АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Бацька Патаповіча ўспомніў пра яшчэ адну незаўважаную рану на целе сына

Уладзімір Патаповіч – бацька загінулага лейтэнанта ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча – працягвае не верыць у самазабойства сына і патрабаваць правядзення эксгумацыі. У размове з belsat.eu Патаповіч адзначыў, што следства не азнаёміла яго з вынікамі экспертызаў і дасюль ніяк не патлумачыла, адкуль узяліся пашкоджанні на целе сына.



Учора кіраўнік Следчага камітэту Беларусі Іван Наскевіч заявіў, што самагубства надалей застаецца прыярытэтнай версіяй у расследаванні прычынаў смерці магілёўскага інспектара ДАІ Яўгена Патаповіча. Старшыня СК адзначыў, што бацькі з просьбай аб эксгумацыі ў праваахоўныя органы не звярталіся. Наскевіч таксама дадаў, што нічога дзіўнага ў недаверы сваякоў да афіцыйнай версіі няма: «зразумела, што бацькам цяжка змірыцца з тым, што іхнае дзіця скончыла жыццё самагубствам».

У размове з карэспандэнтам belsat.eu бацька загінулага міліцыянта Уладзімір Патаповіч распавёў, што заяву на эксгумацыю сапраўды яшчэ не пісаў. Але не таму, што адмовіўся ад гэтай ідэі, а таму, што следчы параіў яму дачакацца вынікаў судова-медычнай экспертызы.

«Я прапанаваў зрабіць эксгумацыю, але следчы сказаў, што спачатку трэба дачакацца вынікаў судова-медычнай экспертызы. Патлумачыў, што да завяршэння экспертызы яны ўсе роўна будуць адкладаць эксгумацыю. Я не ведаю, як насамрэч па закону: ці можна ўжо зараз настойваць на эксгумацыі? Але следчы сказаў, што трэба пачакаць», – кажа ён.



Уладзімір Патаповіч пацвердзіў, што не адмаўляецца ад свайго намеру дамагчыся эксгумацыі, тым больш, што СК настойвае на версіі пра самазабойства. З дапамогай эксгумацыі Уладзімір Патаповіч хоча канчаткова высветліць, якое паходжанне маюць раны на целе сына. У прыватнасці, гаворка ідзе пра пашкоджанні ў ніжняй частцы жывату, падобныя на нажавую рану (кроў у пахвіне бачна на здымках).


Кадр з відэпрэзентацыі СК па справе Яўгена Патаповіча на брыфінгу ў Менску 20 траўня 2019 года
Акрамя таго, бацька міліцыянта ўспомніў пра яшчэ адно пашкоджанне – на падбародку.

«Падчас пахавання ў яго быў парэз, падобны на нажавы, на барадзе. Тады я не акцэнтаваў на гэтым увагу – я ж думаў, што яго хаваюць як забітага. А вось цяпер успомніў», – распавёў бацька лейтэнанта ДАІ з Магілёва.

Кіраўнік СК Іван Наскевіч 4 чэрвеня таксама казаў, што ў апошнія дні атрыманыя заключэнні шэрагу экспертызаў, якія сведчаць на карысць версіі следства пра самазабойства. Аднак Уладзімір Патаповіч адзначыў, што яму нічога пра гэтыя экспертызы не распавядалі.

«З ніякімі дадзенымі мяне не азнаёмлівалі. Мяне апыталі, я напісаў заяву на азнаямлення з вынікамі экспертызаў і ўсё. Ніякіх фактаў, ніякіх дакументаў мне не паказвалі», – кажа ён.



***

Цела лейтэнанта міліцыі Яўгена Патаповіча знайшлі 16 траўня каля 20:45 у лясным масіве ў Магілёўскім раёне. Міліцыянт быў у кайданках і без штаноў. Следчы камітэт распачаў крымінальную справу паводле арт. 362 (забойства супрацоўніка органаў унутраных справаў пры выкананні службовых абавязкаў).

Спачатку меркавалася, што да смерці Патаповіча могуць быць датычныя ромы. Перад знікненнем міліцыянт нібыта даслаў калегам паведамленне ў Viber. У ноч з 16 на 17 траўня ў пасёлках Чапаеўка і Грабянёва АМАП правёў рэйд і затрымаў некалькі дзясякаў ромаў. Ромы скардзіліся на збіццё і абразы. Міністр Шуневіч вырашыў не прыносіць прабачэнняў за брутальныя дзеянні міліцыі.

Раніцай 20 траўня прадстаўнікі Следчага камітэту і Міністэрства ўнутраных справаў правялі брыфінг, на якім заявілі пра тое, што асноўная версія прычыны смерці міліцыянта Яўгена Патаповіча – суіцыд.

Афіцыйны прадстаўнік Следчага камітэту Юлія Ганчарова патлумачыла дзіўныя акалічнасці смерці інспектара ДАІ з Магілёва Яўгена Патаповіча тым, што ён нібыта інсцэнаваў уласнае забойства. У СК адзначылі, што штаноў на інспектары ДАІ не было, бо загінулы наўмысна спаліў іх з дапамогай вадкасці для распальвання. Таксама Патаповіч нібыта не меў ніякіх раненняў у вобласці пахвіны: кроў на бялізне, паводле СК, аказалася там праз позу цела загінулага.


21:59 05/06/2019


Загрузка...
Загрузка...