АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Кніга памяці Паўла Шарамета створаная ў Прэс-клубе

Усе, хто памятае Паўла і сумуе па ім, пакіньце, калі ласка, свае цёплыя словы ў Кнізе памяці.

Кніга памяці Паўла Шарамета створаная ў Прэс-клубе
Да гэтага заклікае беларускі Прэс-клуб.

Даўні сябра і партнёр Прэс-клуба загінуў ад выбуха ў машыне сёння, 20 ліпеня у Кіеве.

Павел двойчы быў у журы міжнароднага конкурса для журналістаў, якія пішуць пра нашу краіну для замежных медыя, “Беларусь у фокусе”.  Гэта не самая простая праца – трэба было прачытаць і ацаніць каля 60 артыкулаў, большасць з іх на ангельскай мове. За гэтую працу не плацілі грошаў, матыў мог быць толькі адзін – карысць для краіны. Самы строгі сябра журы - пільнаваў, каб не перамагалі артыкулы са стандартным і стэрэатыпным успрыняццем Беларусі. 
 
Прэс-клуб глыбока смуткуе з прычыны трагічнай смерці Паўла Шарамета і выказвае спачуванні родным і блізкім.
 
Мы стварылі Кнігу памяці Паўла. Запрашаем вас сёння ці ў любы іншы дзень у Прэс-клуб (вул.Веры Харужай 3-601), каб разам успомніць Паўла, пакінуць свае ўспаміны пра яго. Вы таксама можаце даслаць свае нататкі для Кнігі на адрас press-club@press-club.by з пазнакай "Шарамет". Праз месяц мы перадамо гэтую Кнігу маме Паўла.

Павел Шарамет быў заснавальнікам “Беларускага партызана”. Супрацоўнічаў з беларускім тэлебачаннем, радыё 101.2, быў галоўным рэдактарам “Белорусской деловой газеты”, уласным карэспандэнтам ОРТ у Беларусі. 

За здымкі рэпартажа пра сітуацыю на беларуска-літоўскай мяжы ў ліпені 1997 года быў арыштаваны супрацоўнікамі сілавых структур Беларусі па абвінавачванні ў незаконным перасячэнні дзяржаўнай мяжы, у атрыманні грошай ад замежных спецслужбаў і ў незаконнай журналісцкай дзейнасці. Выйшаў на волю толькі пасля асабістага ўмяшання прэзідэнта Расіі Барыса Ельцына, правёўшы ў заключэнні тры месяцы.

Апошнія гады Шарамет жыў у Кіеве - працаваў у «Украінскай праўдзе», быў вядучым на радыё «Весці». 

Павел Шарамет нарадзіўся 28 лістапада 1971 года ў Мінску. Яму было 44 гады.

16:39 20/07/2016


Загрузка...
Загрузка...