АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Побач з «Дарогай сьмерці». 10 фактаў пра будаўніцтва выставачнага цэнтру ля Курапатаў

Загад Аляксандра Лукашэнкі пабудаваць Нацыянальны выставачны цэнтар на полі паміж Курапатамі і гандлёвым цэнтрам «Экспабел», празь якое праходзіць «Дарога сьмерці», выклікаў неадназначную рэакцыю ў грамадзтве.

Побач з «Дарогай сьмерці». 10 фактаў пра будаўніцтва выставачнага цэнтру ля Курапатаў
1 из 5
справа место, где хотят построить НВЦ
Людзі асьцерагаюцца, што будзе парушаная ахоўная зона мэмарыялу. Тым больш што ад ідэі будаваць там Міжнародны выставачны цэнтар (МВЦ) адзін раз ужо адмовіліся.

Свабода сабрала 10 фактаў, чаму ранейшы праект скасавалі, што мяркуецца ўзьвесьці цяпер і чаго асьцерагаецца грамадзкасьць.

МВЦ плянавалася пабудаваць каля Курапатаў 5 гадоў таму

У 2013 годзе Беларуская гандлёва-прамысловая палата і канцэрн «Белрэсурсы» выступілі з прапановай пабудаваць новы Міжнародны выставачны комплекс на полі каля ўсходняй мяжы Курапатаў. Маўляў, было прынята рашэньне аб зносе будынка на вуліцы Янкі Купалы, не хапала пляцовак для выставачнай дзейнасьці.

Меркавалася, што агульная плошча новага МВЦ будзе 40 000 квадратных мэтраў з павільёнамі, бізнэс-цэнтрам, кангрэс-холам, гатэлем, аўтастаянкамі і інфраструктурай для абслугоўваньня міжнародных дэлегацый. Прычым меркавалася, што будаўніцтва закране і частку поля з так званай «Дарогай сьмерці», па якой у 1930-х зь Менску людзей вазілі на расстрэл.

Праект ахоўнай зоны Курапатаў 2014 году зьявіўся дзякуючы МВЦ

Праект ахоўнай зоны гісторыка-культурнай каштоўнасьці «Месца зьнішчэньня ахвяраў палітычных рэпрэсій (1930–1940 гг.) ва ўрочышчы Курапаты», зацьверджаны пастановай № 70 Міністэрства культуры 1 сьнежня 2014 году, зьявіўся яшчэ 5 гадоў таму, калі была першая спроба пабудаваць каля Курапатаў выставачны цэнтар.

Пра гэта расказаў Свабодзе тагачасны начальнік упраўленьня аховы гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі.

«Было нават даручэньне Савета Міністраў, намесьніка прэм’ер-міністра Калініна. Натуральна, мы настойвалі на тым, што любая будоўля там можа весьціся толькі з улікам распрацаванага праекту зоны аховы.

Я і намесьнік міністра культуры Яцко здолелі давесьці, што найперш ідзе праект зоны аховы, потым робіцца дэталёвы плян, які ўлічвае ўсе асаблівасьці, і калі гэта ўкладзецца ва ўсе рэглямэнты і парамэтры, робіцца праект і пачынаецца будаўніцтва.

Гэта той праект зоны аховы, вакол якога і сёньня вядуцца дыскусіі. І ён распрацоўваўся ня ў сувязі з рэстарацыяй, бо „Бульбаш-хол“ як факт ужо быў, а ў сувязі зь меркаваным будаўніцтвам МВЦ», — кажа Чарняўскі.

І тады ўсё ж удалося спачатку тэрыторыю МВЦ адсунуць за ўмоўную дарогу на Драздова і адгалінаваньне налева на заслаўскую дарогу.

«Дарога сьмерці» трапіла ў зону аховы, і ад праекту адмовіліся

​Археолягі, архітэктары ў 2014 годзе проста «падціскалі» чыноўнікаў ахоўнымі зонамі, прыгадвае архітэктар Вадзім Гліньнік, адзін з распрацоўшчыкаў праекту ахоўнай зоны.

