АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ: Раскол праваслаўя Праграма ураду Атака на СМІ Мінздраў: карупцыя Курапаты Справа Федынiча Забойства Паўла Шарамета

Кілер апрануўся бамжом: міліцыя расказала, як у Віцебску забівалі бухгалтара крымінальнага аўтарытэта і яго сына

У міліцэйскім выданні «На страже» апублікавалі аповед намесніка начальніка крымінальнай міліцыі Віцебскай вобласці.

Кілер апрануўся бамжом: міліцыя расказала, як у Віцебску забівалі бухгалтара крымінальнага аўтарытэта і яго сына
Палкоўнік Валеры Трафімаў узгадаў падрабязнасці рэзананснага забойства бухгалтара беларускага крымінальнага свету і распавёў, як знайшлі і затрымалі кілераў.

 «Навум» і Зільберман
Імя забітага не называецца, але зразумела, што гаворка ідзе пра Алега Зільбермана — віцебскага прадпрымальніка, які ў апошнія гады жыцця зарабляў неблагія грошы ў Расіі. Але ж вядомасць Зільберман набыў не як таленавіты бізнэсмен, а як утрымальнік беларускага зладзейскага «абшчака» і правая рука злодзея ў законе «Навума».
Злодзей у законе «Навум»

Пётр Навуменка, ён жа «Навум», лічыўся адным з першых беларускіх злодзеяў у законе. Каранавалі яго ў 1992 годзе. Кажуць, «Навум» быў класічным злодзеем у законе: жыў аскетычна, едзіў на звычайных «Жыгулях». Навуменка збіраў грошы з бізнэсменаў па ўсёй Беларусі, а пасля фінансы траплялі да Алега Зільбермана. Сярод абавязкаў Зільбермана было і захоўванне і перадача грошай на патрэбы зняволеных — той самы абшчак.

Дакладнай інфармацыі няма. Але шматлікія рэсурсы, прысвечаныя крымінальнаму жыццю постсавецкай прасторы, сцвярджаюць, што Зільберман быў кансультантам па фінансавых пытаннях і асабістым бухгалтарам «Навума». Нібыта дзякуючы здольнасцям Зільбермана абшчак налічваў да 10 мільёнаў даляраў.

У 1994 годзе «Навума» затрымалі, праз год ён памёр у СІЗА. А Зільберман заняўся бізнэсам.

«Доўгі час ён знаходзіўся пад нашай пільнай увагай, але неабвержных доказаў яго незаконнай дзейнасці не было, і траплення за краты ён пазбегнуў. Пасля смерці свайго «шэфа» адышоў ад спраў і арганізаваў уласны квітнеючы бізнэс па вырабе дарагіх дзвярэй і шклопакетаў з дрэва. У нейкі момант беларускага рынку яму стала мала, і ў далёкім расійскім горадзе Белаярскі Ханты-Мансійскай аўтаномнай акругі быў адкрыты філіял фірмы, які паступова стаў адным з асноўных гульцоў у сферы будаўніцтва гэтага населенага пункта. Бізнэсмен пераехаў у Расію і толькі час ад часу наведваўся ў Віцебск, дзе ў яго заставалася жыллё», — узгадвае палкоўнік Трафімаў.

Бомж з пісталетам
Але ўзімку 2002 года Алег Зільберман прыехаў у Віцебск у апошні раз. Раніцай 8 лютага яго сустрэў на леснічнай пляцоўцы кілер, пераапрануты ў бамжа. Мужчына застрэліў прадпрымальніка з пісталета, зайшоў у суседні пад’езд, дзе пазбавіўся бруднай вопраткі і зброі, пасля спакойна сышоў.

Адной з асноўных стала версія аб заказным забойстве, меркаваным матывам — камерцыйная дзейнасць ахвяры. Праясніць сітуацыю з бізнэсам прадпрымальніка дапамаглі расійскія калегі. Яны ж паведамілі, што незадоўга да забойства ў акно яго кватэры ў Белаярскім нехта кінуў гранату. «Лімонка» выбухнула, але абышлося без пацярпелых. Таксама высветлілася, што ў мужчыны адбыўся канфлікт з раней неаднаразова судзімым мясцовым жыхаром: той не раз настойліва прапаноўваў падзяліцца даходамі ад прыбытковага бізнэсу, але нязменна атрымліваў адмову. Пагрозы бізнэсмен таксама ігнараваў: сваё заступніцтва яму нібыта паабяцаў прыяцель — прадстаўнік маскоўскага крыміналітэту.

Між тым згаданы жыхар Белаярскага даўно знаходзіўся ў поле зроку расійскіх аператыўнікаў: раней у яго канфіскавалі буйную партыю зброі, уключаючы аўтаматы і гранатамёты. Гэта давала падставу казаць аб магчымым дачыненні мужчыны да забойства. Ускладняла сітуацыю тое, што ён знаходзіўся за шмат сотняў кіламетраў ад Беларусі, прычым амаль увесь час быў у раз'ездах, меў расійскі пашпарт.

Праца па справе працягвалася, але значных вынікаў да пары да часу не было.

Забілі і бацьку, і сына
Праз год, снежаньскім вечарам 2003-га, у Віцебску недалёка ад ўезду на аўтастаянку двое невядомых ва ўпор расстралялі сына забітага бізнэсоўца, які атрымаў у спадчыну і даволі паспяхова вёў бізнэс бацькі. Аператыўнікі хутка знайшлі сведак, тыя не чулі стрэлаў, але бачылі двух ўцекачоў-хлопцаў. У тым кірунку і пачалі пошук, а неўзабаве знайшлі пісталет і пальчатку.

