АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Пракурор запрасіў для Віктара Паўлава найвышэйшую меру пакараньня

29 ліпеня ў Віцебскім абласным судзе скончыўся разгляд крымінальнай справы ў дачыненьні да жыхара Віцебскага раёну Віктара Паўлава, абвінавачанага ў забойстве дзьвюх пэнсіянэрак у вёсцы Прысушына (ч.2 арт.139).

Пракурор запрасіў для Віктара Паўлава найвышэйшую меру пакараньня
 Пракурор папрасіў прымяніць у дачыненьні да яго выключную меру пакараньня – расстрэл.

Пракурор Віталь Сузанскі зьвярнуў увагу, што забойства было ўчыненае асобай, якая ўжо раней зьдзяйсьняла забойства, і гэта ёсьць абцяжваючым фактарам.

Папярэдняе сьледзтва інкрымінавала Паўлаву яшчэ і разбой (ч.3 арт. 207 КК), але пракурор абверг матыў забойства і прапанаваў перакваліфікаваць дзеяньні абвінавачанага на ч.2 арт. 205 КК (Крадзеж).

Абвінаваўца палічыў віну Паўлава даказанай. Дзеяньні Паўлава былі кваліфікаваныя пракурорам як “асабліва небясьпечны рэцыдыў злачынства”.

Улічваючы ўсе акалічнасьці справы, пракурор запрасіў прымяніць у дачыненьні да абвінавачанага  выключную меру пакараньня – расстрэл.

У сваю чаргу, адвакатка Паўлава пераконвала судовую калегію (старшынюе судзьдзя Яўген Даўлюд), што забойства адбылося ў выніку спрэчкі і было справакаванае адной з жанчын, якая нібыта абражала абвінавачанага, бо мела прэтэнзіі да якасьці пабудаванага ім сарая. На думку абаронцы, мэты забіваць жанчын абвінавачаны ня меў – проста прыйшоў купіць віна, якім гандлявалі жанчыны.

У сваёй прамове адвакатка зьвярнула таксама ўвагу на памякчальныя абставіны: яе падабаронны супрацоўнічаў са сьледзтвам, напісаў яўку з павіннай, раскаяўся. Абаронца прасіла суд даць мужчыне яшчэ адзін шанец на выпраўленьне і не прымяняць да яго выключную меру пакараньня.

У апошнім слове абвінавачаны выказаў шкадаваньне і раскаяньне за ўчыненае, таксама папрасіў суд не прымяняць да яго найвышэйшую меру.

Прысуд па справе будзе абвешчаны 30 ліпеня.

vitebskspring.org
14:57 30/07/2019


Загрузка...
Загрузка...