«Нам тады так казалі: „Прэзыдэнт загадаў адступіць ад урочышча Курапаты на 5 мэтраў і забудаваць“. А мы не давалі. Спачатку нас выклікалі і спрабавалі пераканаць, што трэба слухацца.

І мы здолелі адбіцца і дамагчыся, што пад зону аховы трапіла і гістарычная траса „Дарога сьмерці“, і яшчэ крышачку за яе, так званая буфэрная зона. Хаця прымушалі, і Міністэрства культуры гатова было пагадзіцца, каб у гэтай буфэрнай зоне зьявілася своеасаблівая ВДНГ: будынкаў не было б, але стаялі б БелАЗы, МАЗы. Мы тады гэта здолелі забараніць», — расказаў Вадзім Гліньнік.

На той момант нават колішні галоўны архітэктар Менску Мікалай Уласюк выступіў супраць будоўлі, казаў, што гэта самая кепская пляцоўка, якая магла б быць у горадзе.
#1#
«Менскграда» зрабіла ў 2014-м толькі эскізныя напрацоўкі, ПДП не было

Да падрабязнага пляну дэталёвага праектаваньня справа тады так і не дайшла, кажа архітэктар Вадзім Гліньнік.

«Яшчэ тады ў тым раёне здараўся транспартны каляпс, на вуліцы Мірашнічэнкі пастаянна былі заторы. Там няма зьездаў з кальцавой дарогі, няма хуткасных відаў транспарту — мэтро, трамвая. Толькі транспартныя разьвязкі вымагалі шалёных грошай і „Менскграда“ не змагло выканаць праектнае заданьне — разьлічыць эканамічную рэнтабэльнасьць вялікага комплексу, разьмясьціць яго на той маленькай пляцоўцы, якую мы ім пакінулі», — патлумачыў Вадзім Гліньнік.

Да таго ж гэта чыстае поле, дзе няма інжынэрных камунікацый, электрычнасьці, падводу вады, газу.

Галоўны архітэктар «Менскграда» Аляксандар Акенцьеў неахвотна ўспамінае той праект. На яго думку, там вельмі абмежаваная пляцоўка для будаўніцтва, калі выконваць усе рэглямэнты ахоўнай зоны.

«Там малавата тэрыторыі, мы казалі, што калі будуеш сёньня, трэба мець запас на пэрспэктыву на заўтра. Буйныя нацыянальныя выставачныя цэнтры маюць тэрыторыі і па 100 гектараў. У нас экспартна арыентаваная дзяржава, і трэба было „на выраст“ будаваць. Мы прапаноўвалі штосьці пабудаваць сёньня — па сродках, па магчымасьцях, але ў іншым месцы, станем багацейшыя — яшчэ дабудуем», — выказаў думку Аляксандар Акенцьеў.

Пасьля зацьвярджэньня Генэральнага пляну Менску ў 2016 годзе тэрыторыя вакол Курапатаў адышла Менскаму раёну, і «Менскграда» наўрад будзе ўдзельнічаць у цяперашнім праекце, спадзяецца Аляксандар Акенцьеў.

Якія яшчэ пляцоўкі разглядаліся пад экспацэнтар?

Першы віцэ-прэм’ер Аляксандар Турчын на нарадзе ў Аляксандра Лукашэнкі 14 траўня сказаў, што пытаньне аб будаўніцтве Нацыянальнага выставачнага цэнтру абмяркоўваецца ўжо больш за 10 гадоў. Былі розныя прапановы, разглядаліся іншыя пляцоўкі і крыніцы фінансаваньня.

Адна з пляцовак — у раёне Малінаўкі, на скрыжаваньні МКАД і Берасьцейскай шашы, але там давялося б зносіць жылыя дамы, што выклікала б незадаволенасьць мясцовых жыхароў.

Праўда, галоўны архітэктар «Менскграда» Аляксандар Акенцьеў кажа, што некалькі гадоў таму прыяжджалі патэнцыйныя інвэстары і раскрытыкавалі той выбар.

