АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Шкадую, што не зрабіў гэта на 20 гадоў раней. Яна не маці, а зязюля» — судзяць мінчука, які задушыў сваю маці

28 студзеня 2019 года ў сталічную міліцыю пазваніў мужчына і паведаміў, што забіў сваю маці. 

«Шкадую, што не зрабіў гэта на 20 гадоў раней. Яна не маці, а зязюля» — судзяць мінчука, які задушыў сваю маці
Высветлілася, што гэта праўда — 61-гадовую жанчыну знайшлі задушанай у яе кватэры. Мужчыну ўзялі пад варту.

11 ліпеня ў судзе Маскоўскага раёна Мінска пачаўся працэс па гэтай справе.

У 1990-х і пачатку 2000-х Даброў неаднаразова прыцягваўся да крымінальнай адказнасці: за крадзеж аўто і махлярства. Апошнім часам перад забойствам ён нідзе не працаваў.

Маці мужчыны была інвалідам 3-й групы. Але Даброў ніяк не дапамагаў ёй, нават наадварот: хаваў сваё месца працы, грошы ёй не даваў (хаця суд абавязаў яго сплачваць «аліменты» на ўтрыманне маці). Па версіі пракурора, у тую студзеньскую ноч Даброў пасварыўся з маці, пасля чаго моцна збіў яе і задушыў вяроўкай.

Цяпер мужчыну судзяць па двух артыкулах: за забойства і за ўхіленне ад сплаты грошай па рашэнні суда.

Сам Даброў віну прызнаў часткова: кажа, што забіў, але не збіваў.

Ён патлумачыў, чаму раней ігнараваў рашэнне суда, і не плаціў грошы на ўтрыманне маці.

«Я не плаціў, бо гэта не маці, гэта зязюля. Яна ніколі не займалася маім выхаваннем — яна не маці мне. Яна мне ніхто», — рэзка сказаў Даброў.

Пасля ён распавёў пра падзеі ў студзені. Ён жыў разам з маці: раней здымаў асобную кватэру, але трапіў у бальніцу: атрымаў некалькі нажавых, калі працаваў таксістам. Яму выдалілі селязёнку, вельмі моцна пашкодзілі адно лёгкае.

Пасля бальніцы, кажа Даброў, ён ледзь-ледзь хадзіў. Грошай на здымнае жыллё пачало не хапаць. Таму ён вярнуўся на кватэру да маці. Спачатку ўсё было нармальна, але праз некалькі месяцаў жанчына напісала заяву ў міліцыю на сына. Чаму — ён не ведае. Кажа, скандалаў у іх з маці не было, маўклівая непрыязнь адно да аднаго. І заявы яна нібыта пісала ціхенька, чаму і якія ён не ведае, сцвярджае мужчына.

«Мне яна не давала жыць. Умовы кватэры не дазвалялі нармальна існаваць. Там знесеныя сцены паміж пакоем і калідорам, паміж пакоем і кухняй. Кватэра ўся ў хламе, брудная. Не працавала сантэхніка. Плюс маці рабіла стрыжкі ў хаце, пастаянна ішлі кліенты», — кажа Даброў.

Але нягледзячы на ўсё гэта ў матчынай кватэры Даброў пражыў пару гадоў. Кажа, таму, што з’ехаць не хапала грошай.

У ноч забойства, расказвае мужчына, ён пасварыўся з маці. Яна ізноў напісала на яго заяву ў міліцыю.

«Я спытаў, што за суд будзе ізноў? Яна сказала, што не ведае. Пасля яшчэ штосьці буркнула. Я выйшаў у пакой, узяў вяроўку, вярнуўся і накінуў ёй на шыю…», — расказвае Даброў.

Кажа, маці не біў — траўмы яна магла атрымаць ад удараў аб мэблю, пакуль душыў яе.

«Я не апраўдваюся — я выдатна разумеў, што раблю. Але я яе не біў. Самі падумайце, гэта не лагічна — навошта было пасля душыць, калі я і так нібыта збіваў і мог забіць проста да смерці».

Пасля таго, як Даброў задушыў жанчыну, ён выйшаў у іншы пакой, пакурыў. Схадзіў у краму, купіў рэчы першай неабходнасці — для турмы. Затым набраў участковага, распавёў, што зрабіў.

Пасля Даброў сам пайшоў у міліцыю.

На судзе ён кажа, што марыў з дзяцінства, каб штосьці здарылася з маці. І за пару дзён да забойства ўжо вырашыў — штосьці трэба зрабіць з ёй. Кажа не ведаў, што, не абавязкова забойства. Можа, ўдарыць, можа, машынай пераехаць…

І цяпер, па яго словах, яму шкада, што ён забіў чалавека. Але не шкада, што загінула яго маці.

«Можа, шкада, што я не зрабіў гэта гадоў 20 раней», — кажа Даброў.

Адным з пацярпелых па справе праходзіць родны брат абвінавачанага.

Ён патлумачыў: адносіны ў сям’і заўсёды былі складанымі. Маці мела і пастаянную працу, і пастаянны заробак (была добрай цырульніцай), але яна часта судзілася з сынамі, каб спагнаць з іх грошы.

«Я мяркую, што Аляксандр усё жыццё быў у крыўдзе на маці, бо яна добра зарабляла, але не хацела яго, альфонса, ўтрымліваць. Сам ён працаваць не ўмеў і не любіў. Я браў яго да сябе на фірму. Але работнікам ён быў кепскім: 3 балы з 10.

Я не ведаю, чаму брат так паступіў. Але я яго не асуджаю — гэта быў яго выбар», — заявіў на судзе брат Даброва.

16:34 11/07/2019


Загрузка...
Загрузка...