АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Харчовыя войны Курапаты Выбары прэзідэнта Украіны Беларусь-Расія Выбары-2019 Забойства Паўла Шарамета

Міліцыянтаў, якія застрэлілі сабаку на вачах у дзяцей, хочуць выгарадзіць?

Справу аб жорсткім адстрэле сабакі ў паселішчы Гатава на пачатку сакавіка перадалі ў РУУС Менскага раёну.


Пра гэта belsat.eu паведаміла зоаабаронца Людміла Міхневіч, якая пасля інцыдэнту ініцыявала збор подпісаў пад калектыўным зваротам у пракуратуру і Следчы камітэт.

«Вельмі прыкра, што цяпер гэтую справу не разглядаюць ні як крымінальнае злачынства, ні як адміністратыўнае. Пакуль нашую заяву разглядаюць у межах Закону аб звароце грамадзянаў. Мяне запрасілі даць тлумачэнне, але ў мяне склалася ўражанне, што відэа яны нават не праглядалі. Шкада, што спрацоўвае прынцып сваіх у бядзе не кідаем».

Паводле Людмілы, міліцыянты парушылі некалькі нормаў заканадаўства, напрыклад, Закон аб зброі, учыніўшы страляніну ў грамадскім месцы на вачах у няпоўнагадовых, жорстка абышоўшыся з жывёлінаю.

«Не зразумела, ці сабака быў у шоку ад болю і яго ледзь жывога кінулі ў мех. І чамусьці пры наяўнасці ўсіх гэтых аргументаў тут не бачаць прыкметаў складу злачынства. У органах мяркуюць, што ўсе без выключэння бяздомныя сабакі шалёныя, і гэта абавязкова патэнцыйная пагроза».

Жанчына прыйшла як заяўніца злачынства, але падчас дачы тлумачэнняў перажывала, каб раптам агучаныя словы не абярнуліся супраць яе і не пераўтварыліся ў адміністратыўны штраф за пагрозы, паклёп ці абразу.

«Калі казаць не толькі пра сабаку, то яны стралялі ў беспасярэдняй блізкасці ад бензабакаў аўтамабіляў, а ў доме – газавае абсталяванне. А калі рыкашэтам трапіла б у дзіця, што б тады?»

Зварот будуць разглядаць месяц. Людміла кажа, што будзе чакаць вынікаў правярання.

«Калі цяпер гэта пройдзе бясследна, іншым разам зброю выкарыстаюць, і невядома, чым можа ўсё скончыцца. Паглядзім, у якой краіне мы жывём – сучаснай прававой ці ў першабытным грамадстве».

Здарэнне мела месца ў жылым двары аграгарадку Гатава 1 сакавіка. На вуліцы Металургічнай з’явіўся сабака – з ашыйнікам і неагрэсіўнага выгляду. Аднак старшыня жыллёвага кааператыву пастанавіла, што ён бадзяжны ды хворы на шаленства, і выклікала міліцыю. Праваахоўнікі застрэлілі жывёліну на вачах у дзяцей і мясцовых жыхароў.

12:58 12/04/2019


Загрузка...
Загрузка...