АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Еўрапейскія гульні ў Мінску Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Леаніду Барткевічу — 70. Пяць фактаў пра песняра


Голас Леаніда Барткевіча, аднаго з салістаў ансамбля «Песняры», знаёмы мільёнам беларусаў. Гэта ён спяваў «Александрыну», «Вераніку», «Белоруссію». Барткевіч дагэтуль кіруе аднымі з «Песняроў», што ўтварыліся пасля смерці Уладзіміра Мулявіна. Ніжэй— некалькі фактаў пра яго.

Леаніду Барткевічу — 70. Пяць фактаў пра песняра

Спраектаваў кінатэатр у цэнтры Мінска

Паводле адукацыі Барткевіч — архітэктар. Ён вучыўся ў Мінскім архітэктурным тэхнікуме і паспеў нават трохі папрацаваць па спецыяльнасці, перш чым канчаткова сысці ў музыку. Мінскі кінатэатр «Кастрычнік» спраектаваны, між іншым, паводле яго дыпломнага праекту.

Хваліўся, што быў каханкам Пугачовай

У адным інтэрв'ю Леанід Барткевіч расказаў, як вандроўная гастрольная доля звяла яго ў адным гатэлі з узыходзячай савецкай поп-зоркай Алай Пугачовай. І намякнуў, што яны правялі ноч разам. Пугачова ж у адказ называла Барткевіча фантазёрам.

Ажаніўся з алімпійскай чэмпіёнкай

Гэта была зорная пара: «пясняр» Леанід Барткевіч і гімнастка Вольга Корбут.

Навіна пра іх шлюб спараджала самыя фантастычныя чуткі: напрыклад, згодна з гарадской легендай, Машэраў дазволіў ім згуляць вяселле на сваёй дачы ў Драздах.

Грамадзянін Беларусі і ЗША

У 90-я Барткевіч зрабіў супольны праект з беларуска-амерыканскім спеваком Данчыкам.

У канцы 1980-х Барткевіч з сям'ёй з'ехаў у ЗША. Амерыканскае жыццё не склалася: з Вольгай Корбут яны развяліся, сын трапіў у турму за падробку даляраў. Праз 11 гадоў Барткевіч вярнуўся ў Беларусь.

Мае рэцэпт, як перавесці беларусаў на сваю мову

«За поўгода ўсе беларускія дзеці размаўлялі б на роднай мове абсалютна чыста. Павесіў бы ўкожнай сям’і рэпрадуктар на сценку, і беларускі канал трансляваў бы з раніцы да вечара. Прымусіць дзяцей слухаць мы не зможам, але гэта будзе адбывацца міжвольна.
Я такі эксперымент прарабіў са сваімі заакіянскімі ўнукамі — яны мовы не ведалі, а праз тры месяцы загаварылі толькі таму, што матчына мова доўбіць па галаве і ў ёй затрымліваецца тое, што трэба», — казаў Барткевіч у інтэрв'ю.


16:23 25/05/2019


Загрузка...
Загрузка...