АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Закон аб адтэрміноўках Выбары-2019 Змяненне Канстытуцыі Курапаты Беларусь-Расія Забойства Паўла Шарамета

Лукашэнка пра пластыкавы посуд: Труцім людзей, дык яшчэ і прыроду засмечваем

Аляксандр Лукашэнка катэгарычна супраць выкарыстання пластыкавага посуду ў сталовых, дзе будуць карміць удзельнікаў Еўрапейскіх гульняў ІІ. Пра гэта кіраўнік краіны выказаўся сёння, наведваючы Студэнцкую вёску, дзе размесцяць удзельнікаў спаборніцтваў, перадае "Еўрарадыё".

Як паведамляе прэс-служба прэзідэнта, Лукашэнку прадэманстравалі кухню і сталовую, дзе будуць харчавацца атлеты. Пабачыўшы, што іх мяркуюць карміць з пластыкавага посуду, кіраўнік дзяржавы абурыўся.

“Хопіць гэтага пластыка. Мала таго што труцім людзей, дык яшчэ і засмечваем прыроду. Наша сінявокая хутка ператворыцца ў хлам. Таму трэба заканчваць, — сказаў Лукашэнка. — У нас жа паперы — колькі хочаш, шкла — колькі хочаш, дзяваць няма куды. Трэба вырабляць. Няхай гэта будзе даражэй, але чалавек будзе разумець, што лішнія дзесяць капеек заплаціў, але здаровы будзе”.

Лукашэнка таксама адзначыў, што ў Беларусі павінны перапрацоўваць 50-60% адходаў і актыўней выкарыстоўваць другасную сыравіну. Таксама ён даручыў узяць пад кантроль пытанні раздзельнага збору адходаў і іх перапрацоўкі.

“Другсыравіна і адходы — гэта сур’ёзнае пытанне. Крый божа, захлынемся, як у Расіі. Расія вялізная, а адкіды вывозіць няма куды, бо людзі ўжо не хочуць дыхаць брыдотай”, — сказаў кіраўнік краіны.

10:33 12/05/2019


Загрузка...
Загрузка...