АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Сьледчы камітэт адмовіўся адказаць, ці затрымалі за «крывавы салют» яшчэ і двух беларусаў

Паводле зьвестак Telegram-каналу Nexta, у справе аб выбухах падчас салюту 3 ліпеня, якую расьсьледуе Сьледчы камітэт, акрамя двух затрыманых прадстаўнікоў расейскай фірмы «Пиро-Росс», зьявіліся яшчэ два падазраваныя зь ліку беларускіх вайскоўцаў. 

Пракамэнтаваць гэтыя зьвесткі Свабода папрасіла афіцыйнага прадстаўніка Сьледчага камітэту Сяргея Кабаковіча.

Nexta сьцьвярджае, што статус падазраваных у справе таксама маюць капітан, намесьнік вайсковага камэнданта Менскай вайсковай камэндатуры Д. Пасьледні і старшы лейтэнант, камандзір патрульнай роты А. Круглік.
 «Прыватныя меркаваньні, камэнты побач з домысламі іншых людзей, пытаньнямі і фэйкамі камэнтаваць ня стану, — сказаў Свабодзе прадстаўнік СК Сяргей Кабаковіч. — Прадметна заяўляю, што сьледчыя скрупулёзна высьвятляюць усе абставіны таго, што адбылося. Расьсьледаваньне крымінальнай справы працягваецца».

Паводле крыніцы Nexta, менавіта капітан Пасьледні быў адказны за зараджаньне салютных установак, а старшы лейтэнант Круглік з падначаленымі «непасрэдна падразаў фаервэркі, якія ня ўлазілі, перад тым, як запхнуць іх у марціры».

У Менскай вайсковай камэндатуры сказалі, што ня могуць злучыць з намесьнікам вайсковага камэнданта Дзянісам Пасьледнім, бо той «сёньня ў адпачынку». Атрымаць камэнтар ад старшага лейтэнанта Кругліка таксама не ўдалося.

svaboda.org
08:51 12/07/2019


Загрузка...
Загрузка...