АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

У Віцебску "тэатралам" з МУС не спадабалася мастацкая выстава

Віцяблянін Дзяніс (прозьвішча папрасіў не называць) правёў 6 траўня ў прыватным памяшканьні мастацкую выставу. А празь  месяц суд Першамайскага раёну Віцебску аштрафаваў яго як арганізатара несанкцыянаванага масавага мерапрыемства (ч.2 арт. 23.34) на 30 базавых велічынь.


У Віцебску "тэатралам" з МУС не спадабалася мастацкая выстава
Імпрэза праходзіла на тэрыторыі былой віцебскай фабрыкі “КІМ”, якая даўно збанкрутавала, а яе памяшканьні выкупленыя прыватнікамі. У адным зь іх і была зладжаная выстава “Катарсыс”. На ёй экспанавалася 25 працаў маладога мастака зь Берасьця Dima Wesko. Гучала музыка. Уваход на вечарыну ў стылі “постіндустрыяльнага аўдыё-візуальнага авангарду” быў вольны (па запісе ў інтэрнэце).

Але ў нейкі момант “аўдыёвізуальны авангард” раптам ператварыўся ў беларускі “сюр” - з супрацоўнікамі МУС на пярэднім пляне.  

Дзяніс расказвае, што каля 23.00 у памяшканьне зайшлі міліцыянты і запыталіся, ці ёсьць дазвол на правядзеньне мерапрыемства.

“Мы ў адказ: на што дазвол? На тое, што мы тут проста адпачываем?..” – распавядае Дзяніс. Ён сьцьвярджае, што імпрэза сапраўды праходзіла на прыватнай тэрыторыі і што з гаспадаром памяшканьня было дамоўлена аб яе правядзеньні.

Даведаўшыся, што арганізатарам вечарынкі быў Дзяніс, міліцыя перапісала ягоныя пашпартныя дадзеныя і зьехала, забраўшы з сабой пяцярых непаўналетніх, каб праверыць іх на ўтрыманьне алькаголю ў крыві (усе аказаліся цьвярозымі).

Недзе празь месяц, 2 чэрвеня, маёр міліцыі Сяргей Козік выклікаў Дзяніса ў аддзяленьне і склаў на яго пратакол за правапарушэньне, прадугледжанае часткай 2 артыкулу 23.34 КаАП РБ.

Паводле пратаколу, Дзяніс парушыў закон “Аб масавых мерапрыемствах у Рэспубліцы Беларусь” тым, што “арганізаваў і правёў іншае масавае мерапрыемства – культурнае мерапрыемства, выставу карцін невядомага мастака ў складзкім памяшканьні”.

Суд Першамайскага раёну прызнаў віцябляніна вінаватым і пакараў штрафам у памеры 30 базавых велічынь.

У пабліку “Тыповы Віцебск” абвешчаны збор сродкаў на аплату штрафу.
12:12 25/06/2019


Загрузка...
Загрузка...