«Тую пляцоўку забракавалі немцы, сказалі, што гэта дрэннае месца, бо на гарызонце відаць градзірні ТЭЦ-4. Індустрыяльны пэйзаж з комінамі — гэта нядобра для міжнароднага выставачнага цэнтру.

Нацыянальны выставачны цэнтар павінен быць «дыямэнтам у прыгожай дарагой аправе», — выказаў думку галоўны архітэктар «Менскграда».

Былі прапановы пабудаваць МВЦ і ў раёне былога аэрапорту «Менск-1», дзе зараз будуецца вялікі комплекс «Менск-Мір».

Аднак, як заявіў Аляксандар Лукашэнка, «у якасьці аптымальнай пляцоўкі» была вызначана менавіта тэрыторыя каля гандлёва-забаўляльнага цэнтру «Экспабел».

Што хоча Лукашэнка пабудаваць у Курапатах цяпер?

​Што да новага Нацыянальнага выставачнага цэнтру, Аляксандар Лукашэнка агучыў прынцыповае патрабаваньне: гэты абʼект павінен быць функцыянальным, але яго варта пабудаваць бязь лішніх расходаў сродкаў.

«Цэнтар не павінен быць палацавым. Гэта павінен быць функцыянальны цэнтар з усімі будынкамі і памяшканьнямі для правядзеньня такіх мерапрыемстваў. Каб гэты цэнтар быў танным, ня трэба нічога мудрыць. Ён, вядома, павінен быць вонкава прыгожым, але гэта не значыць, што мы павінны плаціць шалёныя грошы. Таму трэба зрабіць проста і прыгожа, дыхтоўна, якасна. Лішніх трат быць не павінна», — паведамляе прэс-служба кіраўніка краіны.

На думку архітэктара Вадзіма Гліньніка, танна пабудаваць МВЦ у Курапатах не атрымаецца — менавіта з прычыны транспартных разьвязак, інжынэрных камунікацый ды іншых складанасьцяў.

«Калі ў 2014 годзе зрабілі толькі транспартныя і інжынэрныя разьлікі, ведамствы, якім было даручана ўсё пралічыць, канчаткова адмовіліся ад гэтай пляцоўкі.

Пра недарагую, танную пабудову, пра якую казаў Лукашэнка, размовы і быць ня можа», — перакананы Вадзім Гліньнік.

Галоўны архітэктар Менскай вобласьці абяцае, што праект не зачэпіць ахоўнай зоны

Праектаваць Міжнародны выставачны цэнтар даручана камітэту архітэктуры і будаўніцтве Менскага аблвыканкаму, паколькі гэта не сталічная тэрыторыя, а тэрыторыя Менскага раёну.

Як сказаў Свабодзе галоўны архітэктар Менскай вобласьці Вадзім Нікалаенка, пакуль ніякага канкрэтнага пляну няма, ёсьць толькі даручэньне. Няма яшчэ і афіцыйнага замоўніка.

Вадзім Нікалаенка запэўніў Свабоду, што архітэктары будуць праектаваць аб’ект з улікам ахоўнай зоны мэмарыялу Курапаты. Да таго ж, адзначыў Нікалаенка, гаворка ідзе не пра маштабны аб’ект, які разглядаўся ў 2014 годзе, а пра невялікую пабудову бліжэй да «Бігсу».

«Ведаем мы і пра ахоўную зону, і пра „Дарогу сьмерці“. Будзем праектаваць з улікам усіх абмежаваньняў, якія ёсьць, з выкананьнем рэглямэнту, ашчадна. Паверце, ніхто не зьбіраецца падбірацца да Курапатаў. Ёсьць ахоўная зона, не ідзе гаворка, што мы туды палезем», — заявіў Свабодзе Вадзім Нікалаенка.

Пакуль невядома, зь якіх крыніцаў будзе ажыцьцяўляцца фінансаваньне — зь дзяржаўнага бюджэту ці будуць шукаць інвэстараў.


Што прапануе пабудаваць каля Курапатаў грамадзкасьць?


