АКТУАЛЬНЫЯ ТЭМЫ:

Магілёўцы: У росце цэнаў вінаваты прэзідэнт

Чаму ў Беларусі адразу пасля выбараў так хутка пачалі расці цэны — на бензін, праезд, мяса, камунальныя паслугі? Хто павінен несці за гэта адказнасць?


На гэтыя пытанні БелаПАН адказвалі жыхары Магілёва. 

— Гэтага ж і трэба было чакаць. Урад жа штучна стрымлівае цэны. Не павышае долар. Выбары прайшлі — і ўсё.

— Я нічога не думаю, але я незадаволены гэтым. Я незадаволены гэтым з мінулага года. З вясны, калі цэны паднялі ў чатыры разы. Хто вінаваты? Кіраўнік дзяржавы. Усё ад яго залежыць.

— А хто яго ведае. Не ведаю. Наш прэзідэнт. І ягоныя чыноўнікі. Вось чыноўнікаў трэба і запытаць, чаму так дорага ўсё стала. Жах. Жыць немагчыма.

— Відаць, ім грошай больш патрэбна. А больш ад чаго? Канечне, цяжка. Так не павінна быць. Мы ж дэпутатаў выбіралі, і павінны яны нам дапамагаць.

— Мы ўсё-такі дзяржава, вакол якой варожае ўсё. Калі б Еўрасаюз быў разумны і не шкодзіў нам, то ў нас было б усё выдатна. А так нам паняволі даводзіцца боўтацца ў гэтым брудзе, у які нас загнала наша хворая апазіцыя.

— Не ведаю. Я і сам пра тое думаю. Кажуць адно, а атрымліваецца другое. Да выбараў трымаюцца, а потым пайшло. Парламент жа ў нас сядзіць і думае. У ім жа спецыялісты засядаюць.

— Я ў выбарах не ўдзельнічала. Не было там, за каго галасаваць. А цэны растуць штодня, як у казцы. Прыходзіш у краму — і адразу табе, калі ласка, сюрпрыз.

— Не ведаю, што сказаць на гэта. Я не магу сказаць, што гэта прэзідэнт вінаваты. Гэта можа быць… Хто яго ведае. Але я не скажу, што гэта прэзідэнт.

— Я нічога не ведаю. Я сядзела ў вёсцы ўвесь час. Толькі прыехала. Я і не галасавала. І ведаць не ведаю нічога. Я цёмны чалавек.

— Усё будзе даражэць. Такая сістэма ў нас, напэўна. Ніхто адказнасць не панясе. Яны ж усё паводле закону робяць. Вайны ў нас няма, і ўсё нармальна.

— Гэта ж не да мяне. Там вышэй людзі сядзяць. Я адкуль ведаю, чаго яны пачалі расці. З гэтай палітыкай не разбярэшся. Ёсць начальства на гэтую справу. І яны павінны несці адказнасць.

— Я нават не магу адказаць. Я і на выбары не хадзіла. Не знайшла такога кандыдата, за якога можна было прагаласаваць. Ну хто павінен несці адказнасць? Кіраўнікі. Яны ж вырашаюць усе пытанні. А што мы — народ.

15:36 04/10/2012


Загрузка...
Загрузка...