АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Забруджаная нафта Харчовыя войны Курапаты Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

«Накрые ўсё Берасце». Акумулятарны завод больш небяспечны, як некаторым падаецца

Больш за год у Берасці не спыняюцца маштабныя пратэсты супраць акумулятарнага заводу. Ужо сабралі прыблізна 40 тысяч подпісаў супраць новага прадпрыемства. Штотыдзень сотні людзей, нягледзячы на затрыманні і штрафы, выходзяць мірна пратэставаць у цэнтр Берасця. Што рухае гэтымі людзьмі: банальныя стэрэатыпы ці бітва за экалагічную будучыню кожнага з нас?

«Накрые ўсё Берасце». Акумулятарны завод больш небяспечны, як некаторым падаецца
Праціўнікі акумулятарнага заводу адзначаюць: калі б усё было па законе, то пратэсты даўно б спыніліся. З другога боку, улады кажуць, што пратэсты праплачаныя і палітычныя ды ў іх бяруць удзел людзі, якія нават не жывуць побач з заводам, паведамляе "Белсат".

Сапраўды, новы акумулятарны завод не месціцца наўпрост у Берасці, да яго трэба трохі праехаць па шашы М1 у бок Менску. Найбліжэйшы ад прадпрыемства раён абласнога цэнтру – Сцімава. Напрасткі ад заводу да Сцімава – прыблізна 3,5 кіламетры. На яшчэ бліжэйшай тэрыторыі ёсць вёскі і лецішчы.

Адзін з пратэстоўцаў, Дзям’ян Лепісевіч, жыве за паўтара кіламетра ад заводу. Родам сваёй дзейнасці ён звязаны са сфераю будаўніцтва. Мужчына пачаў вывучаць дакументы, якія былі ў адкрытым доступе, і вельмі спужаўся, што амаль каля ягонай хаты будзе стаяць небяспечны завод.

«Я ведаю, што такое акумулятары, я ведаю, якую гэта нясе небяспеку і ў чым небяспека работы з акумулятарамі. Свінец, аксід свінцу, серная кіслата – тут нават казаць няма пра што», – кажа спадар Дзям’ян.

Занепакоеныя не толькі жыхары найбліжэйшых паселішчаў, але і тыя, хто жыве, на першы погляд, дастаткова далёка ад заводу, напрыклад, у Берасці.

«Накрые ўсё Берасце. Зона распаўсюду будзе прыблізна 30 кіламетраў навокал. Гэта і ў выніку працы, і ў выніку, не дай божа, якога здарэння», – запэўнівае праваабаронца Раман Кісляк.

Яшчэ адзін праціўнік заводу АКБ – Улад Абрамовіч. З адукацыі ён доктар і таксама вельмі занепакоены магчымымі наступствамі ад такога небяспечнага суседства.

«Падступнасць гэтага заводу ў тым, што свінец не мае ані смаку, ані паху, гэта акумулятыўная атрута, якая будзе назапашвацца паступова і няўхільна. Гэта вельмі ўніверсальная атрута, якая будзе атручваць усе нашыя ферменты, то бок будзе ўздзейнічаць на ўсе сістэмы ў арганізме. Гэта будзе адбывацца вельмі незаўважна і вельмі паступова. Самая вялікая бяда ў тым, што, калі людзі выявяць у сябе прыкметы атручэння, штосьці рабіць будзе позна», – засцерагае Улад Абрамовіч.

Зрабіць цішком, каб ніхто не заўважыў

За сітуацыю з акумулятарным заводам узяліся і юрысты. Праваабаронцы кансультавалі ўдзельнікаў пратэсту і дапамагалі ў развязанні юрыдычных пытанняў. Прадстаўнік грамадскага аб’яднання «Экадом» з Кобрына Сяргей Магонаў таксама быў сярод тых, хто дапамагаў грамадзянам адстойваць свае правы.

«Было парушанае права грамадскасці на ўдзел у прыняцці экалагічна значных рашэнняў, і таму мы ўцягнуліся ў гэтую сітуацыю ды супрацоўнічаем з мясцоваю грамадскасцю. Калі завод спраектаваць згодна з існымі нормамі, калі гэты праект зрэалізаваць згодна з існымі нормамі, то вялікай небяспекі ён уяўляць не будзе. Але, як вы ведаеце, у нас усё праектуецца з мінімальнымі коштамі, а потым гэтага праекту вельмі рэдка датрымліваюцца пры рэалізацыі», – кажа Сяргей Магонаў.

«Калі мы пачалі задаваць пытанні Берасцейскаму акумулятарнаму заводу, якія будуць ачышчальныя збудаванні, якія будуць тэхналогіі для ўтылізацыі адкідаў, то пачалі маніпуляваць і гуляць інфармацыяй», – распавядае Наталля Блышчык з Цэнтру экалагічных рашэнняў.

Наталля кажа, што ніякай цямнай інфармацыі пра ўтылізацыю адкідаў знайсці нідзе не ўдалося. А тое, што было ў агульным доступе, не было прапрацаванае. Пасля шэрагу пытанняў і намаганняў выцягнуць з прадстаўнікоў заводу інфармацыю, стала вядома: штогод будзе ўтварацца больш за тысячу тон адкідаў, якія ўтрымліваюць свінец, а што з імі будуць рабіць, дасюль невядома.

«Такія фільтры сапраўды існуюць, але пытанне ў эксплуатацыі. Кожны фільтр мае перыядычнасць замены фільтраў, і вось на гэтым часцей за ўсё сыплюцца прадпрыемствы. Калі пыл не паляціць у трубу, ён будзе затрымлівацца на фільтрах. Калі фільтры мяняюцца, то што пасля з гэтымі фільтрамі?» – пытае Наталля Блышчык.

Са словаў пратэстоўцы Дзям’яна Лепісевіча, калі з’явілася інфармацыя пра гэтыя фільтры, яны пачалі спраўджваць, што там і да чаго. На сайце вытворцы было напісана, што фільтр не ачышчае аэразольных адкідаў, а пасля ачысткі на выхадзе паветра будзе ўтрымліваць 2 мг/м3 забруджванняў. Але ж завод і без фільтраў абяцаў, што будзе роўна такая ж колькасць забруджванняў.

«Мы пачалі задаваць пытанні: хлопцы, а як так, што да фільтраў і пасля фільтраў атрымліваюцца аднолькавыя звесткі? Як толькі мы гэта агучылі, літаральна на наступны дзень на сайце вытворцы знікла інфармацыя пра тое, што фільтр не чысціць паветра ад аэразоляў, а колькасць забруджванняў з 2 мг змянілася на 1 мг», – адзначае спадар Дзям’ян.

«Першае, што мы зробім пры пашырэнні вытворчасці, – развяжам экалагічныя праблемы. Я ўпэўнены, што больш за тры, я не ўпэўнены, адкуль увогуле тры бярэцца, больш за тры кілаграмы дакладна ў паветра трапляць не будзе», – запэўніў Лемяшэўскі.

Не вельмі пераканана, але таксама намагаўся тлумачыць, што свінец цяжкі і, вылятаючы з трубы, будзе падаць у тую ж самую трубу. У скрайнім выпадку – на тэрыторыю заводу.

«Я магу сказаць адно: ён [Лемяшэўскі] сказаў бязглуздзіцу. З трубы вылятаюць не шарыкі, а мікрачасціцы ды рассейваюцца, а не падаюць назад у трубу», – пракаментавала экалагічную сенсацыю ад Віктара Лемяшэўскага прамысловы эколаг Ксенія Снапко.

21:18 10/05/2019


Загрузка...
Загрузка...