АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

«Маці 328» сустрэліся з Качанавай

10 ліпеня чатыры актывісткі руху «Маці 328» сустрэліся з кіраўніцай адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі Натальляй Качанавай.

«Маці 328» сустрэліся з Качанавай
Размова аб праблемах зьняволеных па антынаркатычным артыкуле цягнулася больш за гадзіну, піша «Радыё Свабода».

Што паабяцала Натальля Качанава «Маці 328»?

Вывучыць і, магчыма, перагледзець больш як 100 крымінальных спраў па 328 артыкуле, прысуды па якіх актывісткі лічаць несправядлівымі. У тым ліку будзе вывучана больш за 20 спраў па 4 частцы артыкула 328, якую маці асуджаных за распаўсюд наркотыкаў лічаць «самай праблемнай» і дамагаюцца яе адмены ці зьменаў у яе ўжываньні.
Правесьці ў адміністрацыі Аляксандра Лукашэнкі нараду з удзелам кіраўнікоў праваахоўных устаноў і Вярхоўнага суду, на якой будуць прааналізаваныя праблемныя пытаньні барацьбы з наркотыкамі і прапановы актывістак руху «Маці 328». Качанава сказала, што такая нарада пройдзе да канца ліпеня.
Зладзіць праверку банкаў, празь якія працягваюцца грашовыя апэрацыі, зьвязаныя з абаротам наркотыкаў.
Вывучыць магчымасьць уключэньня асуджаных па 1, 2, 3 і 4 частках артыкула 328 у лік вязьняў, на якіх будзе распаўсюджаная будучая амністыя да 75-годзьдзя перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне.

Чаго не паабяцала Натальля Качанава актывісткам «Маці 328»

«Сказала, што ня можа арганізаваць сустрэчу з Аляксандрам Лукашэнкам. Гэта было наша асноўнае патрабаваньне, але яго вырашыць не ўдалося. Качанава прызналася, што сама бачыцца з Лукашэнкам зрэдку, кантактуе ў асноўным праз тэлефон. Але сказала, што ўсе нашы патрабаваньні занатаваныя і будуць перададзеныя кіраўніку дзяржавы. Шмат абмяркоўвалі пытаньні вяртаньня ў грамадзтва тых, хто адбыў пакараньне па артыкуле 328, і тут Качанава запрасіла да супрацоўніцтва зь дзяржаўнымі арганізацыямі, у тым ліку з намесьніцай старшыні Савету Рэспублікі Мар’янай Шчоткінай. Мы толькі за», — кажа лідэр «Маці 328» Ларыса Жыгар.

Паводле Ларысы Жыгар, Натальля Качанава ведае пра іх сустрэчу зь міністрам унутраных спраў Юрыем Караевым і сказала, што ўсе абяцаньні, якія даў «Маці 328» новы міністар МУС, у яе на кантролі.

Алег Груздзіловіч, Радыё Свабода


21:53 10/07/2019


Загрузка...
Загрузка...