АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Суіцыд рабочага ў Чавусах звязаны з трагічнай смерцю яго калегі?

На хлебазаводзе ў Чавусах адбылася бяда: загінула 52-гадовая жанчына. Яна абслугоўвала машыну, якая месіць цеста.

А праз некалькі дзён блогер Нехта паведаміў, што на заводзе скончыў жыццё самагубствам начальнік жанчыны, 42-гадовы майстар змены. «Менавіта ён займаўся тэхнічным абслугоўваннем смяротнай прылады», — напісаў блогер.

Але па інфармацыі «Нашай Нівы», сітуацыя іншая.

Работнік хлебазавода сапраўды здзейсніў суіцыд. Толькі ён не быў майстрам змены. Уладзімір С. працаваў рабочым, які прасейвае муку. Яму было 49 гадоў.

Але як ён звязаны са смерцю рабочай і допытамі?

Сувязь усё ж ёсць. Але іншага характару.

Насамрэч, мужчына быў адным з тых, хто знайшоў цела жанчыны і пасля адцягваў яго ад машыны.

 «Цэха размешчаныя паралельна. Уладзімір пачуў крык і выбег, а загінулая ўжо на апараце вісела. Ён яе адцягваў. Вы ўявіце, які гэта шок! Там усё ў крыві было. Да гэтага часу апарат апячатаны. Ён і працаваць не мог: сядзеў тросся, а на раніцу запіў. І ўсе гэтыя дні піў… Яго бачылі ў межах горада ў дзень самагубства п'яным», — паведамілі «Нашай Ніве» крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй.

Пасля смерці рабочай мужчыну сапраўды дапытвалі следчыя — вось толькі да тэхнікі бяспекі мукасей не мае дачынення, абслугоўваннем машыны ён таксама не займаўся. Ды і — прынамсі першапачаткова — праходзіў па справе проста як сведка.

«Цяпер ходзяць чуткі, нібыта ён прызнаў сваю віну ў здарэнні. Гэта не праўда. Апараты ён не абслугоўваў, для гэтага ёсць іншы спецыяльны работнік. Мукасей можа дапамагчы перакаціць кадкі або счысціць цеста.

Таксама людзі кажуць, што ён не заўважыў рабочую і ўключыў апарат. Гэта трызненне. Кнопкі размешчаныя так, што ў любым выпадку той, хто уключае машыну, рабочую ўбачыў бы», — распавяла «Нашай Ніве» крыніца.

Але ж усё перажытае стала для мужчыны вялкім стрэсам. І ён палез у пятлю.

Уладзімір быў жанаты, меў дваіх дарослых дзяцей. Дарэчы, малодшы сын і знайшоў цела бацькі ў хляве каля хаты.

10 ліпеня мужчыну пахавалі. Яму было 49 гадоў.

Праўда, сваякі загінулага сцвярджаюць: мужчына не піў. Але, кажуць, сапраўды моцна перажываў пасля трагічнага выпадку на працы.

«Загінулая была яго калегай, яны сябравалі. Уладзімір вельмі моцна перажываў. Прэтэнзій на працы да яго не было пасля той гісторыі. Ці былі «прэтэнзіі» з боку міліцыі невядома, сям’і ён нічога пра гэта не казаў.

Увогуле, для сям’і яго ўчынак быў вялікай нечаканасцю», — распавяла «Нашай Ніве» жонка брата Уладзіміра.

Запіску Уладзімір не пакінуў. 

Улад Швядовіч


13:36 10/07/2019


Загрузка...
Загрузка...