АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Чаму справы памерлых за кратамі не расследуюцца належным чынам?

Час ад часу ў СМІ з’яўляецца інфармацыя пра смерці людзей, якія былі затрыманыя міліцыяй і дастаўленыя ў пастарунак, ці знаходзіліся за кратамі. 

Чаму справы памерлых за кратамі не расследуюцца належным чынам?
Часта гэта звязана з папярэднім прымяненнем фізічнай сілы ці спецсродкаў да затрыманых супрацоўнікамі органаў унутраных спраў. Бываюць выпадкі і смерцяў праз неаказанне належнай медыцынскай дапамогі вязням. Як правіла, раследаванне смерцяў цягнецца гадамі, Следчы камітэт шматразова адмаўляе ва ўзбуджэнні крымінальных справаў у дачыненні да міліцыянераў, і вінаватыя ў смерцях арыштантаў застаюцца беспакаранымі.

Так адбылося два гады таму ў Брэсце, дзе міліцыяй быў затрыманы Андрэй Тарасенка каля кавярні “На Ясеневай”.

Мужчыну даставілі ў апорны пункт аховы правапарадку, дзе моцна збілі. Туды ж да яго была выкліканая хуткая, якая адвезла ў аддзяленне траўматалогіі ЦГБ, адкуль ён самастойна сыйшоў, адмовіўшыся ад шпіталізацыі. Літаральна на наступны дзень Андрэй Тарасенка пачаў вельмі дрэнна сябе адчуваць, зноў была выклікана “хуткая". У выніку 32-гадовы бацька двух дзяцей памёр у рэанімацыі Брэсцкай бальніцы хуткай дапамогі 29 красавіка 2017 года.

Два гады яго маці Таццяна Мельнічук дамагаецца расследавання смерці сына і цяпер звярнулася да начальніка міжраённага аддзела Следчага камітэта па Брэскай вобласці Руслана Сычова з патрабаваннем правесці дадатковую праверку належным чынам з прыцягненнем супрацоўнікаў міліцыі, якія былі датычныя да збіцця Андрэя, да крымінальнай адказнасці.

У жанчыны засталося вельмі шмат пытанняў: Хто збіў яе сына? Ці была бойка ўвогуле? Што здарылася ў той вечар ў бары, альбо побач з ім? Што адбывалася ў “апорцы” і навошта міліцыя знішчыла запіс вонкавай камеры відэаназірання каля бара?

“Следствам быў устаноўлены факт збіцця майго сына і гэта зафіксавана ў экспертызе. Але эксперт палічыў, што гэта не з'яўляецца прычынай смерці Андрэя. А я лічу наадварот, бо ў яго ўвесь правы бок быў чорны, а таксама на здымках - правае лёгкае было таксама ўсё чорнае, адбітае.

Я патрабую знайсці і аднавіць відэазапіс камер назірання, якія былі ў кафэ і на апорным пункце. Я лічу, што там зафіксаваныя ўсе доказы і той чалавек, які быў у цывільным і не быў апытаны і не фігуруе ў справе”, - распавяла Таццяна Мельнічук “Берасцейскай Вясне”.

Жанчына патрабуе ад Руслана Сычова знайсці чалавека ў цывільнай вопратцы, які сядаў у міліцэйскі аўтамабіль разам з яе сынам, апытаць і аднавіць справядлівасць.

Яшчэ адна гісторыя здарылася 23 траўня 2019 года ў шпіталі мінскага СІЗА – памёр 45-гадовы жыхар Ратамкі Андрэй Цярэшчанка, які быў хворы на цукровы дыябет.

Пра гэта піша Радыё Свабода.

«Дыягназ не кажуць. Мне пазванілі і кажуць, што адкрылася кровацячэнне, адмовілі органы», - паведаміла Свабодзе ўдава Андрэя Цярэшчанкі Алена.

Аднак яшчэ 15 траўня Алена Цярэшчанка паведаміла СМІ, што яе мужа Андрэя прывезлі з жодзінскай турмы ў мінскі турэмны шпіталь у СІЗА № 1. Лекары паабяцалі Алене, што за яе мужам будзе добры нагляд.

