася памылка з лічбамі? Як доктар з вышэйшай адукацыяй, працуючы на поўную стаўку, выжыве на гэтыя капейкі?

“Гэта калі без стажу і катэгорыі, — тлумачаць Еўрарадыё эканамісты медычнай установы. — Можа, на час дэкрэтнага адпачынку чалавека бяруць. Голы тарыф… Афтальмолаг першай катэгорыі і са стажам у 5 гадоў атрымае 520 рублёў”.

Найбліжэйшы хірург — у суседнім райцэнтры

Запісацца да вузкага спецыяліста няпроста і ў абласных цэнтрах. У гомельскай паліклініцы № 1 трапіць да неўролага можна толькі пасля 12 жніўня. Да гэтага дня вольных талонаў няма. У выпадку вострага болю ў рэгістратуры параілі звярнуцца да тэрапеўта.

— А да хірурга можна трапіць у найбліжэйшыя дні? — перапытваем мы.

— Хіруг цяпер толькі адзін працуе. Другі ў адпачынку. Найбліжэйшы запіс на 6 жніўня.

Калі ў гомельскай паліклініцы ў штаце два хірургі, дык у Тураве такого спецыяліста ўвогуле няма. Людзі едуць на прыём за 25 км — у суседнія Жыткавічы. 

— У нас няма хірурга. Вам трэба ў Жыткавічы тэлефанаваць. У нас хірурга ўжо даўно няма, — кажуць у тураўскай паліклініцы.

— Няма каму працаваць?

— Так. Няма ўрача. Гады тры ўжо няма. Трэба ехаць у Жыткавічы.

Тэлефануем у раённую паліклініку ў Жыткавічы. У рэгістратуры кажуць, што на 30 і 31 ліпеня талонаў ужо няма. Але да доктара можна трапіць больш-менш аператыўна.

— Талоны хутка разбіраюць. Але патэлефануйце раніцай і 1 жніўня прыязджайце. Доктар вас прыме, але толькі да трох гадзін.

Неўролаг у дэкрэце

Працягваем запісвацца на прыём да спецыяліста вузкага профілю. У пружанскай паліклініцы нас радуюць навіной, што неўролаг пайшла ў дэкрэтны адпачынак.

“Тэлефануйце 1 жніўня, — кажуць Еўрарадыё ў рэгістратуры. — Пакуль запісу да доктара няма. Пакуль доктар у дэкрэтным адпачынку, запрашаюць падмену з аддзялення бальніцы. Час пакуль абмяркоўваецца... Колькі яна будзе прымаць, мы не ведаем. Колькі талонаў будзе — таксама не ведаю”. 

Праз сайт медычнай установы на сталую працу запрашаюць спецыялістаў амаль усіх профіляў. Дарэчы, неўролагу прапаноўваюць заробак у 650 рублёў.

У бабруйскай паліклініцы № 5 таксама не хапае хірургаў, афтальмолагаў і неўролагаў. Тэлефануем у аддзел кадраў. Спецыялісту з пяцігадовым стажам прапаноўваюць заробак 500-600 рублёў.

“А можа, нават і болей атрымаецца, — адказваюць Еўрарадыё. — Праз прафсаюз можам дапамагчы інтэрнатам, але там голыя сцены. Патрэбна будзе ўся свая мэбля. 

Наконт заробку я магу вам дакладна сказаць, калі са сваімі эканамістамі паразмаўляю. Акуліста ў нас ужо даўно няма, таму складана параўнаць. На палову стаўкі ў нас лор з першай катэгорыяй каля 400 рублёў атрымлівае. З усімі дабаўкамі, прэміямі”.

У шчучынскай раённай паліклініцы Еўрарадыё распавялі, што на адзін дзень да стаматолага даецца 12 талонаў. Калі прыйсці ў рэгістратуру а 8-й раніцы, дык шанц трапіць да ўрача блізкі да нуля. Прыходзіць па талоны трэба на досвітку.


13:30 31/07/2019


Загрузка...
Загрузка...