На думку абаронцаў Курапатаў, на месцы, прапанаваным пад будаўніцтва міжнароднага выставачнага цэнтру, можа быць толькі музэй — працяг мэмарыялу.

Два гады таму быў абвешчаны конкурс «Курапаты — народны мэмарыял», на які паступіла некалькі цікавых архітэктурна-ляндшафтных праектаў мэмарыялу: польскіх архітэктараў Юліі Сабалеўскай і Рафала Ёзьвяка, беларускіх архітэктараў Вадзіма Гліньніка, Рамана Забелы і Дарʼі Мандзік.

Палякі прапанавалі ўзьвесьці Цэнтар беларускай нацыянальнай памяці — на падземным паверсе разьмесьціцца музэй, на другім, наземным паверсе — капліца, на трэцім паверсе будзе аглядная пляцоўка.

Праект Вадзіма Гліньніка, Рамана Забелы і Дарʼі Мандзік абʼяднаў усе найлепшыя напрацоўкі беларускіх архітэктараў і скульптараў. Прапанавалі ўзьвесьці Цэнтар народнай памяці з экумэнічнай капліцай, «Сьцяну жалю і плачу». Аўтары прапаноўвалі задзейнічаць нават жытняе поле, памежныя крыжы, камяні, пахаваньні ахвяраў палітычных рэпрэсіяў.

Але пакуль усё застаецца толькі прапановамі.

Чаго асьцерагаецца грамадзкасьць?

Археоляг Мікола Крывальцэвіч выказаў асьцярогу, што пры праектаваньні МВЦ будзе парушаная ахоўная зона мэмарыялу, за якую столькі змагаліся:

«Поле, дзе плянуецца будаваць экспацэнтар, вельмі важнае ў сыстэме далейшага існаваньня Курапатаў. Я ўжо не кажу пра парушэньне законаў, пастановаў пра ахоўныя зоны, якія пастаянна мяняюцца, каб некаму дагадзіць.
Абавязкова трэба ахоўваць поле, асабліва дзе праходзіць „Дарога сьмерці“. Паміж прасторай вакол „Дарогі сьмерці“ і полем, якое цягнецца на ўсход ад Курапацкага лесу, павінна быць створана музэйная прастора, зьвязаная з Курапатамі, з дасьледаваньнем палітычных рэпрэсій у Беларусі».

Архітэктар Вадзім Гліньнік выказаўся ляканічна:

«Нашы зоны аховы — гэта нарматыўна-прававы акт, які можна лёгка адмяніць указам. Таму што будзе зараз, я ня ведаю».

Былы начальнік упраўленьня па ахове гісторыка-культурнай спадчыны Мінкульту, распрацоўшчык ахоўных зонаў Курапатаў Ігар Чарняўскі таксама асьцерагаецца, што нават пры наяўнасьці праекту зоны аховы яго пачнуць ламаць.

«Тады нам удавалася пераконваць, што ёсьць гістарычныя элемэнты, празь якія пераступіць нельга. Тады, у 2014 годзе, Курапаты ўдалося адстаяць, адмовіцца ад будаўніцтва МВЦ. Улады пагадзіліся, што тая забудова вельмі блізка падыходзіць да „Дарогі сьмерці“, да народнага мэмарыялу.

А што будзе цяпер, невядома. Мараль законам не рэгулюецца», — сказаў Ігар Чарняўскі.

«Што рабіць? Біць трывогу, бо гэта правакацыйнае рашэньне»

​Трэба біць трывогу, гучна казаць пра сваю нязгоду, перакананы археоляг Мікола Крывальцэвіч.

«Такое ўражаньне, што робяць насуперак. Гэта новы, вельмі страшны ўсплёск процістаяньня. Зноў нагода нават не для непаразуменьняў, а для канфліктаў з людзьмі.

На мой погляд, гэта правакацыйнае рашэньне, якое ідзе насуперак грамадзкай думцы. Безумоўна, гэта не ўзгадняецца зь людзьмі, якіх турбуе лёс Курапатаў. Так нельга рабіць», — перакананы Крывальцэвіч.

11:18 16/05/2019


Загрузка...
Загрузка...