АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Новая сістэма падліку балаў ЦТ: паступяць нават двоечнікі

Сёлета беларускія выпускнікі здаюць ЦТ паводле новай сістэмы падліку балаў, якую ўвосень 2018-га зацвердзіла Міністэрства адукацыі.

Новая сістэма падліку балаў ЦТ: паступяць нават двоечнікі
1 из 4
результаты Сергея Ольшевского
Сярэднія балы абітурыентаў на тэставанні значна выраслі, але дзякуючы не ведам, а пераводу першасных балаў у тэставыя. Гэта выклікала крытыку ды абурэнне як з боку вучняў, гэтак і адмыслоўцаў у галіне адукацыі.

Змянілася не ЦТ, а сістэма падліку

Як распавёў belsat.eu вядомы педагог і рэпетытар па фізіцы ды матэматыцы Яўген Лівянт, папярэдняя сістэма дакладна адлюстроўвала ўзровень падрыхтаванасці школьнікаў. Цяпер можна будзе паступіць, нічога не ведаючы.

«Заданні ў тэстах аналагічныя леташнім. Але падлік вядзецца іначай. Раней было так: чым прасцейшыя задачы, тым менш балаў. Цяпер усе заданні часткі А каштуюць аднолькава. Тое самае ў частцы Б, што ўжо само па сабе несправядліва. Па-другое, міфічная табліца пераліку, якой не было. Напрыклад, калі вучань набраў 1 бал, то бок вырашыў самую простую задачу ў частцы А, ён набірае 9 балаў са 100. Дзве задачы – 18. А васямнаццаці балаў дастаткова, каб паступаць у ВНУ, бо найніжэйшая мяжа – 15».

Яўген Лівянт дадае: паводле тэорыі імавернасцяў, кожны мае шанец адгадаць на прахадны бал.

«Калі ў мяне ў частцы А 18 задачаў, і ў кожным заданні 5 варыянтаў адказаў, паводле тэорыі імавернасцяў, калі паставіць усе адзінкі або двойкі, шанец адгадаць – 4-5 задачаў. Раней за гэта можна было атрымаць максімум 12 балаў. Цяпер гэта 31-36 балаў. У шмат якіх ВНУ гэтага дастаткова, каб паступіць».

«Двоечнікаў цягнуць да канца»

Змены прынялі рэзка ўвосень мінулага года. Паводле педагога, зрабілі гэта з адною мэтаю: штучна павысіць балы слабых вучняў, каб пасля не задавалі пытанняў, чаму школьнікі нічога не ведаюць.

«Сістэма ЦТ была тым люстэркам, у якое было цяжка глядзець Міністэрству адукацыі, бо яно дакладна адлюстроўвала вельмі нізкі ўзровень ведаў выпускнікоў школаў. Цяпер тыя, хто набіраў 10-20 балаў, атрымлівае 30-60. Раней адгадаць можна было балаў на 12. А цяпер, не ведаючы нічога, можна адгадаць і на 44 балы».

Адмыслоўца лічыць сістэму крывадушнай і няшчыраю, перадусім адносна добрых вучняў.

«Каб паступіць у ВНУ, мала набраць балы на ЦТ. Улічваюць сярэдні бал атэстата. Перавагу атрымалі тыя, хто любымі сродкамі атрымаў высокі бал атэстату. Сістэма несправядлівая і дыскрымінацыйная.

Апошнімі гадамі ўсё што ні робіцца, прыводзіць да таго, каб у адказных вучняў узнікла больш праблемаў. А ў тых, хто нічога не робіць, было менш. Мае калегі, выкладчыкі ВНУ, кажуць, што ў большасці ўстановаў жорсткае патрабаванне не выключаць. Двоечнікаў цягнуць да канца».

Новаўвядзенні кампраметуюць усю сістэму ЦТ, упэўнены Яўген Лівянт.

«Перадусім дыскрэдытуе працу папярэдняга кіраўніцтва Рэспубліканскага інстытуту кантролю ведаў (РІКВ). Гэта пагражае краіне ў цэлым. Выпускнікі, якія атрымалі дыплом невядома як, будуць будаваць, лекаваць, абслугоўваць АЭС. Дзякуючы ЦТ была зломленая жудасная карупцыя, якая квітнела ў 1980–2000 гадах. Я баюся, што нас чакае яе вяртанне».

Эксперымент тыку

Кіраўнік праекту «Народны падручнік» Сяргей Альшэўскі разам з Яўгенам Лівянтам спрабавалі давесці Міністэрству адукацыі няслушнасць зменаў. На крытыку чыноўнікі адказалі, што праблемы не бачаць. Тады Сяргей Альшэўскі наважыўся на эксперымент: метадам навуковага тыку выканаў тэсты па расейскай, матэматыцы, кітайскай і фізіцы.

«Мінадукацыі не пачула аргументаў пра дзіравасць сістэмы падліку, бо любы чалавек з вуліцы без працы набярэ прахадны бал. Таму мы пастанавілі правесці эксперымент. Вынікі па расейскай мове – 25 балаў – нас не вельмі здзівілі: гэта прахадны бал на філфак і ў два з паловаю разы больш за прахадны бал на астатнія спецыяльнасці.

А вынікі ЦТ па матэматыцы шакавалі: я панатыкаў на 49 балаў! А сярэдні бал па краіне – 50 з капейкамі. Гэта значыць, чалавек з нулём у галаве можа набраць сярэдні бал па краіне і прэтэндаваць нават на бюджэт».



«Праца на атэстат»

Сяргей апублікаваў частку вынікаў у сацыяльных сетках, што абярнулася нечаканым бокам. Паводле ягонай крыніцы, РІКВу вельмі не спадабаўся эксперымент.

«Яны думаюць нават пра ануляванне маіх вынікаў па фізіцы ды кітайскай, хоць і падставаў няма. Ніжнія балы паднялі, верхнія апусцілі: гэта паводле аналізу дзясяткаў сёлетніх вынікаў ЦТ у параўнанні з леташнімі. Важную ролю мае атэстат.

Праз тое, што верхняя планка зніжаная, у школах усе будуць «працаваць на атэстат». У апошні дзень залічэння будзе масавы перанос дакументаў туды, куды ты паступіць можаш. А гэтая інфармацыя перастае абнаўляцца за тры гадзіны да заканчэння прыёму. Як казаў Ротшыльд, хто валодае інфармацыяй, той кіруе светам. І гэтая інфармацыя будзе каштаваць грошай, бо гэтак можна прайсці на бюджэт».

Сяргей Альшэўскі мяркуе, што ў сувязі з новаўвядзеннямі Беларусь чакаюць не самыя прыемныя перамены.

«Рабіць бязмежжа і беззаконне не атрымліваецца праз тое, што доступ да інфармацыі ёсць ува ўсіх. А калі ўсё памножыць на закон аб адтэрмінаванні, то з краіны чакаецца велізарны адток хлопцаў. Скажу больш: мала Міністэрству абароны сітуацыі 2013 года, калі ЦТ паказала, што шмат якія хлопцы не здолелі набраць прахаднога балу і з’ехалі за мяжу вучыцца. Пазней іх шукалі праз амбасады».

Эксперымент belsat.eu

Рэдакцыя «Белсату» таксама пастанавіла панатыкаць у ЦТ, і вось што атрымалася. Прысягаем: ані біялогіі, ані фізікі мы не ведаем.

#1#

З 11 чэрвеня да 1 ліпеня абітурыенты маюць прайсці тэставанне па 17 гуманітарных і дакладных дысцыплінах.

10:38 02/07/2019


Загрузка...
Загрузка...