«Яшчэ нядаўна казалі, што яму стала лепей, што аналізы палепшыліся. Можа і так, але вось і ўсё», - распавяла жанчына.

Паводле яе словаў, за 2 месяцы ў турме яе муж 7 разоў упадаў у кому. Пра першую кому ён расказаў у сакавіку падчас першага спаткання, на якое яго «прывялі па сценачцы».

«Сказаў, што быў у коме, што яму бывае вельмі дрэнна, а чаму, сам не ведае. Я адразу пачала біць у званы, пісала ў пракуратуру, у Дэпартамэнт выканання пакаранняў, але мне адказвалі, што ўсё нармальна. А як прыехала да яго ў суботу, 11 траўня, — ён ужо ляжаў у турэмнай лякарні, ніякі».

Паводле Алены, дактары на ўсе пытаньні паўтаралі, што сказаць нічога ня могуць. А турэмнікі лічылі, што нібыта ён сам уводзіць сябе ў такі стан, маўляў, імітуе.

У Дэпартамэнце выканання пакаранняў МУС пацвердзілі смерць Андрэя Цярэшчанкі. На пытанне, ці прызначаная праверка па здарэнні, не адказалі.

Алена збіраецца пісаць скаргу ў пракуратуру на адміністрацыю турмы № 8, а таксама скардзіцца на суддзяў, якія разглядалі апеляцыю яе мужа і не замянілі цяжка хвораму чалавеку пакаранне на мякчэйшае.

Андрэя Цярэшчанку ў лютым 2019 году асудзілі на 1,5 года за тое, што другі раз сеў нецвярозым за руль. Алена кажа, што адміністрацыя жодзінскай турмы не магла не ведаць, што яе муж быў хворы на дыябэт.

У верасні 2016 года ў Праваабарончы цэнтр “Вясна” звярнулася па дапамогу маці Ігара Барбашынскага, які раптоўна памёр 20 верасня ў Жодзінскай турме №8.

Ігар Барбашынскі, разам з братам Іванам, абвінавачваліся ў злосным непадпарадкаванні супрацоўнікам міліцыі пры выкананні службовых абавязкаў, у супраціве і збіцці супрацоўнікаў РАУС. У чэрвені 2016 года браты Барбашынскія былі арыштаваныя і да суда змешчаныя ў Жодзінскі следчы ізалятар. 

У перыяд знаходжання пад следствам ў Жодзінскай турме з 18 жніўня па 16 верасня Ігар Барбашынскі неаднойчы скардзіўся на галаўны боль, страты прытомнасці, аглядаўся медыкамі хуткай медыцынскай службы, лекарамі медыцынскай часткі жодзінскай турмы, пераводзіўся ў медыцынскую частку турмы №8 для лячэння і назад у камеру. Увечары 16 верасня ў сувязі з пагаршэннем стану Ігар Барбашынскі быў шпіталізаваны ў аддзяленне анестэзіялогіі і рэанімацыі Жодзінскай цэнтральнай гарадской бальніцы, дзе абследаваўся рознымі спецыялістамі. Аднак Ігар раптоўна памёр.

7 снежня 2016 года аддзел следчага камітэту горада Жодзіна прыняў пастанову аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце неналежнага выканання прафесійных абавязкаў медыцынскімі работнікамі Жодзінскай турмы №8 і Жодзінскай гарадской бальніцы, што прывяло да смерці па неасцярожнасці пацыента. 

Па словах маці загінулага Галіны Шаравар, новы следчы нічога новага па справе не паведаміў, акрамя таго, што яна прызнаная пацярпелай па справе.

"Я спрабавала задаць нейкія пытанні, якія тычацца следства, данесці сваё меркаванне, датычнае вінаватасці ў гібелі сына не толькі лекараў турэмнага шпіталя, але і больш высокага начальства, аднак у адказ чула: “А якое дачыненне гэта мае да следства?”

