АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Слімакі: для ежы, жаночай прыгажосці і мужчынскай сілы

Лета толькі пачалося, а некаторыя ўжо збіраюць ураджай. Праўда не збожжа ці бульбы, а беларускіх вінаградных слімакоў. Таксама расце і айчыннае спажыванне: слімакі ідуць не толькі ў ежу, але ў касметыку і медыцыну.


Пельмені са слімакамі, салаты, суп-пюрэ і дранікі – стравамі са слімакоў ужо больш за 10 гадоў частуе гасцей сям’я Касцюкевічаў з Гарадоцкага раёну на Віцебшчыне. Прадпрымальнікі Анжаліка і Аляксандр – гаспадары аграсядзібы, якая так і называецца: «Вінаградны слімак».

«Бяром мяса слімака – заранне падрыхтаванае, варылася вельмі доўга ў спецыях, таму мяккае і смачнае. Кладзём у ракавіну, а наверх замазваем маслам з пятрушкай, соллю і кладзем у адмысловыя місачкі для слімакоў», – кажа гаспадыня сядзібы Анжаліка Касцюкевіч.

За гады вядзення бізнесу Касцюкевічы склалі сваю кнігу рэцэптаў – як найсмачней гатаваць стравы са слімакоў. А гаспадыню сядзібы мясцовыя жыхары празвалі «слімаковаю каралеваю».

«Рэцэптаў вельмі шмат: раблю пельмені са слімакамі, магу калдуны, якія ў нас з мясам робяцца, то можна гатаваць са слімакамі марынаванымі. Можна супчык са слімакоў рабіць, можна запякаць з сырам, шашлык з вінаграднага слімака можна рабіць», – працягвае Анжаліка.

Слімаковыя стравы Касцюкевічы робяць з малюскаў, якіх збіраюць у натуральнай прыродзе, а не вырошчваюць у штучных умовах на адмысловай ферме. Вёска Рослыя, дзе месціцца аграсядзіба Касцюкевічаў, стаіць пры ажыўленай магістралі за 15 кіламетраў ад мяжы з Расеяй, таму наведнікаў тут не бракуе.

«Часта жанчыны просяць, каб зрабілі масаж слімакамі. Яны ведаюць, што слімаковая слізь – яна вельмі эфектыўная. Таму просяць пасадзіць слімакоў на руку, ці на твар, ці на грудзі – на тыя месцы, якія павінныя быць прыгожымі», – распавядае гаспадар сядзібы Аляксандр Касцюкевіч.

«Слімаковы масаж» набывае ўсё большую папулярнасць не толькі ў жанчын: на аздараўленчую сілу гэтай лекавальнай працэдуры ўсё часцей спадзяюцца і спажыўцы-мужчыны.

«Мяса слімака – гэта амаль адзін бялок: 30 % займаюць вітаміны, амінакіслоты і мікраэлементы. А бялок – ён падвышае мужчынскую сілу, і еўрапейцы гэта ведаюць, асабліва французы, італьянцы – яны людзі, шчодрыя на любоў, таму так – часта яны ўжываюць мяса слімака з гэтай мэтай», – дадае Аляксандр.

Прамысловы збор слімакоў у Беларусі вядзецца на Берасцейшчыне, у Гарадзенскай, Віцебскай вобласцях. Малюскаў ядуць, а таксама выкарыстоўваюць у касметалогіі – для вырабу крэмаў. А яшчэ ў фармакалагічнай вытворчасці: для вырабу лекаў ад дыябету. Але ўсё ж найбольшая колькасць слімакоў, паводле Белстату больш за 250 тонаў за год, экспартуецца за мяжу.

Галіна Абакунчык, belsat.eu



09:37 04/06/2019


Загрузка...
Загрузка...