АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

«Не любяць апазіцыі, кпяць з Севярынца»: споведзь былога працаўніка рэстарану «Паедзем паядзім»

У рэдакцыю belsat.eu звярнуўся былы працаўнік рэстарану «Паедзем паядзім», што месціцца ля ўрочышча Курапаты. Ён падзяліўся некалькімі здымкамі ўнутранай кухні ўстановы, а таксама распавёў, як працуецца ў самым скандальным рэстаране Беларусі.


«Не любяць апазіцыі, кпяць з Севярынца»: споведзь былога працаўніка рэстарану «Паедзем паядзім»
Максім (імя змененае на просьбу героя) працаваў у «Паедзем паядзім» амаль з самога адкрыцця рэстарану. Уладальнікі яму патэлефанавалі самыя: рэзюмэ афіцыянта было ў адкрытым доступе. Дагэтуль Максім не чуў пра масавыя забойствы ў Курапатах.

«Першы раз пачуў, калі яны пазванілі. Паглядзеў, што за ўстанова. Паглядзеў водгукі ў «Гугле». Было вельмі шмат негатыву, «рэстаран на костках», усякае такое. Ну і стала цікава, што там адбываецца».


Такая панарама адкрывалася наведнікам рэстарану перад крыжаломам. Фота прадстаўлена Максімам

Сваю ролю адыграў і заробак: абяцалі стаўку 600 рублёў пасля выпрабавальнага тэрміну. Гэта вышэй за сярэдні заробак афіцыянта ў Менску. Але ўжо адразу стала зразумела, што за гэтыя грошы трэба будзе папацець…

«Больш за паўгода не было бармена. Паколькі не было бармена і касіра, іхныя функцыі выконваў або намеснік дырэктара, або адміністратар. Таму вельмі цяжка, калі прыходзяць людзі, сядаюць за стол: ты прабіваеш замову і бяжыш шукаць таго, хто дасць табе гэтую замову. Бо самому табе нельга нічога ў бары браць».


…а такая – пасля крыжалому. Фота прадстаўлена Максімам

Не хапае там не толькі бармена, але і афіцыянтаў. У рэстаране 450 пасадачных месцаў. Штодзень іх абслугоўваюць тры афіцыянты: пяцёра афіцыянтаў – у пятніцу і сямёра – у выходныя. А афіцыянтаў усяго дзевяцёра.

«То бок няма дакладнага графіку. Праз нястачу людзей афіцыянты вымушаныя працаваць па дзевяць дзён запар. У некаторых афіцыянтаў за месяц атрымліваецца 260-270 працоўных гадзінаў пры норме 180».

А напярэдадні Еўрапейскіх гульняў усе будуць абавязаныя працаваць без выходных увогуле: чакаюць шмат наведнікаў. Але з наведнікамі рэстарану праблема стала развязвацца толькі апошнім часам.

«Увосень было вельмі мала наведнікаў. Пятніца, вечар: здавалася б, самы хлеб для рэстарану. Але прыходзіла… два, тры, пяць, максімум 10 сталоў за дзень. Гэта вельмі мала. Цяпер жа рэстаран больш-менш развіўся, больш людзей пра яго даведаліся. Субота – нядзеля – вельмі загружаныя дні. Там ледзь не поўная пасадка».

Кажа, сваю ролю ў малой наведвальнасці адыграла курапацкая варта. На яе конт работнікаў рэстарану таксама праінфармавалі. Ім далі загад аджартоўвацца.

«Казалі распавядаць людзям, што, яны так забаўляюцца. Чаму яны там стаяць, мы не ведаем. Чаго яны хочуць, мы не ведаем».

Бальшыня тых, хто прыходзіў працаваць у «Паедзем паядзім», былі апалітычныя, але хутка палітызаваліся.

«Спачатку запытвалі, навошта яны тут стаяць. Гэта не мае сэнсу, усё роўна рэстаран не закрыюць. А потым прымалі як дадзенае, пачалі ставіцца да апазіцыі адмоўна: «Навошта яны нас «кашмараць?», кпяць з Севярынца…»

Гэта і не дзіўна. З размоваў наведнікаў Максім зразумеў, што сярод іх шмат дзяржаўных службоўцаў.

«У асноўным людзі ад 45 гадоў. Грашавітыя. Вельмі шмат дэпутатаў, розных вельмі важных людзей».

А яшчэ, паводле Максіма, рэстаран наведвалі гумарыст Уладзімір Вінакур і вядучы Леанід Якубовіч, калі праездам былі ў Менску.

Каб завабіць наведнікаў, кіраўніцтва рэстарану ладзіла дэгустацыю розных кухняў свету, а рэкламавалі гэта праз крэатыўныя ролікі ў «Інстаграме». Максім кажа, што за здымкі ў гэтых відэа работнікам не даплачвалі, усё адбывалася добраахвотна-прымусова. Здымалі ролікі такога кшталту. Спойлер: пад музыку а-ля народная габрэйская працаўнікі рэстарану збіраюць смецце, гатуюць і прытанцоўваюць.

Каб падсумаваць, мы запыталі Максіма: калі адкінуць маральна-этычны аспект, ці параіў бы ён іншым ісці працаваць у «Паедзем паядзім»?

«Грошы там магчыма зарабіць, але коштам свайго часу і здароўя. Калі патрэбнае стабільнае месца, дзе ты будзеш дакладна працаваць два праз два і мець сярэдні заробак за месяц, то лепш пашукаць нешта іншае».

Рэстаран «Паедзем паядзім» адкрылі 6 чэрвеня 2018 года побач з урочышчам Курапаты, месцам масавых расстрэлаў часу сталінскіх рэпрэсіяў. Карнікамі НКВД там былі расстраляныя прынамсі 30 тысячаў чалавек. З моманту адкрыцця рэстарану актывісты ладзяць штодзённую варту, дамагаючыся ліквідацыі забаўляльнай установы.





09:25 18/06/2019


Загрузка...
Загрузка...