«Вывучыўшы доказы, прыйшлі да высновы, што абодва забойствы — справа рук адных і тых жа людзей, таму матэрыялы аб'ядналі, — адзначае палкоўнік міліцыі. — Высветлілі, што патрабаванні падзяліцца даходамі прад'яўляліся і забітаму маладому чалавеку, прычым з боку таго самага крымінальніка з Белаярскага, які тэрарызаваў яго бацьку. Хлопец не пабаяўся адмовіць, не пайшоў ні на якія саступкі, за што жорстка паплаціўся».

У кіраванні бізнэсам і бацьку, і сыну дапамагаў блізкі сябар сям'і. Ён стаў наступным у спісе забітых. Чацвёртым павінен быў стаць яго калега — галоўны інжынер прадпрыемства. Кілеры падпільнавалі іх у красавіку 2004 года ў кватэры ў Белаярскім. Інжынеру пашанцавала: калі пачалася стральба, смяротна паранены прыяцель паспеў упіхнуць яго назад у кватэру.

«Працуючы па гэтай справе, разам са следчым абласной пракуратуры двойчы выязджалі ў камандзіроўку ў Белаярскі, — тлумачыць Валерый Віктаравіч. — Мы на свае вочы бачылі аб'ём будаўніцтва і аб'екты, якія ўзводзіла камерцыйная структура. Стала зразумела, што грашовы абарот кампаніі быў значным».

Як знайшлі забойцаў
Неўзабаве па падазрэнні ў здзяйсненні апошняга забойства расійскія аператыўнікі затрымалі жыхара Керчы, які прыляцеў у Белаярскі літаральна напярэдадні забойства. Высветлілі асобы двух мужчын, якія суправаджалі яго. Ад крымскіх аператыўнікаў атрымалі інфармацыю, што ўся тройца ўваходзіла ў склад адной з найбуйнейшых у рэгіёне злачыннай групоўкі, якая дзейнічала з асаблівым цынізмам і жорсткасцю. Яе члены распраўляліся са сваімі ворагамі, не пакідаючы ў жывых ніводнага з магчымых выпадковых сведак.

Міліцыянты прыйшлі да высновы, што гэта і былі забойцы.

Што тычыцца затрыманага кілера, высветлілася, што за тыдзень да забойства на яго імя быў адкрыты рахунак, тады ж туды паступіла каля дзесяці тысяч даляраў.

Прынесла вынікі і праверка гасцініц у Віцебску. Аказалася, што ў дзень здзяйснення злачынства адзін з падазраваных зняў нумар у «Віцебску», яго змоўшчыкі знялі кватэру на суткі.

У 2005-м пасля здзяйснення разбойнага нападу ў Керчы ў руках праваахоўнікаў апынуўся і другі падазраваны. На допыце затрыманы прызнаўся ў саўдзеле ў злачынствах і распавёў пра іншых выканаўцаў і заказчыкаў. Ён растлумачыў, што, вызваліўшыся з месцаў пазбаўлення волі, не мог працаўладкавацца, таму, калі знаёмы прапанаваў працу па зборы інфармацыі аб канкрэтным чалавеку, пагадзіўся. Але лёгкія задачы хутка трансфармаваліся ў іншыя, з куды больш крымінальным адценнем…

Кілераў наняў спецназавец
Прапанаваў працу былому зэку экс-спецназавец, жыхар Санкт-Пецярбурга, прыяцель белаярскага бізнэсмена. Апошні, пражываючы ў горадзе на Няве, вёў справы ў Белаярскім, але разгарнуцца ў поўнай меры яму замінала тая самая будаўнічая фірма з незгаворлівым Зільберманам.

Вырашаць гэтую праблему бізнэсмэн пачаў кардынальна: менавіта ён стаў замоўцам усіх злачынстваў у дачыненні да кіраўнікоў кампаніі Зільбермана. Падбор выканаўцаў і кантакты з імі даручыў прыяцелю-спецназаўцу.

Аператыўнікі высветлілі, што ў Віцебску кілеры набылі аўтамабіль. Падчас сачэння за ахвярамі выкарыстоўвалі непрыкметную вопратку, у якой іх можна было прыняць за валацугаў. Высветліўшы, на якой стаянцы знаходзіцца машына Вадзіма Стральцова (сына забітага Алега Зільбермана), зламыснікі зладзілі там засаду. Калі малады бізнэсмен накіраваўся да сваёй легкавушкі, забойцы падышлі практычна ўшчыльную, расстралялі яго і схаваліся. Па дарозе адзін з іх згубіў скураную пальчатку, але вяртацца па яе не стаў. Пісталет схавалі на дзіцячай пляцоўцы. Праз некалькі дзён злачынцы адправіліся ў Маскву, а затым вярнуліся ў Керч.

Затрымаць трэцяга кілера праваахоўнікам доўга не ўдавалася. Толькі ў 2006-м пасля здзяйснення чарговага злачынства на тэрыторыі Расеі ён апынуўся пад вартай, а потым і за кратамі, як і змоўшчыкі. Так у гэтай гучнай справе, якая для аператыўнікаў стала своеасаблівым адгалоскам сумна вядомых 1990-х, была пастаўлена кропка.

«Што тычыцца той самай фірмы, яна, пазбавіўшыся заснавальнікаў і кіраўнікоў, працягнула сваю дзейнасць. Больш за тое, вельмі паспяхова працуе і дагэтуль: узводзіць у Белаярскім жылыя дамы, сацыяльна значныя аб'екты, уключаючы Палац спорту і адзін з карпусоў бальніцы, — кажа Валерый Трафімаў. — З яе кіраўніком, жыхаром Віцебска, меў зносіны зусім нядаўна, і ён запэўніў, што ніякага ціску з боку канкурэнтаў ці прадстаўнікоў крыміналітэту кампанія не адчувае», піша Наша ніва.


16:34 13/08/2018


Загрузка...
Загрузка...