АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Перапiс - 2019 Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Вярхоўны суд разглядае апеляцыю "смяротніка"

14 траўня Вярхоўны Суд разглядае апеляцыйную скаргу бабруйчаніна Аляксандра Асіповіча. Суд Магілёўскай вобласці ў студзені 2019 года прысудзіў мужчыну да вышэйшай меры пакарання за забойства дзвюх дзяўчат — 26-гадовай Крысціны і 27-гадовай Алесі.

Вярхоўны суд разглядае апеляцыю "смяротніка"
У зале прысутнічаюць сваякі Аляксандра — сястра з мужам і маці. Сястра пераглядаецца з братам, які сядзіць у шкляной клетцы і часам, усміхаючыся, глядзіць у бок сям'і, піша euroradio.fm

На апеляцыю прыйшла і маці загінулай Алесі. У сённяшнім пасяджэнні разглядаецца скарга не толькі Аляксандра Асіповіча, але і яе скарга.

Абвінавачаны заявіў у судзе некалькі хадайніцтваў, у тым ліку аб пераносе разгляду апеляцыі, аб перакваліфікацыі справы, аб правядзенні паўторнай судовай псіхолагі-псіхіятрычнай экспертызы, а таксама папрасіў прымацаваць да матэрыялаў справы некалькі дакументаў. Судовая калегія разглядае хадайніцтвы, пададзеныя абвінавачаным і яго абаронцам, у 10:40 пасяджэнне працягнецца.

Хадайніцтва хацела заявіць і маці абвінавачанага Антаніна Асіповіч (яго падпісалі суседзі і сябры Аляксандра): "Я падавала хадайніцтва на змяненне прысуду, а яго нават слухаць не сталі", — сказала жанчына. Суддзя патлумачыў, што падаваць хадайніцтва могуць толькі ўдзельнікі працэсу.

Судовая калегія разглядае хадайніцтвы, пададзеныя абвінавачаным і яго абаронцам, у паседжанні быў аб'яўлены перапынак да 10:40.

Пасля перапынку пасяджэнне працягнулася.

Суд не задаволіў хадайніцтва, заяўленае абвінавачаным і яго абаронцай. У ходзе працэсу пацярпелая маці Алесі Клімавай выказвала сваё стаўленне да прысуду доўга і вельмі эмацыйна:

"Я яго ненавідзіць буду, нават калі ён будзе там", — сказала жанчына.

Аляксандр Асіповіч амаль гадзіну зачытваў з лістоў ўсю гісторыю злапомнага вечара ад пачатку да канца; ён паказвае суду на моманты, якія не ўлічыла следства, а таксама апісвае момант сваркі і забойства.

"Ад маіх дзеянняў загінула два чалавекі. Я вельмі шкадую, раскайваюся і прашу прабачэння. Калі б я ведаў, што гэтым усё скончыцца, я б не паехаў у гэта кафэ. Я ніколі нікому не зайздросціў. У мяне ніколі не ўзнікала жадання нікога абразіць, абазваць, ударыць, напалохаць. Мяне з дзяцінства вучылі, што проста так крыўдзіць нельга. Мой бацька трагічна загінуў. у мяне ёсць малодшая сёстра, якую я выхоўваў, быў за яе ў адказе. Я маю пяць спецыяльнасцей, два дыпломы. Я хачу і магу працаваць. У месцах пазбаўлення волі я заўсёды працаваў на вытворчасці, заўсёды сачыў за сабой і сваім знешнім выглядам", — кажа Аляксандр.

"Я заўсёды рос сярод жанчын, добра ставіўся да жаночага полу", — на гэтых словах голас мужчыны пачаў дрыжаць, і ён расплакаўся.

Пасля таго як Асіповіч скончыў гаварыць, суддзя запытаў у яго, калі і пры якіх абставінах загінуў яго бацька.

"Сарваўся з даху ў 1992 годзе", — адказаў Асіповіч.

Таксама суддзя ўдакладніў, колькі ў Аляксандра сясцёр і дзе працуе яго родная сястра Лада.

Асіповіч ў чарговы раз папрасіў змяніць прысуд і перакваліфікаваць артыкул, па якім яго абвінавачваюць — з 139 ч.2 (забойства з асаблівай жорсткасцю) на 143-ы (забойства, здзейсненае пры перавышэнні межаў неабходнай абароны) КК.

Вызначэнне Вярхоўны Суд вынесе сёння ў 15:00.

Мама Аляксандра Антаніна Уладзіміраўна была на спатканні з сынам чатыры разы: адзін раз да суду і тры пасля. Сустрэчы — праз шкло, размова — у тэлефонную трубку. Кожны раз Асіповіч сядзеў у наручніках.

"Толькі праз паўгода ён стаў адыходзіць ад шоку, нешта разумець і ўспамінаць", — кажа Антаніна Асіповіч.

Сястра Аляксандра Лада Асіповіч кажа, што брат вельмі памяняўся — настолькі, што нават змяніўся погляд.

Па словах маці, у СІЗА да яго ставилися ўжо як да асуджанага: забралі грамадзянскую вопратку, таму Аляксандр хадзіў у турэмнай робе. На шпацыр яго не выводзілі, некаторы час ён правёў у карцары.

Антаніна Уладзіміраўна апускае галаву і кажа, што пасля прысуду жыццё сям'і моцна памянялася: людзі тыкаюць у іх пальцам.

На пасяджэнне жанчына прывезла фатаграфіі сына. На дзіцячых фотаздымках праглядаюцца рысы асобы мужчыны, які сядзіць у шкляной клетцы. На здымках Асіповіч з сям'ёй, дзяўчынай, сябрамі.

У ноч з 19 на 20 ліпеня 2018 года дзве дзяўчыны — Крысціна і Алеся — бавілі час у клубе "Прэстыж" у Бабруйску. Там яны пазнаёміліся з Аляксандрам Асіповічам, выпілі і вырашылі паехаць да яго дадому. Праз некалькі гадзін у міліцыі пачулася тэлефанаванне — Крысціна паспела пракрычаць, што яе забіваюць, але не змагла назваць дакладны адрас. Калі міліцыянеры знайшла кватэру, дзе здзяйснялася злачынства, абедзве дзяўчыны былі мёртвыя.

Па версіі абвінавачвання, Асіповіч жорстка забіў Крысціну і Алесю. Адной з ахвяраў мужчына нанёс 77 удараў малатком і рукамі, у другой дзяўчыны налічылі 16 ран, амаль усе — на галаве і шыі.


10:49 14/05/2019


Загрузка...
Загрузка...