Я ж лічу, што калі моцна хворага сына пераводзілі з Жодзінскай гарадской бальніцы назад, у лякарню турмы №8, дзе ён назаўтра памёр, дык нехта павінен быў аддаць адпаведны загад. Аднак следчы не жадаў уносіць у пратакол гэтыя пытанні", – распавядала Галіна Шаравар.

Ужо трэці год ПЦ “Вясна” дапамагае Марыне Багданавай дамагчыся належнага раследавання і прыцягнення да адказнасці вінаватых у смерці яе сына Алега ў Жодінскай турме №8.

Справу Алега Багданава неаднаразова ўзбуджалі і спынялі ў сувязі з адсутнасцю складу злачынства. У апошнім, дасланым ягонай маці адказе ад 20 сакавіка 2019 года, абласное ўпраўленне Следчага камітэта па Мінскай вобласці паведаміла аб тым, што расследванне прыпыняецца у сувязі з адсутнасцю складу злачынства. 

Жанчына нават звярталася да прэзідэнта, аднак кола праверак і адмоваў у гэтай справе зноў замкнулася.
Мужчына памёр ад вострай сардэчнай недастатковасці. У 2014 годзе ён перанёс цяжкую аперацыю на сэрцы, з'яўляўся інвалідам 3-ці групы і меў патрэбу ў пастаяннай кваліфікаванай медыцынскай дапамозе, назіранні ўрача-кардыёлага. Маці лічыць, што сыну ў СІЗА не аказалі належнай медыцынскай дапамогі. 

“Усё адно я не дарую смерці майго сына, - заяўляе Марына Багданава. – Яны мяне не зломяць ніколі, буду змагацца да канца, а закон бумеранга ніхто яшчэ не адмяняў”.

Чатыры гады спатрэбілася маці Ігара Пцічкіна, каб дамагчыся кампенсацыі за смерць сына ў СІЗА №1.

У 2013 годзе на «Валадарцы» раптоўна памёр нібыта ад сардэчнай хваробы малады мінчук Ігар Пцічкін. Ён адбываў тры месяцы арышту за паўторную язду на аўтамабілі без правоў.

Сваякі не пагадзіліся з заключэннем афіцыйнай экспэртызы пра прычыны смерці вязня, бо ўбачылі на ягоным целе сляды катаванняў і звярнуліся да праваабаронцаў і медый. Гісторыя атрымала вялікі розгалас. Суд па справе аб смерці Ігара Пцічкіна адбыўся ў 2016 годзе.

На судзе стала вядома, што Ігара Пцічкіна ахоўнікі прывязвалі да ложка, больш за суткі не давалі піць і хадзіць у прыбіральню. У выніку фельчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў быў асуджаны на 2 гады і 9 месяцаў абмежаваньня волі. Суд прызнаў яго вінаватым у невыкананьні службовых абавязкаў.

Маці памерлага Жанна Пцічкіна патрабавала ад суду 100 тысяч рублёў кампэнсацыі, а атрымала толькі 36 тысяч.

«36 дык 36. Грошы сына ўсё роўна ня вернуць. Помнік на ягонай магіле ўжо стаіць, дык набыла „Ладу“, каб было на чым да яго ездзіць на могілкі. Вось такі апошні падарунак ад сына», — сказала маці загінулага вязня «Валадаркі».

Жанна Пцічкіна мяркуе, што ўсім, хто сумняваецца ў прычынах трагічных выпадкаў са сваякамі, трэба не баяцца, а працягваць змагацца за сваё права ведаць праўду.

Калі вам сталі вядомыя выпадкі катаванняў вашых блізкіх у пастарунку, ІЧУ, СІЗА, турме ці ім не аказваецца належная медыцынская дапамогу ў зняволенні, звяртайцеся па дапамогу да юрыстаў ПЦ “Вясна” праз пошту ці па тэлефонах - +375 17 394 63 11, +375 29 841 39 81.
 


11:15 01/06/2019


Загрузка...
Загрузка...