АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

У Беларусі з-за Еўрагульняў заблакавалі абароненую пошту protonmail.com?

Магілёўскі праваабаронца Аляксандр Буракоў звярнуў увагу, што з тэрыторыі Беларусі сэрвіс пакуль недаступны.



Сябра «Магілёўскай вясны» Аляксандр Буракоў паведаміў, што на тэрыторыі нашай краіны перад пачаткам II Еўрапейскіх гульняў пачаліся праблемы з доступам да паштовага сэрвісу ProtonMail.com.

– Упершыню я звярнуў на гэта ўвагу пару дзён таму. Калі адпаведнае прыкладанне на смартфоне працавала нармальна, то з кампутара зайсці было немагчыма. Прычым ні праз «белтэлекамаўскі», ні праз «вэлкомаўскі» інтэрнэт. Аднак спісаў на магчымыя праблемы самога сэрвісу, – распавёў праваабаронца.

Аднак за некалькі дзён нічога не памянялася – калі прыкладанне працавала спраўна, то праз браўзэр доступ па-ранейшаму быў зачынены. Тады Буракоў вырашыў паспрабаваць іншы спосаб:

– Я паспрабаваў зайсці на protonmail.com з дапамогай ананімайзераў – і ўсё атрымалася. Гэта значыць праблема не ў паштовым сэрвісе, наколькі я магу судзіць, а менавіта ў доступе канкрэтна з тэрыторыі Беларусі. Як мне распавялі, праз прыкладанне пошта працуе, бо там убудаваны VPN.

Тэст на даступнасць сайта з розных частак свету пацвердзіў гэта: у Расіі, за выключэннем некалькіх рэгіёнаў, ProtonMail.com даступны. Як і ў Еўропе, і ў ЗША.

Затое паштовы сэрвіс не працуе ў Казахстане (нядаўна там прайшлі акцыі пратэсту супраць фальсіфікацыі на выбарах), Турцыі (заблакаваны ў сакавіку 2018 году) і ў Беларусі.

Буракоў праводзіць пэўную паралель з Расеяй – у сакавіку гэтага года па запыце ФСБ сэрвіс ProtonMail быў заблакаваны нібыта з-за «паступаючых тэрарыстычных пагроз і ў сувязі з зімовай Універсіядай у Краснаярску».

– Я не магу адназначна сцвярджаць, што гэта блакаванне – з гэтым ужо разбіраюцца кампетэнтныя спецыялісты. Аднак я магу ўбачыць пэўную сувязь паміж магчымым блакаваннем і пачаткам II Еўрапейскіх гульняў у Беларусі.

ProtonMail з’яўляецца папулярным паштовым сэрвісам, бо ён зашыфроўвае перапіску пры перадачы паведамленняў.

10:48 23/06/2019


Загрузка...
Загрузка...