АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

На выкуп сынагогі ў Берасьці за два дні сабралі больш як 100 тысяч даляраў

Рэлігійная юдэйская грамада Берасьця зьбірае сродкі на выкуп будынку былой сынагогі, дзе цяпер месьціцца клюб «Прагрэс».

Збор ідзе ў далярах праз інтэрнэт-пляцоўку charidy.com. На сярэдзіну дня 4 чэрвеня было сабрана ўжо 116 тысяч даляраў зь неабходных 300 тысяч, перадае Свабода

«У гады страшэннай катастрофы большасьць габрэяў Берасьця загінулі, вуліцы апусьцелі, амаль усе сынагогі былі разбураныя, толькі 19 габрэяў выжылі. Прайшло 75 гадоў, і сёньня грамада паўстае з попелу», — паведамляецца ў апісаньні мэтаў збору грошай.

Падчас Другой сусьветнай вайны нацысты забілі больш за 30 тысяч берасьцейскіх габрэяў.

Прадстаўнікі берасьцейскай юдэйскай грамады кажуць, што ўжо заключылі дамову аб выкупе старой сынагогі 1886 году: за яе трэба заплаціць прыватнай кампаніі 300 тысяч даляраў.

Як расказала кіраўніца габрэйскай суполкі «Брыск» Рэгіна Сіманенка, гэты будынак габрэі спрабавалі вярнуць на пачатку 1990-х гадоў, аднак яго выкупіла прыватная арганізацыя.

«Некалькі дзён таму мы пахавалі па-габрэйску ў братняй магіле парэшткі 1214 габрэяў, жорстка забітых у Галакосьце. Будынак абноўленай сынагогі будзе жывым мэмарыялам палеглым», — пішуць арганізатары збору сродкаў.

15:14 04/06/2019


Загрузка...
Загрузка...