АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

«Зьяжджай з гэтага гораду». На Горадзеншчыне памежнік скончыў жыцьцё самагубствам

Памежнік кантрактнай службы Мікалай Гудзіма засіліўся ў ноч на 12 траўня. Ён служыў кіроўцам у Смаргонскай памежнай групе.

Першым пра гэта паведаміў у сваім тэлеграм-канале блогер Nexta. Пазьней здарэньне пацьвердзіў Памежны камітэт.

Прапаршчыку Мікалаю Гудзіму было 33 гады. У яго засталіся жонка, двое дзяцей, бацькі.

Як расказаў стрыечны брат нябожчыка Юры, 11 траўня Мікалай быў на дні народзінаў сваёй хрэсьніцы ў Смаргонях. Пасьля сьвята яны паехалі начаваць у бацькоўскі дом у Солах Смаргонскага раёну. Раніцай цела мужчыны ў гаспадарчай прыбудове знайшоў бацька.

Аб прычынах сьмерці сваяк не бярэцца казаць і ня ведае, ці яна неяк зьвязаная са службай.

Вядома, што перад сьмерцю Гудзіма пакінуў запіску.
 «Люблю жонку, дзяцей. Гэта нейкія сурокі. Воля [жонка загінулага. — РС], прадавай кватэру і зьяжджай з гэтага гораду. Мама, тата, дзякуй за ўсё», — па памяці пераказвае апошнія словы нябожчыка Юры.

Юры кажа, што і бацька Мікалая казаў, нібыта яму падкідвалі лялек, якія наводзяць чары.

Сям’я Гудзімаў, па словах брата, была добрай, заможнай, Мікалай алькаголем ня злоўжываў. Яны нядаўна набылі кватэру ў Смаргонях. Жонка таксама служыць у Смаргонскай памежнай групе.

Пахаваньне адбудзецца 14 траўня ў вёсцы Солы Смаргонскага раёну.

Афіцыйны прадстаўнік Дзяржаўнага памежнага камітэта Антон Бычкоўскі пацьвердзіў Радыё Свабода, што сапраўды 12 траўня ў 6.30 раніцы па месцы жыхарства бацькоў знойдзена цела вайскоўца-кантрактніка Мікалая Гудзімы.

«Прапаршчык Мікалай Гудзіма па службе характарызуецца станоўча. Паводле папярэдняй інфармацыі, гэта суіцыд, не зьвязаны са службовай дзейнасьцю прапаршчыка. Працуе сьледчая апэратыўная група, якая высьвятляе прычыны і абставіны трагедыі. Іншых падрабязнасьцяў пакуль паведаміць ня можам. Дзяржаўны памежны камітэт выказвае свае спачуваньні сям’і і аказвае дапамогу», — паведаміў палкоўнік Антон Бычкоўскі.

Пакуль сьцьвярджаецца, што суіцыд не зьвязаны са службовай дзейнасьцю.

У 2017 годзе ў Смаргонях застрэліўся малады афіцэр-памежнік.
svaboda.org
21:00 14/05/2019


Загрузка...
Загрузка...